Алтар – каменны або драўляны стол, на якім у сакрамэнтальных знаках хлеба і віна складаецца Найсвяцейшая Ахвяра (Эўхарыстыя). Гэта – стол Пана, да якога запрашаецца на Імшы народ Божы (АУРМ, 295). Алтар спецыяльным чынам урачыста пасвячаецца біскупам або вызначаным святаром. На святую Імшу А. засцілаецца абрусам, на ім ці каля якога змяшчаецца крыж і запальваюцца свечкі. Раней А. быў прыбудаваны да сцяны касцёла, але пасля ІІ Ватыканскага Сабору (1962–1965) А. робіцца аддзеленым ад сцяны, каб можна было зручна абыходзіць вакол яго і цэлебрацыю на ім можна было здзяйсняць, павярнуўшыся да народа (АУРМ, 299).

Божае Цела – распаўсюджаная назва ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, таму што ў чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі (Вялікі чацвер). У цэлебрацыі ўрачыстасці Б. Ц. Касцёл складае падзяку Збаўцы за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае са сваім народам. У гэты дзень або ў наступную пасля яго нядзелю адбываецца працэсія, у якой Найсвяцейшы Сакрамэнт з пашанаю нясуць па вуліцах гарадоў і вёсак.

Гостыя (лац. hostia – ахвяра) – белы пшанічны, звычайна круглай формы, хлеб, які выпякаецца без закваскі. Разам з віном гостыя складаецца ў Святой Імшы як ахвярны дар і праз вымаўленне святаром словаў кансэкрацыі (асвячэння) становіцца Целам Езуса Хрыста (Св. Камуніяй). Маленькія гостыі называюць таксама аблаткамі (ад лац. oblatio – ахвярны дар).

Імша (ад лац. Missa) – літургічная цэлебрацыя сакрамэнту Эўхарыстыі, які здзяйсняецца згодна з наказам Езуса Хрыста і з’яўляецца падзякай, а таксама ўрачыстым успамінам Яго мукі, смерці і ўваскрасення (Лк 22, 19). Эўхарыстыя была ўстаноўлена самім Хрыстом падчас Апошняй Вячэры. У І. Касцёл здзяйсняе тое, што ўчыніў Езус, аддаўшы сябе ў ахвяру за збаўленне свету. Абрады Св. Імшы пачалі складацца ў апостальскія часы (І ст. н. э.). Агульны парадак І., які на працягу стагоддзяў застаецца нязменным, складаецца з наступных частак: уступныя абрады, літургія слова, эўхарыстычная літургія або літургія Цела, абрад заканчэння. Калісьці Св. Імша цэлебравалася выключна на лаціне, але ІІ Ватыканскі Сабор дазволіў праводзіць яе на нацыянальных мовах.

Камунія (лац. communio – еднасць, супольнасць, удзел). 1. Адна з назваў сакрамэнту Эўхарыстыі. 2. Прыняцце Цела Хрыста падчас Св. Імшы або падчас намашчэння хворых у форме Віятыку (гл. Ave Maria, № 2-3, 2004), якое асаблівым чынам яднае вернікаў са Збаўцам (гл. Ян 6, 25-59). Можа адбывацца ці толькі ў постаці хлеба, ці ў дзвюх постацях – хлеба і віна.

Літургія (ад грэцк. leitos – грамадскі, супольны і ergon – справа, праца) – кожнае набажэнства, якое здзяйсняецца ў Касцёле і ад імя Касцёла (Св. Імша, літургія Божага слова, Пакаяннае набажэнства, Літургія гадзінаў і г. д.) Для кожнай Л. прызначаюцца спецыяльныя тэксты, малітвы, літургічнае адзенне святара і спевы.

Манстранцыя (ад лац. monstro, -are – паказваць) – літургічны прадмет, звычайна з высакароднага металу, прыгожа аздоблены, у сярэдзіне якога, за шклом, падчас набажэнстваў і працэсій змяшчаецца Гостыя, каб яе маглі бачыць і ўшаноўваць вернікі. З’яўленне М. звязана з распаўсюджаннем эўхарыстычнага культу і адносіцца да ХІІІ ст. Звычайным месцам захавання Найсвяцейшага Сакрамэнту з’яўляецца табэрнакулюм.

