23–25 красавіка адбыўся чэмпіянат клерыкаў Еўропы па футболе: Eurocup – 2004. Гэта ўжо 20-e па лiку першынства, якое штогод праходзіць у iншай краiне.

Такiя спаборнiцтвы праводзяцца не толькi з мэтай спартыўнай рэалізацыi – на першым месцы тут малiтва i сустрэча з Езусам праз братэрскiя адносiны, шуканне новых кантактаў i сяброў, культурнае i духоўнае узаемаўзбагачэнне.

Спаборніцтвы праходзілі ў гэтым годзе ў Польшчы. Арганізатарамi былі клерыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Калішу. Удзельнічалі клерыкі з шасцi краін Еўропы: з Італіі і Ірландыі, з Францыі і Беларусі, са Славеніі і Польшчы (усяго 12 футбольных камандаў). Ад нашай краіны выступалі клерыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі з Гродна.

Пасля прыезду ўсіх удзельнікаў адбылoся знаёмства камандаў i жараб’ёўка. Наступны дзень быў вельмі напружаны – пасля яго трэба было вызначыць лідэра. Клерыкі з Гродна, якія ўдзельнічалі ў такім чэмпіянаце Еўропы ўпершыню, паказалі сябе добра падрыхтаванымі і духоўна, i фізічна, а таму заваявалі сэрцы многіх балельшчыкаў і сярод жыхароў Каліша, і сярод сваіх супернікаў з іншых семінарый.

Як гаворыцца, «у здаровым целе – здаровы дух». Удзельнікі спаборніцтва сапраўды стараліся падтрымліваць адзін аднаго, і гэта ім добра ўдалося.

Пасля вельмі нaпружаных матчаў беларуская каманда выйшла ў паўфінал, што дало ёй магчымасць заняць чацвёртае (таксама ганаровае) месца і атрымаць кубак за найбольшую колькасць забітых галоў у вароты супернікаў.

I вось вынікі XX чэмпіянату клерыкаў Еўропы па футболе Eurocup – 2004. Лідэрам стала каманда клерыкаў з Opola (Польшча). Другое месца занялі гаспадары – WSD Kalisz (Польшча). Трэцяе месца дасталося клерыкам з Maynooth (Ірландыя), a чацвёртае месца атрымала наша каманда з Гродна.

У гэтыя дні сустрэліся розныя культуры і кожная дружына хацела падзяліцца тым лепшым, што мела. Падчас вечаровых сустрэчаў мы спявалі свае нацыянальныя песні, жартавалі, і хоць кожны прамаўляў на сваёй мове, але агульная атмасфера сустрэчы спрыяла таму, каб мы паразумеліся без перакладчыка.

Кожны дзень распачынаўся Святой Імшой, а ў нядзелю 25 красавіка ўрачыстую Імшу ў санктуарыі св. Юзафа ў Калішу правёў біскуп Калішскай дыяцэзіі Станіслаў Наперала. Пасля адбылося ўручэнне ўзнагародаў усім удзельнікам спаборніцтва.

У часе цырымоніі ўручэння медаля мэр горада Каліша адзначыў патрэбнасць такіх сустрэчаў: будучыя святары далі прыклад добрай веры, маральнасці, бадзёрасці духу.

Тое, што аб’яднала маладых людзей Еўропы ў Калішу, не было палітыкай цi грашыма – іх сабрала разам праўдзівая вера ў Адзінага Бога, тая вера, якая з’яўляецца моцным мастом паміж людзьмі і Богам. І на гэтым фундаменце трэба будаваць адносіны паміж народамі.

Клерык Мікалай Ліпскі