Служыце адзін аднаму кожны тым дарам,
які атрымалі, як добрыя будаўнікі
рознай ласкі Божай…
…каб ва ўсім праславіўся Бог. (1П 4,10)

Ні адзін чалавек нічога не мае ў асабістай уласнасці, бо ўсе дары мы атрымоўваем дзякуючы Богу і дзеля Бога. Мы толькі можам выкарыстоўваць гэтыя сродкі для службы Богу і для хрысціянскага сведчання.

Моладзь бабруйскай парафіі знайшла свой асабісты і вельмі прыгожы шлях для будаўніцтва Валадарства Божага на зямлі. Яны па-свойму служаць Богу і людзям у Каталіцкім Касцёле – яны спяваюць. І на сённяшні дзень у музычнай групы «Magnificat», з Божай дапамогай, ёсць вынікі працы: два альбомы – «Спяваю для Цябе» і « Прачытай у маім сэрцы…». Апошні альбом прысвечаны 25-годдзю пантыфіката Папы Яна Паўла II і 100-годдзю бабруйскага касцёла імя Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Сапраўды, кожны запіс новага альбома – гэта цуд. Чаму? Справа ў тым, што амаль ніхто з групы не мае ніякай музычнай адукацыі, але гэта не перашкаджае спевамі праслаўляць Пана Бога і не толькі падчас Святой Імшы. Моладзь дзеліцца песняй хвалы і з вернікамі розных хрысціянскіх канфесій, і з тымі, хто яшчэ не прыйшоў да Бога, асабліва з аднагодкамі. Адчынены характар працы групы год ад году папаўняе яе склад. У тым, што група жыве, развіваецца і мае плённыя вынікі, найбольшая заслуга сясцёр-салезіянак Алы, Ірыны і Ганны. Іх ахвярная праца і духоўная падтрымка, а таксама дапамога нябеснага апекуна ўсіх маладых людзей свету св. Яна Боскі робяць цуды: моладзь прапануе сучаснаму свету ўбачыць прысутнасць Жывога Хрыста ў кожным дні, ва ўсіх нашых клопатах, праблемах і цяжкасцях.

Алёна Худалей,
Бабруйск