Айцец марыянін Люцыян Паўлік
адзначыў 60-годдзе свайго святарства

У дзяцінстве я, вядома, не ведала, што наш айцец Люцыян Паўлік – законнік, марыянін. Ды і што гэта значыць – быць законнікам – наўрад ці шмат хто ведаў у нашай парафіі. Але ніхто не сумняваўся ў тым, што наш ксёндз моцна любіць Маці Божую. Пра гэтую любоў нібы сведчыла і само імя касцёла – Маці Божай Ласкавай, і надзвычай прыгожы абраз у галоўным алтары, і прыгожыя парафіяльныя фэсты на пачатку мая ды 15 жніўня, як у нас кажуць, на Прачыстую. Сведчылі пра гэта і шматлюдныя ўрачыстыя працэсіі на святы, якія ў Задарожжы – я проста перакананая ў гэтым – былі найпрыгажэйшыя. Памятаю, як адзін ксёндз пасля такой урачыстасці прызнаўся:«У мяне адчуванне, што сёння я ўбачыў часцінку неба». Падумалася тады, што для многіх людзей задарожскі касцёл працяглы час быў гэтай часцінкай неба. І не толькі ў гадзіны прыгожых фэстаў. Найчасцей святар дарыў людзям гэтую магчымасць позна ўвечары альбо на досвітку, калі не было не тое што натхнёных спеваў ды шматлюднай супольнай малітвы, але і проста лішніх вачэй.

Ксёндз Люцыян Паўлік, здаецца, быў у задарожскім касцёле заўсёды. Прынамсі, мы ў дзяцінстве нізавошта не змаглі б уявіць у нашым касцёле кагосьці іншага. І цяпер зразумела, чаму: айцец Люцыян як прыехаў у наш касцёл у 1957 годзе, так да сённяшняга дня і служыць у ім. І, здавалася, заўсёды стаяла непадалёк ад касцёла шэрая нізенькая хацінка, у якой ён доўга жыў да таго, пакуль не пабудавалі новую плябанію. Як ні дзіўна, але яны надзвычай пасавалі адно да аднаго: велічная святыня і ўбогая хатка святара. Цяпер і ў гэтым бачыцца сімвал: пакорлівы слуга пры велічы Таго, Каму служыць...

Ён заўсёды быў для нас таямніцаю. Асабліва тады, калі бацькі, прыйшоўшы ў нядзелю з касцёла, казалі пра тое, што вось сёння ксёндз з амбону зноў сварыўся на тых, хто прыводзіў у касцёл дзяцей. Сучасным маленькім католікам, чытачам беларускага «Маленькага рыцара Беззаганнай», такое, мабыць, нізавошта не зразумець. Ды і мы тады не ўсё добра разумелі, бо хоць ксёндз і «сварыўся», але ж і заўсёды прыветна сустракаў дзяцей, якіх іхнія бабулі ўпотайкі прыводзілі да споведзі. Больш за тое, хадзілі ўпартыя «дэтэктыўныя» чуткі, што і многія мясцовыя начальнікі таксама хрысцілі сваіх дзяцей, але, маўляў, дзесьці далёка.

Мясцовыя начальнікі пісалі ў раёнцы, што ксёндз праводзіць у касцёле шкодныя для калгаснага ладу набажэнствы. Дырэктар школы ўчыняў сярод вучняў апытанні-допыты, хто і як часта з іхніх сем’яў ходзіць у касцёл. Усе мы, савецкія школьнікі, чыталі кніжку Герчыка «Ветер рвет паутину», у якой выкрывалася жудаснае нібыта цемрашальства тых, хто служыць Богу. Усё гэта, вядома ж, засявала зерне сумненняў у дзіцячыя душы. Яно і зразумела: занадта моцная была на наc атака. Але, дзякуй Богу, што нават тады, калі мы гадамі не хадзілі ў касцёл, не спавядаліся, наш касцёл усё гэтак жа велічна ўзвышаўся над ваколіцай, і ў ім кожны дзень настойліва адпраўлялася Святая Імша, а святар не стамляўся маліцца за нашае вяртанне да Бога. Цяпер мы можам сцвердзіць: ён перамог. Разам з нашымі бацькамі.

