Дзень 9 мая 2004 года для парафіі Маці Божай Успамогі хрысціянаў, што ў Бараўлянах Мінскага раёна, быў днём асаблівым. Тут адбылося асвячэнне новай капліцы, а таксама абраза Маці Божай Успамогі хрысціянаў (праца Валяр’яна Янушкевіча).

Асвяціў капліцу арцыбіскуп Іван Юркавіч, нунцый Апостальскай Сталіцы. Як сказаў Яго Эксцэленцыя ў гаміліі, «... усе мы добра ведаем, колькі каштавала нам тое, каб настаў гэты момант нашага жыцця… Памятайце, што капліца – гэта для вас дом, прытулак і ратунак для душы, гэта для вас – усё, што звязана з духоўным жыццём і развіццём чалавека. Гэтага дастаткова, каб вы маглі лічыць сваё жыццё пачатым...». Яскравым пацверджаннем слоў арцыбіскупа з’яўляецца і той факт, што ў гэты ўрачысты дзень адбылася Першая Святая Камунія – і ў гісторыі парафіі, і ў жыцці дзяцей, якія прынялі Цела і Кроў Хрыста з рук Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Івана Юркавіча.

Радасцю былі расквечаны твары вернікаў ад усведамлення таго, што нарэшце ў іх ёсць свой Дом Божы, у будаўніцтва якога было ўкладзена столькі сэрца і сіл айцоў салезіянаў, ахвярадаўцаў і ўсіх людзей добрай волі. «На будову святыні Бог сам павінен удзяліць людзям свой дазвол», – сказаў арцыбіскуп Юркавіч. Справа пабудовы капліцы ў Бараўлянах – сапраўды Божае благаслаўленне для людзей, якія змаглі захаваць сваю веру праз жахлівыя дзесяцігоддзі яе знішчэння.

Напрыканцы арцыбіскуп Іван Юркавіч горача падзякаваў усім прысутным за тое, што запрасілі яго на гэтае радаснае свята. Тым больш што Яго Эксцэленцыя неўзабаве пакідае Беларусь, і душэўная цеплыня, якая панавала ў Бараўлянах, як адзначыў нунцый, будзе спадарожнічаць яму ў іншай краіне.

Ганна Залужная