моляцца аб хутчэйшай беатыфікацыі а. Мельхіёра Фардона (1862–1927гг.). з гэтай нагоды наш карэспандэнт Данута Бічэль сустрэлася з пробашчам касцёла кс. Юзафам Макарчыкам.

Францішканскі касцёл Маці Божай Анёльскай «перанаселены» святымі. Іх культ вельмі распаўсюджаны ў католікаў свету. Гэты касцёл позняга барока захаваў інтэр’ер сакральнага мастацтва ў першасным выглядзе, прастора яго сапраўды ўся запоўнена цудоўнымі абразамі, пластычнымі творамі. І ўсё на сваім месцы, усё патрэбна. Здаецца, каб зняў хоць адзін кандэлябрык, усё рассыпалася б. І ўсё ж асабліва велічнай яснасцю ззяюць тры алтары – Маці Божай Анёльскай, святога Антонія і святога Францішка. Кожны алтар нясе людзям збаўленне ад смутку штодзённасці, хоць мае і асаблівыя дні: 2 жніўня – урачыстасць Маці Божай Анёльскай, 13 чэрвеня – успамін святога Антонія, 4 кастрычніка – успамін святога Францішка.

– Кожны аўторак парафіяне запісваюць свае просьбы да святога Антонія і моляцца разам з айцамі францішканамі, просячы св. Антонія аб дапамозе. Скажыце, калі ласка, чаму няма такога канкрэтнага дня малітваў да св. Францішка (апроч, зразумела, 4 кастрычніка).

– Кожны святы ў Касцёле мае сваю «частку абавязкаў». Святы Францішак апякуецца манаскай супольнасцю братоў меншых канвентуальных. Перад успамінам аб заканчэнні яго зямнога жыцця ў Касцёле адбываецца трыдуум, падчас заканчэння Эўхарыстыі вернікі цалуюць рэліквіяр св. Францішка. Святы Антоні апякуецца парафіяй, таму кожны аўторак у касцёле адбываецца складковая Святая Імша, напрыканцы якой вернікі цалуюць рэліквіяр святога Антонія. Яшчэ Слуга Божы айцец Фардон запісваў просьбы людзей на пояс святога, але за гады ліхалеццяў гэты пояс знік. Цяпер просьбы вернікаў запісваюцца не на пояс, а ў спецыяльную кнігу.

– Вядома, што рэліквіяй лічыцца частка косці святога. А што рабіць, калі такой рэліквіі не засталося?

– Скажам, як у выпадку са св. Максіміліянам Кольбэ, пасля якога засталіся барада і валасы. Аднаго разу брат францішканін у Непакалянаве абстрыг яго бараду і схаваў у слоік. Гэтаксама і валасы. Было тое яшчэ да вайны. У нашым касцёле мы маем частку ўсяго гэтага, толькі не паспелі аформіць у адпаведны рэліквіяр.

– Раскажыце, калі ласка, аб жыцці святога Максіміліяна Кольбэ ў Гродне.

– У Гродне святы Максіміліян жыў 5 гадоў: з 20 кастрычніка 1922 г. да 20 лістапада 1927 г. Тут ён распачаў выдавецкую дзейнасць. Сярод каталіцкіх выданняў найважнейшым быў часопіс «Рыцар Беззаганнай». Тут было створана Кола Рыцараў Беззаганнай, у якім цяпер налічваецца больш за 1,5 млн. вернікаў з усяго свету. Са св. Максіміліянам супрацоўнічалі такія выдатныя гродзенцы як а. Зэно Жэброўскі, які стаў славутым на ўвесь свет: калі на Нагасакі была скінута атамная бомба, ён пачаў апекавацца мясцовымі сіротамі.

Дапамагаў св. Максіміліяну ў Гродне брат францішканін Альберт Альшакоўскі, друкар па прафесіі. І брат А. Альшакоўскі і айцец З. Фардон памерлі пры Максіміліяне Кольбэ ў Гродне. Развітваючыся з іх магіламі, М. Кольбэ абяцаў, што будзе рабіць усё, каб іх кананізавалі, але так сталася, што яго ўласная кананізацыя апярэдзіла іхнюю. Яшчэ перад Другою сусветнаю вайною айцец Кольбэ прыязджаў на магілы сваіх сяброў. Пра гэта сведчыць фотаздымак з надпісам і датаю.

– А што вядома пра а. Максіміліяна як спаведніка?

