Памятаю, як, рыхтуючы паўтара гады таму для часопіса матэрыял пра лёзненскую парафію святога айца Піо, на пытанне да парафіянаў, што найбольш узрушыла ад пачатку яе заснавання, атрымаў адказ: наведанне біскупам Уладзіславам Блінам напярэдадні свята Божага Нараджэння 2001 года. Тое і не здалося дзіўным: парафія толькі набірала моцы, і ўвага пастыра дыяцэзіі да яе клопатаў і праблем была вельмі дарэчы. Зрэшты, яна патрэбная заўсёды, асабліва калі парафія невялікая і пачынаць працу па яе фармаванні даводзіцца, як кажуць, ад нуля – усё нанава, усё з энтузіязму. Біскуп гэта разумее, таму і сёлетняе набажэнства Пасхальнай вігіліі зноў правёў менавіта ў Лёзне. «Усе парафіі, ці то буйныя, ці то невялікія, як лёзненская, мне дарагія, – падкрэсліў біскуп у размове. – Хрыстус памёр на Крыжы за ўсіх, і старых і маладых, і вялікіх і малых. Задача святара, і біскупа ў тым ліку, – аб’ядноўваць вернікаў, падтрымліваць іх маральна».

Як, дарэчы, задача і пробашча. Ксёндз Андрэй Табар пачаў працаваць пробашчам у парафіі святога айца Піо нядаўна, недзе з паўгода таму. Але і за гэты кароткі прамежак часу, зазначаюць парафіяне, шмат паспеў зрабіць у справе росту парафіі, здолеў завязаць добрыя кантакты з жыхарамі вуліц, што прылягаюць да капліцы, уразіў далікатным стаўленнем да тых, каму неабходна дапамога. Здараецца, і на машыне па каторага з нямоглых вернікаў з’ездзіць, каб прывезці на Святую Імшу, і назад адвязе. Таму і вестку пра магчымы перавод ксяндза ў іншую парафію лёзненскія католікі ўспрынялі са шкадаваннем.

«Па-беларуску ўтульна, шчыра, светла, – падзялілася ўражаннямі ад капліцы перад пачаткам набажэнства кіраўнічка хору віцебскага катэдральнага касцёла святой Барбары Таццяна Дарафеева, якая прыехала з групаю харыстаў дзеля яго музычнага аздаблення. – Проста, а таму адчуваеш сябе тут першахрысціянінам».

Любяць сваю капліцу і парафіяне, хоць, безумоўна, бачаць у ёй найперш функцыянальныя выгоды : наяўнасць усяго неабходнага для правядзення Эўхарыстыі, зручнасць месцазнаходжання. Апошняе асабліва важна для тых, хто прыязджае ў раённы цэнтр на спатканне з Богам з навакольных, блізкіх і не вельмі, вёсак.

Адметнасць лёзненскай парафіі, як, дарэчы, і многіх ва ўсходніх рэгіёнах Віцебскай дыяцэзіі, – значная колькасць вернікаў са змешаных, каталіцка-праваслаўных сем’яў. Як, напрыклад, сям’я Марыі Дзядковай з вёскі Пушкі, нараджэнкі Глыбоччыны. Жанчына прыехала ў Лёзна па сканчэнні тэхнікума, тут выйшла замуж. Раней, да ўтварэння парафіі святога айца Піо, ездзіла маліцца ў касцёл Святой Барбары, цяпер ездзіць на ровары за 6 вёрст у сваю. Муж (праваслаўны) таксама не цураецца каталіцкіх звычаяў, наведваюць капліцу і хрышчаныя ў праваслаўі сыны. А нядаўна Марыя Дзядкова прывяла ў касцёл яшчэ аднаго верніка – аднавяскоўца. Наогул, кажа яна, схільнасць да місіянерства вельмі моцная ў іх сям’і, і згадвае, як яе маці, пажылая каталічка,

12 гадоў угаворвала адну з нявестак (праваслаўную) узяць з сынам касцёльны шлюб і дамаглася-такі свайго.

«Нідзе так шчыра і душэўна не моляцца людзі, як тут», – любіць казаць пробашч. Можа, доўгая адсутнасць уласнай святыні (не бывае ліха без дабра?) на тое паўплывала? Большасць жа лёзненскіх католікаў – нараджэнцы рэгіёнаў з трывалымі рэлігійнымі традыцыямі. Вось, напрыклад, гаспадыня, якая запрасіла гасцей пасля набажэнства да сябе на гарбату, Стэфанія Альбертаўна Маслюк, паходзіць са слыннага Мосара. Раней, як і ўсе астатнія, ездзіла на набажэнствы ў Віцебск, цяпер радуецца, што можа на схіле дзён і дома, не выязджаючы нікуды, аддаць хвалу Богу.

Пасхальная вігілія гэтым разам атрымалася ўнушальнай дзякуючы чыннаму ўдзелу ў ёй прадстаўнікоў дыяцэзіяльнай курыі: пралата кс. Міраслава Скачыласа, дырэктара аддзялення душпастырства кс. Пятра Поляка, кс. Крыштафа Вітвіцкага. Пасля літургіі святла, якая пачалася каля вогнішча ў прыкаплічным дворыку, вернікі і святары перайшлі ў капліцу, каб у атмасферы ўзнёсласці і глыбокай пашаны ўславіць словам і спевамі Змёртвыхпаўстанне Пана, а потым прыступіць да літургіі хросту. Вельмі ўрачыста і прыгожа прайшла пры аздобленым жывымі кветкамі алтары эўхарыстычная літургія. Біскуп Уладзіслаў Блін павіншаваў прысутных са святам і, выказаўшы надзею на добрыя варункі ў развіцці парафіі, паабяцаў вернікам аказваць і надалей падтрымку ў іх супольнай працы на карысць веры і Касцёла.

Францішак Дубраўскі.
Фота кс. Пятра Поляка