Па статыстыцы ў Баранавічах жыве каля 600 дзяцей-інвалідаў, з іх 170 – з парушэннем апорна-рухальнага апарату. Гэтыя дзеці, на думку многіх спецыялістаў, у тым ліку медыкаў і педагогаў, лічацца неперспектыўнымі, а таму імі не вельмі хто хоча займацца...

У 1996 г. па ініцыятыве фізіятэрапеўта Святланы Аркадзьеўны Рытчык у Баранавічах з’явіўся медыцынскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі. Яго асноўная задача – дапамагчы дзецям з цяжкімі фізічнымі і разумовымі абмежаваннямі, тым, ад каго адмовіліся і школы, і бальніцы.

Крыху пазней Святлана Рытчык узначаліла і гарадскую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам», а з 1 кастрычніка 2003 года ў Доме Святой Тройцы адчыніліся дзверы працоўнай майстэрні «Дом надзеі», дзе вучацца працаваць маладыя інваліды. Ідэя стварэння гэтай майстэрні належыць таксама Святлане Рытчык.

Час выпрабавання

Калі Святлана Рытчык, маладая і прыгожая, у свае 27 гадоў нарадзіла цяжка хворую дачку, гэта было больш чым нечакана. Гэта быў сапраўдны шок. Маладыя здаровыя бацькі, абое дактары... Чаму? За што? Як жыць далей? Гэтыя пытанні пераследавалі з дня ў дзень. На працягу шасці доўгіх гадоў Святлана прайшла няпростыя прыступкі псіхалагічных перажыванняў – ад дэпрэсіі, нежадання жыць да прымірэння з рэальнасцю і імкнення дапамагчы іншым у такой жа бядзе. Толькі Пан Бог і яна адна ведаюць, якім цяжкім для яе быў гэты час.

Так здарылася, што ў 33 гады яна трапіла на аперацыйны стол. Перадазіроўка анастэзійных сродкаў выклікала клінічную смерць.

– Гэты стан забыць немагчыма, – расказвае Святлана. – Я бачыла яркае нябеснае святло. Яно не рэзала і не сляпіла вочы. Яно было цёплае і лагоднае. Я потым доўга на зямлі шукала нешта падобнае, але не знайшла. Я бачыла анёлаў. Да гэтага не ўяўляла, як яны выглядаюць, бо выхоўвалася ў атэістычнай сям’і. Анёлы вельмі прыгожыя, але іх твары не падобныя ні на мужчынскія, ні на жаночыя. Іх атачала беласнежнае святло, нешта накшталт німбаў. Яны мелі крылы за спінамі. Потым я пачула аднекуль словы: «Как мелочна жизнь, которой ты живёшь». І гэта была праўда, бо ў той час маё жыццё запаўнялі адчай, дэпрэсія і нежаданне жыць....

Яна хацела застацца там, па другі бок зямнога існавання. Ёй было вельмі добра і спакойна. Але ў апошнюю хвіліну Святлана ўспомніла пра дачку і закрычала, што не можа тут застацца – яна патрэбна свайму хвораму дзіцяці. І яна вярнулася. Яшчэ нейкі час жыла пад уплывам перажытага. А потым пачаўся новы перыяд яе жыцця. Першае, што зрабіла, пайшла ў царкву, паспавядалася і прыняла Святое Прычасце. Не ўсё было проста і гладка на шляху духоўнага жыцця. Цэлы год, калі спрабавала чытаць Святое Пісанне, нечы голас шаптаў: «Загарні, загарні...». Яна засынала на першай жа старонцы. Думкі ўцякалі, і ў галаве панаваў хаос. Было гэта не таму, што яна нічога не разумела, а таму што «нехта» нябачны перашкаджаў. Але яна ўпарта змагалася і за наступныя паўгода прачытала большую палову Бібліі. А за год перагарнула яе двойчы. Гэта была сапраўдная перамога. Перамога над спакусаю адкінуць Слова Божае, перамога над страхам мець яшчэ дзяцей. І хутка Бог падарыў іх сям’і сына.

Божы заклік

І вось, калі нарадзіўся здаровенькі, прыгожы хлопчык, Святлана адчула ў сэрцы Божы заклік да стварэння рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей з абмежаванымі разумовымі і фізічнымі магчымасцямі. Ён узнік на базе Беларускай супольнасці інвалідаў. А ўзначаліў цэнтр муж Святланы – Уладзімір Іванавіч, на той час галоўны педыятр горада.