– Да яго спавядніцы збіраліся вялікія чэргі. Вось успаміны адной верніцы: «Быў вельмі добрым спаведнікам. Умеў зразумець людскую бяду, паказаць найпрасцейшую дарогу да Маці Божай. Пры яго канфесіянале збіралася найболей людзей, але варта было пастаяць у чарзе, бо ён напаўняў душу моцным запасам Божых ласкаў на ўсё жыццё».

– Цела Слугі Божага Мельхіёра Фардона, паплечніка а. Кольбэ, цяпер спачывае ў крыпце нашага касцёла. Што гэта дае вернікам?

– Цяпер мы кожны дзень падчас Св. Імшы молімся за яго хуткую беатыфікацыю і спадзяемся, што дакументы аб яго святасці, аб яго пакутніцтве, высланыя ў Апостальскую Сталіцу ў 1927 г., не адкладуцца надоўга. Засталіся сведкі яго святога жыцця, яго гераізму і пакутніцтва. Жывуць людзі, якіх ён хрысціў: яшчэ ў 1997 г. іх было больш за 20 чалавек. Вось нядаўна знайшлі на гарышчы касцёла малюнкі і вышыўкі дзяцей, якіх ён рыхтаваў да першай споведзі (а. Юзаф паказаў папку з прыгожымі малюнкамі кветак і абразкаў).

– Кажучы свецкай мовай, у францішканскім касцёле захавалася шмат унікальных сведкаў дзейнасці па-сапраўднаму святых святароў і братоў францішканаў. Чаму да гэтага часу касцёл не набыў статус санктуарыя?

– Такі статус касцёлу надае біскуп ардынарый. Мы спадзяемся, што пасля таго як Слуга Божы айцец Фардон стане благаславёным, наш біскуп з дапамогай Езуса Хрыста надасць нашаму касцёлу годнасць санктуарыя.

А пакуль... прыносьце свае беды ў наш касцёл да св. Францішка, св. Антонія, св. Максіміліяна, прыходзьце да споведзі ў аўторкі і адпустовыя дні. І не мае значэння, што адміністрацыйна хтосьці прыпісаны да іншай парафіі – прыходзьце да нас, як прыходзяць у санктуарый.

– Дзякуй за запрашэнне і за размову.

Малітва аб беатыфікацыі
а. Мельхіёра Фардона

Усемагутны вечны Божа, Крыніца ўсялякай святасці і бясконцай дабрыні, пачуй нашу пакорлівую малітву і зрабі, каб Твой слуга айцец Мельхіёр Фардон, узор Тваёй невымоўнай дабрыні і лагоднасці, верны вучань Сына Твайго Езуса Хрыста, паслядоўнік святога Францішка з Асізі, дайшоў да хвалы Тваіх Алтароў і стаў для нас пасрэднікам Тваёй вялікай міласэрнасці. Які жывеш і валадарыш праз усе вякі вечныя. Амэн.

Віцэпастуляцыя беатыфікацыйнага працэсу Слугі Божага а. М. Фардона ul. Zykroczymska 1, 00-225, Warszawa.

Да Марыі Беззаганнай
Малітва св. Максіміліяна Марыі Кольбэ

Дазволь мне хваліць Цябе, Панна Найсвяцейшая,
Дазволь сваімі сіламі Цябе хваліць.
Дазволь, каб для Цябе і толькі для Цябе жыў,
працаваў, цярпеў, вынішчыўся і памёр.
Дазволь, каб да Цябе прывёў увесь гэты свет.
Дазволь, каб спрычыніўся да яшчэ большага,
да як найбольшага ўсхвалення Цябе.
Дазволь, каб прынёс Табе такую хвалу,
якой яшчэ ніхто Табе не прыносіў.
Дазволь, каб іншыя ў клопаце пра ўслаўленне Цябе
імкнуліся апярэдзіць мяне,
а я іх так, каб у шляхетным спаборніцтве
хвала Твая вырастала ўсё хутчэй,
усё мацней, усё глыбей, гэтак, як жадае
таго Той, хто Цябе так невыказна ўзвысіў
па-над усімі стварэннямі.
У Табе адной непараўнальна больш
праслаўлены стаў Бог, чым ва ўсіх сваіх Святых.
Для Цябе стварыў Бог свет,
Для Цябе таксама і мяне Бог паклікаў да існавання.
Адкуль жа мне гэта шчасце?
Дык дазволь жа мне Цябе хваліць,
о Найсвяцейшая Панна!