Як для мяне, то над усім гэтым атэістычна-прапагандысцкім наступам браў верх успамін пра сумную падзею майго дзяцінства. Памёр мой старэйшы брат. У хаце былі хаўтуры. Памятаю, як сядзела я пры ім, нерухомым і пачужэлым, скрозь слёзы ўзіралася на ягоны твар, і мне пачынала здавацца, што ягоныя павекі злёгку ўздрыгнулі. Мне так хацелася, каб брат насуперак смерці ажыў! Ды раптам у суседнім пакоі ўсчалася нейкая гамана: аказваецца, прыехаў старшыня калгаса і прапанаваў бацькам пахаваць брата без ксяндза, а за гэта калгас аплаціў бы жалобны стол. Такая прапанова на тыя хрушчоўскія часы шмат значыла. Памятаю, як мая маці ў плюшаўцы сядзела насупраць старшыні з апушчанай галавой, як потым яна ціха, але цвёрда сказала, што да ксяндза ўжо паехалі і, значыць, няма пра што гаварыць. Мабыць, той выпадак назаўсёды вырашыў для мяне значнасць Касцёла і святара ў нашым жыцці. Для мяне ж, малой, ажыла надзея, што калі мае слёзы не ажывілі брата, то, напэўна, яму прынясе палёгку малітва гэтага чалавека. І на доўгія гады горыч страты майго дзяцінства стала менш горкаю. Ды яшчэ засталася простая ўпэўненасць, што гэта вельмі важна, калі чалавечы шлях ад першых дзён жыцця і да яго апошняга прыстанку праходзіць цераз Касцёл.

Чаму я кажу ўсё гэта, такое глыбока асабістае, у юбілейным артыкуле пра ксяндза Люцыяна Паўліка? Напэўна таму, што і многія мае аднагодкі, адчуваюць тое ж самае, і таму будзе справядліва, калі я скажу тут ад імя многіх і многіх католікаў Віцебшчыны вялікі дзякуй гэтаму чалавеку за тое, што ён быў і ёсць у нашым жыцці. Не, ён не стаў змагаром у звыклым для нас разуменні гэтага слова. І ўсё ж ён адважна і настойліва, сумленна выконваў свой святарскі абавязак. Нават тады, калі гэта было амаль немагчыма.

На сваім святарскім шляху айцу Люцыяну давялося шмат выцерпець, і галоўным выпрабаваннем былі шэсць гадоў у сталінскім лагеры. Шмат кажуць пра характар гэтага чалавека вось хоць бы такія ягоныя словы з ліста да Маці Супольнасці Служабніцаў Езуса ў Эўхарыстыі Апалоніі Пяткун: «Што ж пра Люцыяна (так айцец Люцыян жартаўліва пісаў сам пра сябе), дык ён мае першую катэгорыю і моцны, як вол, бо з дзяцінства жыве ў вялікай устрыманасці, г. зн. здаля ад гарэлкі, цыгарэтаў і жанчын. Важыць ён каля 75 кг, паколькі «малоціць» «казённую сечку з аўсом» так, што аж пыл ідзе. На працу Люцыян ходзіць у лес. Там ён на выспе сячэ ды карчуе тоўстыя, як дубы, дрэвы, невіліруе тэрыторыю і ладзіць масты, каб зімою можна было па вытрамбаваным снезе вывозіць на машынах бярвенні з лесу. Праца цяжкая, але ніхто не падганяе, і таму мне яна падабаецца. Я палюбіў тайгу за яе прыгажосць, дзявоцкасць і самотнасць, але хацелася б як найхутчэй з яе вырвацца, каб быць сярод людзей, г.зн. у «маральнай тайзе», там карчаваць грахі, нівеліраваць правіны і святымі сакрамэнтамі будаваць масты паміж небам і зямлёю».

