Ёсць у нашай краіне цудоўнае маляўнічае мястэчка, якое называецца Ракаў. Жывуць тут добрыя, чулыя людзі. У Ракаве ёсць прыгожыя помнікі гісторыі і архітэктуры: Ракаўскія валы, пра паходжанне якіх і прызначэнне існуюць толькі легенды, царква айцоў бызыльянаў грэка-каталіцкага абраду, замененая на праваслаўную царкву, капліца святой Ганны на могілках, прыгожыя надмагільныя помнікі і наш касцёл Маці Божай Ружанцовай і св. Дамініка.

Паводле гістарычных звестак, Ракаў у летапісах успамінаецца з 1440 г. як маёнтак і двор, уласнасць караля і вялікага князя Казіміра. У тыя часы працавала народнае вучылішча, дзе займаліся дзеці з розных саслоўяў, без адрозненняў веравызнанняў. Дзецям католікаў Закон Божы выкладаўся рыма-каталіцкім законанастаўнікам «на мясцовым дыялекце».

Першая драўляная святыня ў Ракаве была пабудавана ў 1676 г. пры кс. Гераніме Сангушку. Праз 10 гадоў Канстанцыя Тэадора Сангушка (з Сапегаў) пачала будаўніцтва кляштара дамініканцаў, пра існаванне якога згадваў сакратар аўстрыйскай амбасады Ёган Корба. У 1712 г. увесь кляштарны комплекс згарэў, але пасля быў адбудаваны намаганнямі айца Валадковіча. У 1812 г. у час вайны з французамі касцёл згарэў, але яго зноў перабудавалі ў 1824 г. У 1835 г. дамініканскі кляштар зачынілі, а касцёл замянілі на парафіяльны. Першы камень мураванай святыні быў закладзены ў 1904 г. Вялікі ўклад у будаўніцтва храма зрабілі князь Друцкі-Любецкі, памешчыкі Булгакі, Здзяхоўскія, Хялхоўскія і ўсе парафіяне. У 1911 г. пажар знішчыў драўляную плябанію, але не зачапіў храм. Каля касцёла праводзіліся кірмашы. У гэты час пробашчам быў Яўстафій Карповіч, які ўстанавіў помнік у памяць 44 польскіх жаўнераў, забітых падчас польска-савецкай вайны ў 1920г. Праз некаторы час у Ракаў прыехаў працаваць ксёндз Аляксандр Астрамовіч, вядомы і як беларускі паэт Андрэй Зязюля. У 1910 г. ён скончыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу. Служыў ксяндзом у вёсках Трабы, Ракаў, Смілавічы і інш. Ён прамаўляў да людзей па-беларуску.

Калі Ракаў уваходзіў у склад Польшы, пробашчам працаваў ксёндз Станіслаў Жук. Пры ім было арганізавана таварыства каталіцкай моладзі. За Ракавам, у полі, ксёндз Станіслаў праводзіў маёвыя набажэнствы. Падчас рэкалекцый, на якія прыязджала шмат святароў, на ўвесь дзень выстаўляўся Найсвяцейшы Сакрамэнт. Ксёндз Жук разам з моладдзю хадзіў на сенажаць са спевамі і малітвай. Разам з ксяндзом Станіславам працаваў ксёндз Дабравольскі.

У гады Другой сусветнай вайны наш касцёл не быў зачынены. Пробашчам у той час служыў ксёндз Ганушэвіч, а потым прыехаў ксёндз Смэк.

Калі прыйшлі саветы, яны знішчылі помнік, які ўстанавіў ксёндз Карповіч, і зачынілі святыню, якая доўгі час была Домам Божым для вернікаў. Спачатку бальшавікі зрабілі са святыні майстэрню для рамонту аўтамабіляў, потым там знаходзілася збожжасховішча. Савецкая ўлада вельмі добра «папрацавала» над тым, каб святыня страціла сваё аблічча. Мясцовыя жанчыны нават прыкідваліся цяжарнымі і адважна станавіліся на абарону касцёла, але служачых савецкай улады гэта не стрымлівала – яны адштурхоўвалі жанчын, білі іх і ўрэшце знішчылі касцёл.

