19 красавіка 2004 г. у Каталіцкім універсітэце ў Любліне адбылася абарона доктарскай дысертацыі віцэ-рэктара міждыяцэзіяльнай Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ксяндза Яна Крэміса. У гэтай значнай падзеі прыняў удзел Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, прадстаўнікі духавенства з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій, а таксама выкладчыкі семінарыі.

Ян Крэміс нарадзіўся 16 жніўня 1972 г. у в. Варанцы Глыбоцкага раёна. У 1996 г. скончыў гродзенскую Вышэйшую духоўную семінарыю і 7 снежня 1996 г. атрымаў святарскія пасвячэнні, якія ўдзяліў яму Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. У 1996–1998 гг. працаваў вікарыем у мінскім касцёле святых Сымона і Алены, а потым у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

У 1998 г. Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк скіраваў маладога святара на вучобу ў Каталіцкі універсітэт у Любліне, дзе ён распачаў напісанне магістарскай працы па маральнай тэалогіі на тэму «Маральныя аспекты святкавання нядзелі ў святле апостальскага ліста Яна Паўла ІІ Dies Domini». Гэтая праца, абароненая 13 красавіка 2000 года, адпавядала ўсім патрабаванням да ліцэнзіяцкіх працаў. 8 чэрвеня 2000 года ксёндз Ян здаў экзамен ліцэнзіята па маральнай тэалогіі.

Працягваючы вучобу ў Каталіцкім універсітэце пад кіраўніцтвам доктара навук ксяндза прафесара Януша Нагурнага, ксёндз Ян Крэміс распачаў напісанне доктарскай працы на тэму «Заклік да паяднання ў кантэксце Юбілею 2000 года. Даследаванне на падставе вучэння Яна Паўла ІІ». Віншуем ксяндза Яна Крэміса з яе выдатнай абаронаю. Жадаем далейшых навуковых поспехаў у выкладчыцкай дзейнасці ў міждыяцэзіяльнай Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага.

Ксёндз Антоні Клімантовіч.
Фотаздымкі ксяндза Аляксандра Тарасевіча


Рэдакцыі часопісаў «Ave Maria», «Наша вера» і выдавецтва «Pro Christo» таксама шчыра віншуюць ксяндза віцэ-рэктара Яна Крэміса з асягненнем новых навуковых вяршыняў. Жадаем, каб гэтыя поспехі ў навуцы дапамагалі яшчэ больш аддана служыць Пану Богу і несці Яго слова не толькі семінарыстам, але і ўсім католікам Беларусі.

Спадзяемся на плённае супрацоўніцтва з каталіцкім друкам.