Ажыццяўляць ідэю было не так проста. Не хапала ні матэрыяльных, ні інтэлектуальных сродкаў. Гарадскія чыноўнікі не спяшаліся дапамагаць. Адгукнуўся на просьбу сям’і Рытчыкаў айцец ордэна місіянераў Божага Слова Ежы Мазур, на той час пробашч касцёла Маці Божай Фацімскай. Ён знайшоў міласэрных людзей на захадзе, і яны дапамаглі нашым дактарам выехаць за мяжу на вучобу. Там яны асвоілі лепшыя міжнародныя методыкі па рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і распрацавалі шмат сваіх. Гэтыя методыкі Святлана выпрабоўвала на сваёй дачцы Наташы. Вынікі былі выдатнымі. Наташа стала на ногі, пачала размаўляць і нават іграць на піяніна, а ў 2002 г. (у 10 з паловай гадоў) на рэспубліканскім фестывалі творчасці атрымала ганаровы дыплом за пераадольванне хваробы.

Разам у радасці і ў горы

Аднойчы Святлана Рытчык задумалася над тым, каб аб’яднаць такіх вось інвалідаў у асацыяцыю. Маюць жа людзі са слабым слыхам і зрокам свае супольнасці. І вось праз некаторы час была зарэгістравана Баранавіцкая гарадская арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і малодшым інвалідам». Цяпер у ёй 75 сем’яў. Так, менавіта сем’яў, бо дапамога патрэбная не толькі хвораму дзіцяці, але і ўсёй яго сям’і. Ужо адно тое, што ты знаходзішся сярод такіх жа, як сам, вельмі дапамагае. Тым больш, калі цябе добра разумеюць і заўсёды прыйдуць на дапамогу.

– Трэба было бачыць твары бацькоў на пачатку дзейнасці нашай асацыяцыі, – гаворыць Святлана, – і цяпер. Многія з іх пазбавіліся комплексаў, пераадолелі псіхалагічны бар’ер і вырашылі нарадзіць яшчэ дзяцей. А гэта, паверце, вельмі няпроста. А колькі радасці хворым дзецям, калі яны выязджаюць на прыроду ці на экскурсію. І як добра, калі разам едуць іх бацькі.

У нас быў выпадак, калі муж пайшоў з сям’і, дзе хворае дзіця (на жаль, гэта нярэдкасць). Жонка прыйшла да нас у асацыяцыю. Паступова выйшла з дэпрэсіі, набыла ўпэўненасць у сабе. І калі муж прыехаў наведаць сына, яна прывяла яго на сустрэчу. Гэта вельмі на яго паўплывала. Ён вярнуўся ў сям’ю. Цяпер у іх нарадзілася другое дзіця.

Дом надзеі

«Што з імі здарыцца, калі нас не будзе?» – часта задаюць сабе пытанне бацькі дзяцей-інвалідаў. І сапраўды, такое дзіця не зможа жыць самастойна, бо не заўсёды здольнае нават абслужыць сябе. Баліць душа за дачку і ў Святланы Рытчык. І не толькі за яе адну. А таму яна вырашыла стварыць яшчэ і працоўную майстэрню вось для такіх дзяцей і маладых інвалідаў. Амаль два гады перапісвалася з гарадскімі ўладамі, каб далі памяшканне. Дарэмна.

І тады яна звярнулася па параду да рэктара Дома Святой Тройцы, ксяндза Яна Рэся. А ён дапамог: даў два пакоі з мэбляю. Потым з’явіліся камп’ютэры (іх атрымалі праз пасрэдніцтва аднаго з дзіцячых фондаў, куды Святлана даслала свой праект). А потым Папская місіянерская арганізацыя «Праца для дзяцей Германіі» падаравала абсталяванне для малой друкарні.

І вось з 1 кастрычніка мінулага года пад дахам Дома Святой Тройцы пачала сваё існаванне працоўная майстэрня для маладых інвалідаў «Дом надзеі». З ёй звязаны самыя лепшыя мары, імкненні і надзеі тых, хто сюды прыйшоў. Пакуль тут 9 чалавек, але з новага года памяшканне павялічылася, таму ёсць упэўненасць, што «Дом надзеі» будзе папаўняцца.