Пасля дваццаціпяцігадовай ссылкі ў Сібір у нашу парафію прыехаў працаваць ксёндз Ян Такарскі. Доўгі час ён не мог зарэгістравацца як «служыцель культа». У яго не было дазволу на адпраўленне Святой Імшы і ўдзяленне сакрамэнтаў на працягу трох гадоў. Святая Імша праводзілася ў дамах вернікаў. Пасля звароту да маскоўскага пракурора ксёндз усё ж атрымаў афіцыйны дазвол на душпастырскую працу. Капліца св. Ганны, якая знаходзіцца на мясцовых могілках, была аддадзена вернікам, там ксёндз Такарскі адпраўляў Святую Імшу, абвяшчаў Слова Божае, спавядаў, хрысціў, благаслаўляў маладых і асобна рыхтаваў кожнае дзіця да Першай Святой Камуніі. Да 1959 г. абавязкі міністранта выконвала яго гаспадыня Міхаліна Станкевіч.

У сваіх казаннях ксёндз Ян часта крытыкаваў савецкую ўладу, за што і быў пазбаўлены права на душпастырскую працу на пяць гадоў. Ён застаўся ў Ракаве і тайна адпраўляў Святую Імшу ў сябе дома. На маленькай трохметровай верандзе ўстанавіў алтар. Спачатку ксёндз Такарскі дазваляў прысутнічаць на Імшы толькі сваёй гаспадыні Міхаліне. Аднаго разу, у першую пятніцу месяца, на Імшу сабралася некалькі чалавек. Раптам Міхаліна ўбачыла, што прыехала мясцовая ўлада – на кантроль. За некалькі хвілін усё было зачынена, а людзі схаваліся ў склепе. Нічога не знайшоўшы, чыноўнікі пакінулі дом, а ксёндз скончыў Святую Імшу. На працягу многіх гадоў у яго не раз адбіралася права на працу.

Выходзячы гуляць з сабакамі, адважны ксёндз тайна спавядаў у лесе, а пасля пані Міхаліна разносіла Святую Камунію. Людзі былі ўдзячныя яму за гэта і заўсёды падтрымлівалі ў цяжкія хвіліны.

Пасля пяцігадовага «адпачынку» ксёндз Ян зноў вярнуўся да працы ў капліцы. За такі доўгі час парафіяне адвыклі ад рэгулярнай рэлігійнай практыкі, але ксёндз не пакінуў сваіх вернікаў, а ўсімі сіламі змагаўся за адраджэнне веры ў сэрцах людзей. На жаль, з-за ўсіх гэтых выпрабаванняў у ксяндза Яна Такарскага пачалася хвароба сэрца. Нават не могучы, ён усё роўна адпраўляў Імшу. Хвароба ўсё больш і больш аслабляла яго. Памёр ксёндз Ян 15 снежня 1974 г. і пахаваны на могілках у Ракаве. Вернікі з удзячнасцю ўспамінаюць імя ксяндза Яна Такарскага па сённяшні дзень.

Пасля смерці ксяндза Яна Такарскага ў мястэчку не было свайго святара, але з Рубяжэвічаў прыязджаў ксёндз Пётр Пупін. У 1974–1979 гг. Імша праходзіла раз у два тыдні. Ксёндз Пупін гэтак ахвяраваўся для нашай парафіі, што нават гатовы быў пяшком прыйсці з Рубяжэвічаў, каб прамаўляць Слова Божае. У 1979 г. не стала і ксяндза Пятра...

Пасля яго смерці ў Ракаў пачаў прыязджаць ксёндз Люцыян Хмялёвец, пробашч з Дзераўнога. Ён таксама шмат зрабіў для адраджэння веры ў душах мясцовых людзей. Ксёндз Люцыян вельмі любіў працаваць з моладдзю, але, на жаль, яе не так шмат прыходзіла да касцёла ў тыя часы. Перад святамі праводзіў рэкалекцыі, на якія запрашаў шмат святароў, арганізоўваў пілігрымкі ў Вільню да Маці Божай Вастрабрамскай. Нягледзячы на сваё слабое здароўе, ксёндз Люцыян адпраўляў Святую Імшу два разы на тыдні, за што вернікі былі вельмі ўдзячныя яму.

