«Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іван Юркавіч з нагоды свайго пераезду ў Кіеў сардэчна вітае і заклікае на Вас асаблівае блаславенне Хрыста Уваскрослага», — напісана ў развітальнай паштоўцы Яго Эксцэленцыі.

Прайшло два з паловаю гады актыўнай і эфектыўнай працы арцыбіскупа Івана Юркавіча ў якасці Апостальскага нунцыя ў нашай краіне. За гэты кароткі час ён здолеў зрабіць вельмі шмат найперш у справе паяднання і дыялогу паміж хрысціянскімі канфесіямі ў Беларусі.

Дыпламат з дваццацігадовым стажам, арцыбіскуп Іван Юркавіч мае вопыт працы ў Паўднёвай Карэі, Лацінскай Амерыцы, Расіі, у Дзяржаўным сакратарыяце АБСЕ. Ён — аўтар шматлікіх публікацый і некалькіх кніг. Сярод іх — кнігі на тэму кананічнага сужэнства і структуры Каталіцкага Касцёла, а таксама лацінска-рускі слоўнік тэрмінаў і выразаў Кодэкса кананічнага права.

У адным з інтэрв’ю арцыбіскуп Іван Юркавіч сказаў: «Касцёл пакліканы працягваць дыялог са светам. Гэта адна з яго асноўных функцый. Гэты дыялог павінен быць разнастайным: перш за ўсё з іншымі веруючымі ў Хрыста. Тут, у Беларусі, у першую чаргу з Праваслаўнаю Царквою, з іншымі хрысціянскімі канфесіямі, затым з іншымі рэлігіямі, не выключаючы тых, у каго іншыя рэлігійныя перакананні; з паслядоўнікамі іншых філасофскіх напрамкаў, з усімі пакаленнямі і з усімі сацыяльнымі слаямі. Касцёл павінен заставацца элементам кансалідацыі грамадства і працягваць садзейнічаць усяму таму, ад чаго чалавек ніколі не адмовіцца, таму што гэта з’яўляецца ўмоваю яго годнага і шчаслівага жыцця, яго асноўным прызначэннем на зямлі, — захаваць сваё сэрца і розум адкрытымі Богу».

Менавіта гэтая адкрытасць і шчырасць самога арцыбіскупа Івана Юркавіча найбольш прыцягваюць да яго людзей. Яскрава засведчылі пра тое развітальныя ўрачыстасці з нагоды новага прызначэння Яго Эксцэленцыі. Яны прайшлі ў мінскай архікатэдры, у асобных парафіях на Беларусі, у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры, дзе прысутнічалі біскупы і святары каталіцкай, праваслаўнай і іншых канфесій, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, дзяржаўных і ўрадавых структур, прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі.

Шматлюдныя былі ўсе гэтыя ўрачыстасці, бо кожнаму хацелася ўдзячна пажадаць Яго Эксцэленцыі Божага благаславення ў яго далейшым апостальскім служэнні, натхнёнай і плённай працы на карысць Богу і ўсяму Каталіцкаму Касцёлу.


К. Лялько
Фота В. Царыка