У той дзень, калі мы наведвалі «Дом надзеі», быў моцны мароз і галалёд. Максіма Гардзеева сёння тут не чакалі, бо кожны ведаў, з якой цяжкасцю даецца яму кожны крок, асабліва ў такое надвор’е. Але з невялікім спазненнем Макс з’явіўся ў майстэрні, чым шчыра парадаваў сваіх сяброў. На клапатлівае мацярынскае пытанне Святланы Аркадзьеўны, як жа ён дабраўся, хлопец, як заўсёды з усмешкай, адказаў: «Нічога, добрыя людзі дапамаглі, усяго толькі раз паваліўся».

«Дом надзеі» стаў для Максіма, як і для іншых яго наведвальнікаў, родным. Менавіта тут яны знайшлі такую неабходную для кожнага чалавека спагаду, падтрымку і любоў. Сталі адной сям’ёй, адчулі сябе патрэбнымі і здольнымі да нейкай справы.

Многія асвоілі камп’ютэр. Шыюць і вырабляюць мяккія цацкі. А вучыць іх гэтаму рамяству валанцёр Наталля Папавічэнка (яе сын хворы на ДЦП). Валянціна Папова дае ўрокі спеваў і ігры на простых музычных інструментах. Працатэрапію выкладае Вікторыя Удавічэнка. Вучацца хлопцы і дзяўчаты плесці з бісера, лепяць з салёнага цеста і гліны. Вядомы беларускі мастак Мікалай Колас таксама праводзіць тут свае заняткі. Цяжка ўявіць «Дом надзеі» і без Таццяны Грынкевіч, кіраўніка інфармацыйнага цэнтра і галоўнага намесніка Святланы Аркадзьеўны. «Без іх, міласэрных і бескарыслівых людзей, я нічога б не змагла зрабіць», – гаворыць Святлана.

Не кара, а благаславенне...

«Езус адказаў: не саграшыў ні ён, ні бацька яго, але гэта дзеля таго, каб выявіліся на ім справы Божыя» (гл. Ян 9, 3).

Хворыя, калекі, нямоглыя... Яны заўсёды былі, ёсць і будуць. Гэта таксама Провід Божы. Праз іх правяраюцца нашы міласэрнасць і чысціня душы. Менавіта пра іх благаславёная Маці Тэрэза з Калькуты гаварыла: «Тое, што яны даюць нам, нашмат пераўзыходзіць дадзенае намі».

Вельмі хацелася, каб гэта зразумелі ўсе мы, бо, на жаль, існуе праблема непрыняцця інвалідаў не толькі людзьмі нерэлігійнымі, але нават веруючымі. Маладым інвалідам, напрыклад, не хапае сяброўства са здаровымі веруючымі хлопцамі і дзяўчатамі. Неяк Святлана Аркадзьеўна пачула ў адным з касцёлаў: «На жаль, наша моладзь не гатова прыняць такую моладзь...» Думаецца, тут дарэчы нагадаць словы Езуса Хрыста з Евангелля: «... тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых меншых братоў Маіх, вы зрабілі Мне» (гл. Мц 25, 40); «Вера без учынкаў мёртвая» (гл. Як 2, 26).

А ўсім тым, хто нясе крыж калецтва свайго дзіцяці, няхай хаця б крыху дапаможа прыклад мужнай маці Святланы Рытчык, якая здолела паглядзець на свой крыж як на благаславенне.

– Я ўпэўнена, – гаворыць Святлана Аркадзьеўна, што гэта дзіця паслана для выратавання маёй душы і ўсёй нашай сям’і. І я ведаю, што без хворай дачкі я б не зрабіла таго, што змагла зрабіць. Напэўна, як урач я працавала б у гэтай галіне, але ў мяне б не было такога запалу, такой аддачы і, вядома ж, разумення праблемы. А дачка для мяне не абуза і не пакаранне, як некаторыя кажуць, а Божае благаславенне. Я жыву і цешуся з таго, што яна ў мяне ёсць. Гэта анёлак, які ва ўсім дапамагае сваім пяшчотным пацалункам, сваім непаўторным «ма-ма», сваёй малітвай...

Галіна Калевіч.
Фота б. Карнэля Консака.
Баранавічы – Мінск.