Такіх мастоў «паміж небам і зямлёю» айцец Люцыян Паўлік пабудаваў за сваю 60-гадовую службу вельмі шмат. І тады, калі яшчэ клерыкам працаваў выхавацелем хлопцаў у каледжы ў Польшчы. І калі вайной прыняў ідолцкую парафію пасля мучаніцкай смерці ксяндза Баляслава Грамса. І калі пасля пажару друйскага касцёла стаў пробашчам гэтай парафіі ды, па сутнасці, зрабіў немагчымае: у такі цяжкі ды неспрыяльны час адрамантаваў святыню. і тады, калі, «заслужыўшы» тым рамонтам ды службаю Богу 25 гадоў зняволення ў Гулагу, ён сваім святарскім словам суцішыў бунт вязняў, які мог нарабіць шмат бяды. І тады, калі пасля лагеру ён прыехаў у задарожскі касцёл, каб доўгія 46 гадоў несці тут службу Богу. І не толькі ў задарожскім касцёле, але і ў Нарачы, да якой ад Задарожжа 100 км, і ў Лынтупах, да якіх 140 км.

На пачатку 90-х гадоў, калі на Беларусь прыйшла чарговая палёгка для вызнаўцаў Хрыста, айцец Люцыян адзін з першых пачаў аднаўляць знявечаныя атэістамі святыні. Велічныя касцёлы ў Лужках, Празароках, Германавічах, менш велічны, але не менш дарагі для вернікаў касцёл у Чарневічах, што за савецкім часам служыў калгасным складам, занядбаную ды ўчарнелую капліцу ў Прошкаве, а ў Падсвіллі, дзе атэісты знішчылі будынак касцёла за хрушчоўскім часам, айцец Люцыян распачаў будоўлю, як кажуць, з нуля.

Для кагосьці, магчыма, усё сказанае вышэй можа здацца фантастыкай: хіба можа адзін чалавек столькі зрабіць? Аказваецца, можа. І гэта пры тым, што ў той час яму было ўжо за 80. Можа хтосьці пазайздросціць такому моцнаму здароўю? А зайздросціць асабліва няма чаму, таму што Пан Бог, дазволіўшы айцу Люцыяну зрабіць так шмат у жыцці, не пашкадаваў для яго і цярпенняў: некалькі сур’ёзных аварый на дарозе, некалькі аперацый, задаўненая язва на назе, якая адбірае і сон, і кароткія адпачынкі, напаўняючы штодзённасць нясцерпным болем. Уначы вяскоўцы часта бачаць у вокнах плябаніі святло, якое азначае, што іхні святар робіць чарговую перавязку на хворай назе. Аднаго разу давялося чуць, як айцец Люцыян вучыў сваіх парафіянаў успрымаць цярпенні: «Я вось як кленчу кожны раз перад табэрнакулюмам, так і ахвярую Пану Богу свой боль».

Цяпер айцец Люцыян у свае 90 гадоў ужо не можа кленчыць без падтрымкі ды і проста рухацца без дапамогі не мае сілы. Але, як і раней, ён адпраўляе Святую Імшу з абавязковым спевам, як і раней, Імша за памерлых адпраўляецца пасля Нешпараў альбо Ютрані, як і раней, у задарожскім касцёле вернікі часта моляцца ружанец разам з пробашчам. Праўда, усё часцей, асабліва ў святы, айцец Люцыян вымушаны прасіць дапамогі ў святароў-суседзяў...

Сваё 90-годдзе айцец Люцыян адзначаў у задарожскім касцёле. Нікога ён не клікаў на свой юбілей, тым больш што быў тады Адвэнт. Людзі самі прыехалі. З мноствам кветак, добрых зычэнняў, з удзячнасцю. Жартавалі потым, што людзей у касцёле ды машын пры ім было не менш, чым на Вялікдзень.

Не менш, мабыць, прыехала іх у задарожскі касцёл і праз некалькі месяцаў, у нядзелю Божай Міласэрнасці, калі айцец Люцыян адзначаў 60-гадовы юбілей святарства. І зноў было шмат кветак, добрых слоў удзячнасці. Выходзячы ў той дзень з касцёла, я моўчкі пажадала будучаму пробашчу, які неўзабаве тут з’явіцца, займець калісьці і такую ж людскую ўдзячнасць.

Ірына Жарнасек