У чацвёртую Велікодную нядзелю – нядзелю Добрага Пастыра – увесь Касцёл адзначае Сусветны дзень малітваў аб святарскіх, законных і місійных пакліканнях. У гэты дзень асаблівым чынам атуляюцца малітваю тыя маладыя людзі, якія стаяць перад выбарам свайго жыццёвага шляху, свайго паклікання. «Жывецца раз, і толькі раз», – так гучаць словы аднаго з моладзевых спеваў. Сапраўды, мы жывем толькі адзін раз, а таму нельга марнаваць жыцця. А каб не змарнаваць яго, трэба цвёрда ведаць, што табе хочацца рабіць у жыцці, які выбраць шлях, каб дасягнуць паўнаты шчасця... Што выбраць? Дапамогай у адказе на гэтае пытанне могуць быць разважанні і думкі кс. Крыштафа Паўліны (Варшава). Гэта толькі некалькі ўрыўкаў з канферэнцыі для моладзі ў нядзелю Добрага Пастыра. Іх змест дастаткова багаты і заўсёды актуальны, таму варта паразважаць над імі.мэн.

Дарога, якой шукаю

Маладосць – гэта час выбару. У маладосці найбольш думаюць пра будучыню. Ад рашэнняў, прынятых у гэтую пару, залежаць сталасць і старасць, шчасце або слёзы расчаравання. Знайсці сваю дарогу, сваё прызначэнне – гэта найлепшы рэцэпт на шчасце, на прыгожае жыццё.

Кожны з нас мае адзіную ўласную дарогу, пошукі якой сярод шматлікіх магчымых дарог з’яўляюцца заданнем маладосці.

Ці ведаеш ужо сваю дарогу? І ці ўвогуле шукаеш яе? Толькі ідучы сваёй дарогай, можна быць шчаслівым.

Часамі, будучы маладым, можна ўжо быць старым. Нічога не хочацца, тыя самыя прыяцелі, пастаянна тое самае таварыства, тое самае піва. Жывеш без мараў, без надзеі, без радасці... А тым часам пра маладосць трэба паклапаціцца. Мы з’яўляемся вольнымі і робім з сабою тое, што хочам. Кожны з нас – адзіная і непаўторная асоба. Кожны мае дар, уласцівы толькі яму, але таксама патрэбны Богу і людзям.

Так, патрэбны, толькі ці дазволім мы знайсці сябе Таму, Хто нас стварыў? Бо, калі нас такімі стварыў, то, напэўна, мы Яму патрэбныя.

Навошта? Вось пытанне!

Бог няспынна, як мастак, малюе свой вобраз, ствараючы свет. Бо створаны свет – гэта яшчэ няскончаная праца майстра. Стварэнне працягваецца. А Хрыстус дабірае адценкі колераў – шукае найбольш шляхотныя ды штораз болей іх змешвае, каб знайсці менавіта нетыповы колер, патрэбны мастаку для стварэння вобраза.

Хрыстус шукае колераў, каб вобраз быў найпаўнейшы і больш выразны, каб свет быў найпрыгажэйшы і найлепшы.

– Што табе сказаў Езус? – спытаў адзін юнак свайго прыяцеля, які запрашаў яго на сваю прыміцыйную Імшу. – Ты ж быў жа на чацвёртым курсе універсітэта, меў прыгожую дзяўчыну, атрымліваў стыпендыю. Чаму так сталася, што ўсё страціла сэнс? Што табе сказаў Езус, з-за чаго ўсё гэта пакінуў на беразе?

- Ён мяне толькі спытаў і далікатна папрасіў: «Ці не мог бы я дапамагчы Яму любіць людзей?».

– Як гэта? Проста так прыйшоў да Цябе?

– Гэта адбылося ў цягніку. Ехаў я да сваёй дзяўчыны. Меў пры сабе кніжку, якую яна мне дала, кніжку падрыхтоўкі да сямейнага жыцця. Я нават не спадзяваўся, што апошняя частка будзе пра святарства. Праглядаў радок за радком і раптам кінулася мне ў вочы пытанне: «Ці не мог бы Мне дапамагчы любіць людзей?»

Убачыў гэтае пытанне вачыма, а пачуў гэтую просьбу нутром: «Ці не мог бы Мне дапамагчы?» – так папрасіў мяне Езус у цягніку.

Было шмат людзей, хутчэй закрыў кніжку. Баяўся, што хтосьці пачуе гэтую просьбу. У думках заглушыў пытанне, і здавалася, што ўжо ўсё ў парадку. Цягнік ехаў далей, а людзі размаўлялі паміж сабою. Але гэта не быў канец. З гэтага моманту, з гэтай сустрэчы ў цягніку адчуваў сябе ніякавата.

Рэхам вярталася пытанне Езуса: «Ці не мог бы Мне дапамагчы любіць людзей?» А сёння, уручаючы табе кавалак белага кардону з запрашэннем на маю прыміцыйную Імшу, не ведаю, як табе распавесці пра шчасце! Магу сказаць толькі тое, што цяжка рашыцца на шчасце. Цяжка адважыцца пакінуць тое, што маеш, тое, кім з’яўляешся, і пайсці, так, проста пайсці ў невядомае за голасам, за просьбай, за заклікам Езуса.

Многія з нас, адчуваючы голас паклікання, баяцца рызыкнуць, пакінуць усё, каб мець усё. Хоць і марым пра шчасце, часам, аднак, баімся ступіць крок наперад.

«Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей...».

Толькі гэта ім сказаў, і яны адразу ж пакінулі сеці і пайшлі за Ім.

Пайшоў Пётр, Андрэй, Якуб і ягоны брат, а пазней наступныя.

