«Усведамленне сапраўднага сэнсу жыцця прыводзіць да разумення, што шчасце чалавецтва пачынаецца ад шчасця чалавека, а не наадварот. Сапраўды адчуць цяпло свайго чалавечага шчасця можа толькі Чалавек, які побач адчувае цеплыню сэрца другога Чалавека». Гэта радкі з кнігі паэзіі і прозы Эдуарда Збароўскага, у назву якой вынесена найгалоўнейшая для кожнага з нас задача — «Чалавекам быць». Аўтар кнігі — доктар медыцынскіх навук, загадчык кафедры сацыяльнай працы Белдзяржуніверсітэта, а яшчэ — проста Чалавек, які заклікае чытача ўсвядоміць сапраўдны сэнс свайго быцця, разбудзіць ў сабе тыя духоўныя сілы, якія здольныя скіраваць асобу да яе найвышэйшага прызначэння — не змарнаваць сваю душу, стаць Чалавекам і годна прадоўжыць чалавецтва. «Чым хутчэй кожны разбудзіць струны сваёй душы, тым раней і лепш зайграе тую, асабістую, мелодыю, якая прызначана якраз тваёй асобе, тваёй сям’і, тваёй Радзіме», — піша аўтар у прадмове да чытача, якому шчыра працягвае сваю руку дапамогі, адкрывае сваё сэрца, дарыць багацце сваёй шчодрай душы. Гэтая кніга — і заклік да таго, каб быць Чалавекам, і адначасова гімн Чалавеку, які жыве па Божых запаведзях, не марнуючы неацэннага дару жыцця.

Кніга складаецца з двух раздзелаў — вершаванага («Праз любоў і запаветы») і празаічнага («Асоба і вечнасць»), паяднаных асабістым досведам аўтара, яго мудрасцю і талентам любіць бліжняга, несці яму высокую філасофію хрысціянства. Зборнік яшчэ раз нагадвае нам вядомую з маленства ісціну: кнігі — нашы сябры. Адгарнуўшы кнігу Эдуарда Збароўскага, вы набудзеце яшчэ аднаго надзейнага сябра, які не пакіне вас ні ў самоце, ні ў радасці.

Эдуард Збароўскі
Вершы

Святло ісціны

Я з Богам ісціну шукаў
У кніжным моры, што без краю.
І мудрасць тую, што спаткаў,
На плён жыцця для іншых раю.

Жыць не прыслугай, а служыць,
Асобай стаць, уквеціць справы,
Сям’ю шчаслівую стварыць
І дбаць пра росквіт для дзяржавы.

Святло навукі

«Вучэнне — святло»,
і вучоных нямала,
Дарога ж да шчасця
святлейшай не стала,
Відаць, хоць навука
ідзе роўна з векам,
Усё ж не сказала,
як стаць Чалавекам.

Палон духу

Палоніць дух новая зброя —
Газеты, эфір і экран.
Піярам ствараюць героя —
Часовы і прывідны зман.

Ад гэтай навалы ратунак
Адзін, бадай, можна знайсці:
Абраць па жыцці накірунак
Да Боскае праўды ісці.

Каб зноў чалавек з Яго ласкі
Меў гонар сумленна пражыць,
А СМІ, як бабуліны казкі,
Маглі той жа праўдзе служыць.

Човен лёсу

Шчасціць лёс, жыцця дарога
Тых, хто чоўнам лёсу правіць,
Дзе вясло грабе да Бога,
А другое — працай славіць.