Біскуп Юзаф Завіткоўскі

«Пакуты Хрыстовы» паглядзелі ўжо мільёны палякаў. Так шмат добрага і кепскага сказалі ўжо людзі пра фільм Мэла Гібсана! Разумею ўсе выказванні, паважаю іх, хоць часам і здзіўляюць мяне рэцэнзенты.

Я баяўся глядзець «Пакуты Хрыстовы». Мой страх быў апраўданы, бо фільм зруйнаваў некаторыя карціны майго ўяўлення пра Муку Хрыста. Аднак мова фільма мае свае правы. Рэжысёр павінен мець сваю свабоду творчасці, каб пераказаць гледачу асабісты погляд на тэму.

Трэба быць адважным, каб распачаць такі вялікі твор, які знаходзіцца на мяжы гісторыі і веры чалавека. Можна паказаць пакуты чалавека, але немагчыма праўдзіва і дасканала паказаць Муку Бога-Чалавека, бо для адкуплення чалавецтва хапіла б і адной кроплі Крыві Збаўцы.

Кожны з нас успрымаў гэты фільм па-свойму. Я хачу толькі сказаць тым, хто ўжо паглядзеў яго, пра маё прачытанне трох эпізодаў фільма, якія я ўспрыняў як плён глыбокага разважання, медытацыі і веры рэжысёра.

  1. У часе малітвы Езуса ў Садзе Аліўным з’яўляецца змей, які поўзае ля ног Збавіцеля. Гэтага няма ў Евангеллі. Трэба звярнуцца да Кнігі Быцця і прачытаць Праевангелле: І пакладу варажнечу паміж табой, шатане, і Жанчынаю. Паміж патомствам тваім і Яе патомствам. Яно раструшчыць табе галаву. Ты будзеш джаліць Яго пяту, але Яго не ўкусіш (пар.Быц 3,15).

    Менавіта тут рэжысёр паказаў экзарцызм, калі Езус нагою растаптаў галаву змея, ажно хрупнулі косткі. Зала здрыганулася, але гэта – не апошняя перамога.

  2. Апошняя перамога Хрыста над смерцю, пеклам і шатанам будзе ў хвіліну смерці Езуса, калі кропля Мукі спадзе на страшыдлу і разваліцца галава шатана, разваліцца пекла, ажно задрыжыць зямля, космас, заслона і камяні святыні.

    Гэта ўжо апошні экзарцызм, але вечны спакушальнік будзе да канца часоў поўзаць каля брамы чалавечага сэрца, каб чалавек не быў збаўлены (пар.Быц 4,7). О, гэта вельмі моцная праўда!

  3. Ёсць у фільме эпізод, калі пасля бічавання Пана Езуса Марыя выцірае Кроў Хрыста з каменнага долу белаю тканінаю, якую падала Ёй Клаўдзія. Крыві вельмі шмат. На Марыіным твары таксама ёсць кроў, Яе рукі акрываўлены, але Марыя старанна пурыфікуе каменне.

    Ведаю, што ў Святой Імшы азначае пурыфікацыя: святар вымывае келіх так, каб ніводная кропля Крыві Хрыста не была дарэмнаю, каб Мука Хрыста і ласка адкуплення не былі для нас дарэмныя.

Кожны раз, калі я чытаю альбо гляджу на Муку Хрыста, у мяне нараджаецца пытанне: «А што я там раблю? Здраднік я альбо Сымон, Вераніка альбо кат, сотнік, Нікадэм альбо Пілат, які цяжка думае над пытаннем, што такое праўда?

Пасля прагляду фільма размаўляў з моладдзю.

– Чаго плачаш? – запытаў у адной з дзяўчат.
– Гэта сапраўды так было? – адказала пытаннем.
– Напэўна, было горш.
– А адзін ксёндз казаў, каб я не глядзела фільм, бо там зашмат крыві...
– Зашмат яе штодня ў тэлевізары. Не плач! Будзь Веранікаю!

Пане Мэл!
Няхай Бог узнагародзіць і вас, і кожнага акцёра, кожнага, хто дапамагаў ствараць гэты фільм. Заплаці, Божа, ім за тое, што выклікалі так шмат пачуццяў! Да гэтага фільма, як і да Хрыста, нельга заставацца абыякавым.

Да канца свету адны будуць крычаць «укрыжуй Яго!», другія будуць Яго любіць за тое, што праз Крыж і Муку сваю нас адкупіў. Так сапраўды ёсць, так было і так будзе.
А потым будзе Змёртвыхпаўстанне.

Ён сапраўды быў Сынам Божым! (пар. Мц 27,54).
– Цяпер гэта крычыш?
Пан мой і Бог мой! (Ян 21,17).
– Ну, бачыш, Тамаш, навошта ж столькі крыку?
Пане, Ты ўсё ведаеш (Ян 21,17).
Ты ведаеш, што я люблю Цябе ( Ян 21,16).
– Сапраўды?
– Так!
Равуні! Настаўнік Любасны! (пар. Ян 20,16).
– Цяпер вы будзеце мне сведкамі.
Тут, у Еўропе, і ажно па край зямлі (пар. Дз 1,8) .

«Niedziela», № 15, 11.IV.2004.
Пераклад І. Жарнасек