Быць святаром, законнай сястрой – што за карысць? Дому не пабудуеш, сям’і не заснуеш, прасцей кажучы, змарнаванае жыццё. Так, цана вялікая, але і стаўка немалая: шчасце, якое вынікае з таго, што дапамагаеш самому Богу. Ды якая ж патрэбная гэта дапамога!

Жыць для ..., каб хтосьці, дзякуючы мне, мог рэалізаваць сваё пакліканне. Гэта прыгожа, але цяжка.

Мы ўсе з’яўляемся цікавымі і унікальнымі колерамі, і кожны рознага адцення... Мы ўсе патрэбныя Богу, Які стварае свет, Мастаку, які малюе вобраз свету.

Калі дазволіш Езусу ўзяць цябе ў рукі – вобраз свету будзе паўнейшы на цябе, на тваю асобу, на твой дар. Без цябе не атрымаецца намаляваць свет так, як гэта запланаваў Усемагутны.

Ты з’яўляешся адзіным, непаўторным, патрэбным самому Богу, а таму дазволь Яму знайсці цябе на палітры колераў.

«Не! Маю вучобу, перспектыву, дзяўчыну. Не, проста не! І так было два гады. Я арганізаваў сваё жыццё, а Ён час ад часу прасіў мяне...

1 студзеня, на Новы год, адчуваў сябе вельмі бадзёрым, зачараваным прыгажосцю сяброўства, жыцця. Піў каву з сябрам, а той знянацку запытаў: «І што з тваім пакліканнем?»

А я ўвогуле ніколі пра святарства з ім не размаўляў. Сам сабе баяўся прызнацца, а што ўжо размаўляць пра пакліканне з іншымі.

Але сябры нібы адчувалі, што нешта ўнутры мяне адбываецца. Нібы бачылі, што ўцякаю ад просьбы Езуса. Пад канец нашай сустрэчы адзін з іх разгарнуў кніжку, якую некалі пазычыў, ды прачытаў адтуль урывак, быццам хацеў мяне гэтым «дабіць». Чытаў павольна, спакойна: «Будзеш збірацца ў семінарыю, пойдзеш развітвацца з сябрам, хоць і з жалем. Пойдзеш развітвацца з бацькамі – са слязьмі праводзяць цябе. Пойдзеш развітвацца са сваёю дзяўчынаю – падасі ёй руку на развітанне, а яна затрымае яе ў сваіх далонях – і застанешся з ёю». Так будзе і з табой, – сказаў ён, загарнуўшы кнігу, і выйшаў.

Я застаўся адзін. Слёзы напоўнілі вочы... А Езусава просьба з цягніка вярнулася: «Не пакідай Мяне аднаго, дапамажы Мне любіць людзей». Ты пытаеш, што Ён сказаў мне? Ён прасіў мяне, два гады хадзіў за мною і прасіў, пакуль не прыйшоў дзень у Новым годзе. Пакінуў лодку, сеці, вучобу і дзяўчыну – і пайшоў за Ім.

Можаш дапамагчы знайсці цябе тым, хто прапануе табе лёгкую дарогу, шмат прыемнасцяў, мала намаганняў, мноства ўражанняў: асалоду ў рытме тэхна, наркатычную бесклапотнасць, любоў без абавязкаў... Толькі браць – усё гэта маеш пад рукой. Аднак задумайся: ці дазволіць гэта знайсці табе дарогу?

Ты – свабодны, глядзі, што хочаш, паглынай жыццё, якое ёсць, але памятай – жыццё адно.

Каму дазволіш знайсці цябе: Богу – для стварэння, або свету – для карысці?

Можаш выбраць дарогу, якая азначае канец усялякага выбару: гэта іншыя вырашаюць за цябе – выберуць табе жонку або мужа, працу, якая будзе крыніцай фартуны, дадуць табе рэцэпт на шчасце. Толькі скажы ім «так». Усё зробяць за цябе. Гэта нават выгадней.

Але ці гэта тая дарога, якую шукаеш? Ці ёсць напрыканцы гэтай дарогі Хтосьці? Хтосьці, Хто чакае цябе?

Шукай такой дарогі, напрыканцы якой цябе чакае з распасцёртымі рукамі Той, Хто скажа: «Вярнуўся, сыне, Я так чакаў цябе!»

Дзіўная гэта дарога. Не нясе яна з сабою вялікіх забаваў, не прапаноўвае феерверкаў, ні да чаго не змушае. Гэта дарога з’яўляецца і прапановай, і ўзнагародай.

Дарога

«Я – Дарога, Праўда і Жыццё», – кажа Езус. Ці чуеш, што Ён з’яўляецца дарогай, якая вядзе да мэты? Ці дазволіш Богу ўзяць цябе за руку і завесці на дарогу? Ці дазволіш Яму знайсці тваё пакліканне?

Маладосць – гэта час выбару, час пошуку дарогі. Можаш сказаць, што не дасі рады! А ці прасіў ты Езуса аб дапамозе?

Ніхто не будзе цябе ні да чаго намаўляць. Ніхто за цябе вырашаць не будзе.

Хрыстус чакае твайго «так», каб мог і надалей збаўляць свет: «Вось Я, слуга Панская», – так адказала Марыя. А як ты адкажаш на запрашэнне Бога?

Для дзяўчат, якія шукаюць свайго паклікання,
у чэрвені і ў жніўні будуць арганізаваныя рэкалекцыі.

У праграме:

– пакліканне ў Бібліі,
– як распазнаць сваё пакліканне,
– прыкметы паклікання да законнага жыцця,
– час на малітву,
– споведзь (і шмат іншых тэмаў).

Кантактны адрас і тэлефон:

Сёстры Служабніцы НПМ
Сястра Ніколя
вул. Чкалава, 52-1-21
г. Віцебск 210041
тэл. (0212) 26-09-87