Парусія (грэцк. – прысутнасць, прыйсце). У старажытнасці гэтае слова азначала афіцыйны і ўрачысты візіт высокай асобы. Хрысціяне пачалі ўкладаць у яго сэнс прыйсця Хрыста ў хвале (пар. Мц 24). Першае прыйсце Хрыста адбылося праз уцелаўленне і нараджэнне. У канцы свету Ён ізноў прыйдзе, каб судзіць свет. Тады адбудзецца ўваскрашэнне ў целе ўсіх памерлых, будуць створаныя новае неба і новая зямля, і тыя, хто на зямлі імкнуўся жыць згодна з Божымі запаведзямі, стануць удзельнікамі вечнага жыцця з Богам. Час другога прыйсця не ведае ніхто, акрамя самога Бога (Мц 24, 36; Мк 13, 32).

Пілігрымка (паломніцтва) – вандроўка да святых месцаў (санктуарыі, цудатворныя абразы і г. д.), дзе вернікі атрымліваюць асабліва шчодрыя ласкі ад Бога. Найбольш значныя месцы пілігрымак гэта: Святая Зямля, Рым, Люрд, Фаціма, Будслаў у Беларусі. Пілігрымка, як і працэсія, сімвалізуе Касцёл, які пілігрымуе на зямлі ад клопатаў свету да Бога і Яго Валадарства.

Працэсія (ад лац. processio – рух наперад) – урачыстае рэлігійнае шэсце, якое звычайна суправаджаецца спевам. Традыцыйна працэсіі адбываюцца ў Пальмовую нядзелю (з вербамі), на Вялікдзень (рэзурэкцыйная), на свята Ахвяравання Пана (са свечкамі), на ўрачыстасць Божага Цела (з Найсвяцейшым Сакрамэнтам) і г. д. Падчас Св. Імшы можа адбывацца працэсія на ўваход і з ахвярнымі дарамі. На чале працэсіі нясуць крыж, каб такім чынам падкрэсліць, што П. з’яўляецца вобразам жыццёвага шляху хрысціяніна, які праз крыж, г. зн. праз зямныя выпрабаванні, заўсёды вядзе да Хрыста як апошняй мэты.

Пяцідзесятніца – урачыстасць Спаслання Духа Святога, якая адзначаецца ў пяцідзесяты дзень пасля Пасхі (у нядзелю праз сем тыдняў). Дух Святы, які паходзіць з Айца і Сына, – трэцяя Асоба Найсвяцейшай Тройцы, абяцаны Хрыстом Суцяшальнік (Ян 14, 16-17), які кіруе Касцёлам, натхняе і ўмацоўвае яго. Моцаю Духа Святога хлеб і віно падчас Св. Імшы ператвараюцца ў Цела і Кроў Хрыста.

Сакрамэнт (ад лац. sacramentum – таямніца) – паводле св. Аўгустына (IV ст.) – гэта бачны знак нябачнай Божай ласкі. Сучасная тэалогія ўдакладняе, што гэты знак з’яўляецца дзейсным, гэта значыць, здзяйсняе тое, што азначае. Ёсць сем сакрамэнтаў: хрост, канфірмацыя, споведзь, Эўхарыстыя, намашчэнне хворых, святарства і сужэнства. Сакрамэнты былі ўстаноўленыя самім Хрыстом і ўдзяляюцца толькі ў Касцёле. Найсвяцейшым Сакрамэнтам называюць сакрамэнт Эўхарыстыі.

Табэрнакулюм (ад лац. tabernaculum – намёт, шацёр) – невялікае збудаванне (накшталт шафкі), у якім захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт. Звычайна змяшчаецца ў прэзбітэрыі, у найбольш значнай і заўважнай частцы касцёла (АУРМ, 314). Згодна з традыцыяй, каля Т. павінна заўсёды гарэць лампада, у якой спальваецца алей ці воск, і такім чынам паказваецца і ўшаноўваецца прысутнасць Хрыста (АУРМ, 316).

Эўхарыстыя (грэцк. – падзяка) – у першыя стагоддзі хрысціянства гэтае слова азначала малітвы падзякі падчас Св. Імшы. Пазней сама Імша пачала называцца Э. Так называецца і сакрамэнт, у якім Езус Хрыстус заўсёды прысутны ў сваім Касцёле ў постацях хлеба і віна (Найсвяцейшы Сакрамэнт, Св. Камунія).

Падрыхтаваў Мікола Гракаў.