Працяг. Пачатак у № 4 >>>

2. Межы кананізацыі грамадзянскага права

Натуральна, што прыняцце нормаў, якія паходзяць з іншай крыніцы, чым правамоцная заканадаўчая ўлада, як неад’емная частка юрыдычнага парадку не адбываецца аўтаматычна і неабмежавана. Пэўныя абмежаванні агульнага характару, якія датычаць гэтай матэрыі, акрэслівае вышэйзгаданы канон 22 існуючага Кодэкса кананічнага права (ККП). Гэты канон прадугледжвае, што дадзеная норма грамадзянскага права, да якой звяртаецца касцёльны заканадаўца, абавязвае да такой ступені, якая не пярэчыць Божаму праву1 або іншым прадпісанням кананічнага права. Мэтай гэтага абмежавання з’яўляецца папярэджанне той сітуацыі, калі ў працэсе кананізацыі ў невядомы спосаб у касцёльны юрыдычны парадак могуць трапіць нормы, якія былі б адпрэчаныя заканадаўцам, калі б былі яму вядомыя. У выніку самі па сабе яны не мелі б ніякай юрыдычнай сілы, таму што Касцёл не можа ўстанаўліваць, а тым больш прымаць нормы, якія пярэчаць Божаму праву2. Аднак, калі гаворка ідзе пра разнагалоссе з нормамі кананічнага права, варта заўважыць, што Касцёл, які прадпісвае выкарыстанне грамадзянскага права ў канкрэтнай матэрыі, ні ў якім разе не адмаўляецца ад магчымасці аўтаномнага ўрэгулявання той самай матэрыі. Касцёл можа прымаць або свабодна адпрэчваць прадпісанні, якія сведчаць пра кананізацыю грамадзянскага права3. У самім Кодэксе такім прыкладам могуць быць прадпісанні ў канонах 197–199, якія датычаць прэскрыпцыі, дзе кананічныя нормы адрозніваюцца ад нормаў грамадзянскага права ў такіх пытаннях, як добрасумленнасць4, прадмет і час, неабходны для прэскрыпцыі.

Такога тыпу абмежаванні і рэзервы не з’яўляюцца спецыфічнымі толькі для кананічнага права – яны ўласцівыя і іншым юрыдычным парадкам, хоць могуць мець іншую фармулёўку.

Такім чынам, згаданае вышэй палажэнне «Аб унясенні зменаў і дадаткаў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнаняў і рэлігійных арганізацыях»» рэкамендуе рэлігійным арганізацыям ажыццяўляць унутранае заканадаўства ў адпаведнасці са сваімі ўласнымі статутамі, але з умовай, што гэтыя арганізацыі абавязаны выконваць патрабаванні Канстытуцыі РБ, існуючага Закона і іншых актаў заканадаўства РБ. Артыкул гэтага ж палажэння таксама выразна гаворыць, што:

Артыкул 2. Дадзены Закон мае сілу праз дзесяць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Статуты рэлігійных арганізацый, зарэгістраваныя да ўваходжання ў сілу дадзенага Закона, неабходна прыводзіць у адпаведнасць з існуючым Законам. Статуты рэлігійных арганізацый да іх прывядзення ў адпаведнасць з Законам дзейнічаюць толькі ў той частцы, у якой яны не пярэчаць існуючаму Закону.

Сэнс гэтага прадпісання не пакідае ніякіх сумненняў адносна таго, як юрыдычны парадак РБ ставіцца да ўнутраных прадпісанняў рэлігійных арганізацый. Аднак само працытаванае вышэй палажэнне прадбачыць магчымасць прызнання перавагі іншых прадпісанняў над уласнымі ў матэрыі, якую яно рэгулюе. Гэта мае месца ў выпадках міжнародных пагадненняў. У артыкуле 40 існуючага права гаворыцца:

Артыкул 40. Міжнародныя дамовы.

Калі міжнароднай дамовай, заключанай РБ, прынятыя іншыя правілы, чым тыя, якія ёсць у існуючым Законе, то выкарыстоўваюцца правілы міжнароднай дамовы.

Норма такога тыпу ні ў якім разе не абмяжоўвае суверэннасці заканадаўцы, а толькі тлумачыць праблематыку ўласнага юрыдычнага парадку па пытаннях міжнародных дамоваў і юрыдычнай сілы іх пагадненняў. Натуральна, што калі заключэнне якой-небудзь дамовы не прыносіць ніякіх новых вырашэнняў і канкрэтных пастановаў, то яно і не мае ніякага сэнсу.

Ксёндз Хенрык Ягадзінскі
Заканчэнне ў №7 >>>

  1. Божае права – гэта група прававых фактараў, аўтарам якіх з’яўляецца сам Пан Бог і якім падпарадкоўваюцца нормы чалавечага кананічнага права, бо яны не маюць ніякай вартасці, калі пярэчаць Божым запаведзям. Кананічнае права звяртае ўвагу на існаванне натуральнага Божага права і станоўчага Божага права. Натуральнае Божае права вынікае з самой натуры чалавека як разумнай істоты, створанай Богам, а станоўчае Божае права з’яўляецца плёнам адкрыцця. Пар. P. Lomobradia Lezioni di diritto canonico, Milano, 1985, c. 8-9.
  2. Ciprotti P., Canonizzione delle leggi civili, у Digesto delle discipline pubblicistiche, v. 2, Torino, 1987, с. 453-458.
  3. 3 Feliciani G. Canonizzazione delle Leggi civili, у Nuovo Dizionario di Diritto Canonico , [red. C.C. Salvador, V. De Paolis, G. Ghirlanda], с. 121.
  4. 4 Згодна з канонам 198 ККП ад 1983 г., добрасумленнасць неабходная для існавання прэскрыпцыі напрацягу ўсяго працэсу, а не толькі з яго пачатку.