Вялікая радасць – сустрэча з блізкім, сімпатычным табе духоўна чалавекам. Найвялікшая ж – сустрэча з Панам, ды калі яшчэ ва ўласным доме маеш гонар паўстаць перад Яго вачыма, выказаць набалелае, ачысціцца праз малітву ад усяго, што азмрочвае жыццё. Менавіта такія сустрэчы наладзілі для сваіх вернікаў пробашч Тадэвуш Дабравольскі і законніцы віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага. Два абразы Езуса Міласэрнага, прывезеныя дзеля гэтага з Кракава, з санктуарыя Божай Міласэрнасці, пілігрымавалі па сем’ях вернікаў ад Папяльца да Пальмовай нядзелі. Штовечар пасля Святой Імшы дзве сям’і бралі абразы дадому, каб у належнай атмасферы, пры алтарыках і свечках, узнесці да Бога свае малітвы, перажыць незабыўныя хвіліны духоўнага яднання, часта разам з суседзямі ці проста з добрымі знаёмымі, сябрамі, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці. Амаль усе сём’і парафіі скарысталі такую магчымасць, адчыніўшы свае сэрцы Езусу ў шчодрай супольнай малітве, яшчэ на адзін крок наблізіліся да Яго.


Францішак Дубраўскі