Сапраўдным святам каталіцкай кнігі стаў Х Кірмаш каталіцкіх выдаўцоў, які адбыўся ў Варшаве 16-18 красавіка 2004 г. У ім прынялі ўдзел 86 польскіх і замежных выдавецтваў. Упершыню ў варшаўскім фэсце ўдзельнічала выдавецтва «Pro Christo» з Мінска (Беларусь), а таксама каталіцкія выдавецтвы Edizioni San Paolo з Мілана (Італія) і Veritas з Лондана (Англія). Ганаровым госцем Кірмашу было Ватыканскае выдавецтва Libreria Editrice Vaticana, якое прадстаўляла таксама Ватыканскую бібліятэку, Ватыканскія музеі і Ватыканскія архівы.

Святы Айцец Ян Павел ІІ даслаў сваё апостальскае благаслаўленне ўдзельнікам і наведвальнікам юбілейнага Кірмашу каталіцкіх выдаўцоў. Папа напісаў: «Прашу Бога, каб гэтая ініцыятыва паспрыяла плённаму абвяшчэнню Евангелля, развіццю культуры, а таксама пабудове цывілізацыі любові і міру».

На адкрыцці Кірмашу прысутнічаў Прымас Польшчы кардынал Юзаф Глемп, які зацікаўлена агледзеў багаты даробак каталіцкіх выдавецтваў. Затрымаўся таксама каля стэнду «Pro Christo». Асаблівую цікавасць Яго Эмінэнцыі выклікалі «Выбраная паэзія» Караля Вайтылы і «Рымскі трыпціх» Яна Паўла ІІ, густоўна выдадзеныя пад адною вокладкаю па-беларуску, салідны і прыгожы том «Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Частка І», а таксама кніга А. Ярашэвіча «Маці Божая Снежная» ў Беларусі», што выйшла ў серыі «Бібліятэка часопіса Наша вера»...

Тры дні працягвалася гэта прыгожае свята, арганізаванае Таварыствам каталіцкіх выдаўцоў і Выдавецтвам ксяндзоў марыянаў. У яго рамках адбываліся прэзентацыі новых кніг, сустрэчы з іх аўтарамі, дыскусіі, знаёмствы і сяброўскія размовы калегаў.

Як слушна зазначыў у сваім прывітальным слове старшыня Таварыства каталіцкіх выдаўцоў ксёндз Марэк Атольскі МІС, «гэты Кірмаш ужо дзесяты раз дае выдаўцам магчымасць сустрэцца, паказаць свой выдавецкі даробак, абмяняцца вопытам...» Для выдавецтва «Pro Christo» ён стаў значнаю і важнаю падзеяй, якая дала выключную магчымасць упершыню паказаць шырокаму свету тое, што ўжо зроблена, і ўважліва агледзець зробленае іншымі.

Спецыяльна для Кірмашу супрацоўнікі выдавецтва «Pro Christo» Алег Глекаў і Мікалай Новікаў падрыхтавалі дзве фотавыставы: «Скарбы, якія можна ўратаваць» (фотакопіі старажытных іконаў са сховішчаў Музея старажытнай беларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі), і «Вясна Касцёла на Беларусі» (мастацкія здымкі, на якіх адлюстравана адраджэнне каталіцкай веры ў нашым краі).

Радасна, што плён працы «Pro Christo» выклікаў вялікую цікавасць як у калегаў, так і ў шматлікіх наведвальнікаў X Кірмашу, а таксама ў прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. За гэту вялікую радасць далучэння да сапраўднага свята каталіцкай кнігі наша вялікая ўдзячнасць Епіскапату Польшчы, Таварыству каталіцкіх выдаўцоў і Выдавецтву ксяндзоў марыянаў. Няхай Уваскрослы Хрыстус усіх іх шчодра ўзнагародзіць за дабрыню, спагаду і падтрымку.

К. Лялько
Фота М. Новікава