25 сакавіка г.г. Святы Айцец Ян Павел II вынес да хвалы алтароў шэсць новых благаславёных. Сярод іх — вядомы польскі салезіянін Аўгуст Чартарыскі (1858–1893 гг.). «Яго жыццё было змаганнем за пакліканне. Яно вучыць нас метадалогіі адрознення і паслухмянасці. Гэтае пасланне заўсёды актуальнае», — лічыць ватыканскі пастулатар беатыфікацыйнага працэсу кс. Энрыко Даль Каволё. На яго думку, новы благаславёны можа быць прыкладам для сучаснай моладзі, якая «часта мае цяжкасці з распазнаннем волі Божай і з падпарадкаваннем ёй».

Нашчадак магнацкага роду Чартарыскіх быў сынам Уладзіслава Чартарыскага і княгіні Марыі Ампара Муназ ды Віста Алегрэ, дачкі іспанскай каралевы Крыстыны з Бурбонаў. Выхавацелем Аўгуста быў святы Рафал Каліноўскі, а ў супольнасць салезіянаў яго прыняў сам святы Ян Боска.

Сакрамэнт святарства Аўгуст Чартарыскі атрымаў 2 красавіка 1892 г., а 3 мая адправіў прыміцыйную Імшу для сваёй сям’і, якая доўга не магла змірыцца з яго пакліканнем.

Аўгуст памёр праз год пасля святарскага пасвячэння, 8 красавіка 1893 г., у трыццаціпяцігадовым узросце. Ужо тады шмат гаварылася пра яго святасць. Падчас урачыстай беатыфікацыі Святы Айцец Ян Павел II звярнуўся найперш да моладзі. Ён сказаў: «Прыклад святасці новага благаславёнага хачу пакінуць асабліва маладым людзям, якія сёння шукаюць спосабу адкрыцця волі Божай адносна свайго жыцця і хочуць верна ісці кожны дзень за Божым голасам. Мае дарагія маладыя сябры, вучыцеся ў благаславёнага Аўгуста горача прасіць на малітве святла Духа Святога і мудрых кіраўнікоў, каб вы маглі распазнаваць Божы план вашага жыцця і каб здолелі заўсёды крочыць дарогаю святла».

Новая інструкцыя па літургіі

23 красавіка 2004 г. у Прэс-бюро Апостальскай Сталіцы была пададзена інструкцыя Redemptionis Sakramentum, якая з’яўляецца выкананнем наказу Папы, змешчанага ў энцыкліцы Ecclesia de Eucharistia. Інструкцыя была апрацавана Кангрэгацыяй па справах Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры супрацоўніцтве з Кангрэгацыяй веравучэння і падпісаная прэфектам першай Кангрэгацыі кардыналам Францісам Арынцэ 25 сакавіка 2004 г.

У гэтым дакуменце, які складаецца з 186 параграфаў, няма новых прадпісанняў, тут узгадваюцца ранейшыя, якія датычаць Эўхарыстыі і змешчаны ў Кодэксе кананічнага права, у дакументах Касцёла і ў літургічных кнігах.

Ва ўступе да інструкцыі напісана, што яе мэта — нагадаць абавязковыя нормы, якія датычаць цэлебрацыі Эўхарыстыі, і спыніць злоўжыванні, якія сям-там з’яўляюцца.

Першы раздзел нагадвае пра адказнасць дыяцэзіяльнага біскупа і Канферэнцыі Епіскапату за літургію.

У дакуменце падкрэслена, што біскупы і Канферэнцыі біскупаў не маюць права ўводзіць літургічных эксперыментаў, як гэта здаралася раней. У будучым кожная змена павінна будзе зацвярджацца Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

У II раздзеле падкрэслена роля свецкіх вернікаў у цэлебрацыі літургіі.

III раздзел прысвечаны цэлебрацыі Эўхарыстыі згодна з правам. Тут нагадваюцца прадпісанні Касцёла, якія датычаць прадмета Эўхарыстыі, гэта значыць, хлеба і віна, эўхарыстычных малітваў, чытання Божага слова і гаміліі, а таксама паяднання Эўхарыстыі з іншымі літургічнымі дзеяннямі.

IV раздзел прысвечаны Святой Камуніі. У ім гаворыцца пра абавязак яе годнага прыняцця і ўдзялення, а таксама ідзе гаворка пра Святую Камунію пад дзвюма постацямі.

У V раздзеле змешчаны заўвагі на тэму месца адпраўлення Святой Імшы, канцэлебры і эўхарыстычнага посту, а таксама пра святое начынне ды літургічныя шаты.

У VI раздзеле агаворваецца захоўванне Найсвяцейшага Сакрамэнту і эўхарыстычны культ па-за Св. Імшою (адарацыя, эўхарыстычныя працэсіі і кангрэсы).

У VII раздзеле ўдзяляецца ўвага вельмі важнай ролі свецкіх вернікаў у цэлебрацыі Эўхарыстыі.

У VIII раздзеле гаворка ідзе аб папераджальных мерах супраць злоўжыванняў пры цэлебрацыі Эўхарыстыі. Тут узгадваюцца неадпаведныя паводзіны, так званыя delicta graviora (вельмі цяжкія грахі), у адносінах да святасці Эўхарыстыі, а таксама іншыя сур’ёзныя злоўжыванні і парушэнні. У раздзеле нагадваецца пра тое, што ардынарый месца павінен дбаць аб захаванні інструкцый касцёльнага права.

Святы Айцец зацвердзіў гэту інструкцыю ва ўрачыстасць святога Юзафа, 19 сакавіка 2004г.

«Gość Niedzielny» за 2 мая 2004 г.;
«KAI», № 17 за 2004 г.

Падлічана, што толькі ў XX ст. у свеце было замучана больш за 45 млн хрысціянаў. Гэта амаль 60 % усіх хрысціянскіх мучанікаў. Часцей за ўсё яны былі жорстка закатаваныя за тое, што не выракліся Хрыста. Значна больш хрысціянаў пераследуецца, церпіць здзекі і рэлігійны ўціск. У многіх краінах яны не маюць права будаваць святыні, удзельнічаць у набажэнствах, насіць крыжыкі альбо іншыя рэлігійныя сімвалы.

У апошняе дзесяцігоддзе ўвесь час расце колькасць закатаваных каталіцкіх місіянераў. З дадзеных, сабраных прэс-агенцтвам ватыканскай Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў Fides, вынікае, што ў 1990–2000 гг. былі забіты ажно 604 місіянеры. Толькі за апошні год праціўнікі крыжа закатавалі на місіях 35 асобаў — святароў, законных сясцёр, клерыкаў і свецкіх.

Гэтыя дадзеныя прыводзіць каталіцкі тыднёвік «Gość Niedzielny» ў 17-м нумары, прысвечаным тэме пераследу хрысціянаў у свеце.

Падрыхтавала К. Лялько