9 мая новая мінская парафія св. Антонія, якая знаходзіцца ў мікрараёне Малінаўка, адзначыла ўпершыню вялікую ўрачыстасць. Да Першай Святой Камуніі прыступіла дзевяць хлопчыкаў і адна дзяўчынка. На жаль, парафія, якая існуе крыху больш за год, не мае сталага месца малітвы, таму гэтая ўрачыстасць была арганізавана ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. На ўрачыстасць сабралася ўся парафіяльная супольнасць, а таксама запрошаныя госці.

Парафія толькі распачынае сваё жыццё, і хоць не мае пабудаванага касцёла, аднак ёсць шчырыя, адданыя справе Хрыста і Касцёла людзі, ёсць жывыя сэрцы гэтых першакамунійных дзяцей, іх простыя дзіцячыя малітвы, да якіх, напэўна, не будзе абыякавы Пан Бог. Спадзяемся, што гарадскія ўлады ўсё ж пойдуць насустрач парафіяльнай супольнасці і ў мікрараёне Малінаўка з’явіцца новая святыня св. Антонія. Тым больш што будаваць яе ўжо ёсць каму і ёсць для каго!

Удзячныя парафіяне.
Фота М. Новікава