У 1988 г. у ракаўскай парафіі стаў працаваць ксёндз Генрых Акалатовіч (1988–1990). Гэта быў наш першы сталы пробашч пасля ксяндза Яна Такарскага. За час працы ксяндза Генрыха аднавілася катэхеза для дзяцей і моладзі. Пры ім дзеці прыступілі да Першай споведзі і Камуніі.

У 1990 г. у нашу парафію быў прызначаны пробашчам ксёндз Міхал Сапель. Напачатку Імша праходзіла ў капліцы, але парафіяне разам з святаром змагаліся за тое, каб святыню аддалі вернікам, і ўжо ў 1992 г., на Вялікдзень, адбылася Імша ў адноўленай святыні. Дзякуючы намаганням ксяндза Міхала ў нашай святыні быў створаны хор, які ўпрыгожваў Святую Імшу сваім спевам. У той час адзін з міністрантаў, Пётр Шарко, паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, цяпер ён вядзе душпастырскае служэнне ў касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Шэметаве. У 1995 г. ксёндз Міхал удзяліў сакрамэнт Першай споведзі дзецям, якіх падрыхтавалі сёстры дамініканкі.

З 1994 г. у нашу парафію пачалі прыязджаць дамініканкі з Мінска, якія адчынялі дзіцячыя сэрцы на Божае Слова. Першымі з іх былі сёстры Анатоля і Бернардэта. На працягу многіх гадоў у парафіі працавала шмат сясцёр, якія прыклалі нямала намаганняў для духоўнага развіцця моладзі і дзяцей. Некаторы час у нас працавалі сястра Любаміра і сястра Юлія, а цяпер дзяцей навучае сястра Аляксандра. Мы вельмі любім нашых сясцёр, бо ведаем, што ў любы момант можам звярнуцца да іх па параду, і яны ніколі не адмовяць. Дзякуючы сёстрам шмат дзяцей нашай парафіі прыступіла да сакраманту Першай Святой Камуніі.

У канцы 1995 г. у ракаўскую парафію быў прызначаны пробашчам ксёндз Анатоль Парахневіч. Дзякуючы яго намаганням у касцёле загучалі першыя акорды аргана, а неўзабаве была адрамантавана наша святыня. Ксёндз Анатоль стаў праводзіць Імшы на беларускай мове, каб як мага больш людзей разумела, што кажа святар. У выніку ў касцёл пачало прыходзіць больш дзяцей і моладзі.

Летам 2003 г. у Ракаў прыехаў працаваць новы пробашч – ксёндз Дзмітрый Барыла, які з першых дзён пасябраваў і з моладдзю і са старэйшымі парафіянамі. Вернікі адразу прынялі яго як духоўнага настаўніка, які заўсёды дапаможа парадай і добрым словам. Ксёндз Дзмітрый гаворыць цудоўныя казанні, якія так глыбока западаюць у душы вернікаў, што яны яшчэ доўгі час памятаюць і паўтараюць словы святара. За кароткі перыяд у нашай парафіі шмат сямейных пар узялі сакрамэнт шлюбу дзякуючы таму, што ксёндз Дзмітрый пераканальна і прыгожа тлумачыў, што сапраўдная каталіцкая сям’я павінна паяднацца перад Панам Богам. Пробашч укладае шмат сілы ў тое, каб як мага больш католікаў навярнулася да Бога і вяло сапраўднае хрысціянскае жыццё.

У касцёл стала прыходзіць больш моладзі, якая разам са старэйшымі парафіянамі робіць шмат працы каля святыні, дапамагаючы маладому ксяндзу пробашчу.

У гэтым годзе ў нашай парафіі будзе ўдзелены сакрамэнт бежмавання, а яшчэ мы рыхтуемся адзначыць 100-годдзе заснавання касцёла. Адбудзецца вялікі фэст, на які мы шчыра запрашаем усіх, хто хоча раздзяліць разам з намі гэтую радасць. Асноўныя ўрачыстасці пройдуць 29-30 мая.

Ірына Магала.
Фота А. Яроменкі
і з архіва парафіі