Так сталася, што пакуль фільм Мэла Гібсана «Пакуты Хрыстовы» з’явіўся ў кінатэатрах Мінска, многія паспелі начытацца пра яго шмат самых розных, у большасці дыскусійных артыкулаў у прэсе. Пераважна ў замежнай. Таму, нягледзячы на адсутнасць рэкламы, цікавасць да фільма ў нашага гледача была вялікая. У касах стаялі чэргі.

Прызнацца, асабіста мне трэба было пераадолець сумненні, ці, можа, хутчэй боязь перад тым, што ўбачу на экране. Былі асцярога і недавер. І пастаянна вярталася думка пра тое, што нельга паказаць Таямніцы Збаўлення...

Цяпер, пасля прагляду фільма, магу сказаць, што рэжысёру ўдалося большае: ён змог наблізіць да нас сэнс гэтай Таямніцы. Ужо ў першых кадрах фільма ўзнікаюць перад вачыма словы з Кнігі Ісаі: «Ён узяў на сябе наша цярпенне. Ён нёс наш боль... Выпала Яму бічаванне, збаўчае для нас, а ў Яго ранах – наша здароўе» (гл. 52, 13; 53+, 12).

Несумненна, гэты фільм для тых, хто здольны чытаць і разумець, бачыць і чуць. Найперш – фільм-рэфлексія, фільм-роздум, нягледзячы на ўсю дынаміку, на ўсю хуткасць змены кадраў і напружанасць дзеяння.

Энергетыка фільма – моцная, балючая і светлая – трымае ў сваім полі ад самай першай сцэны ў Садзе Аліўным і да апошняй. Трохмернасць гуку, які далятае не толькі з экрана, але як бы з боку і недзе з-за плячэй, стварае ўражанне асабістага ўдзелу ў падзеях, што адбываюцца на экране.

Часам самі сабою апускаюцца вочы: няма сілы глядзець на ўвесь жах мукі. А ў душы міжволі ажываюць сцэны твайго ўласнага жыццёвага шляху і тваіх асабістых упадкаў, моманты твае здрады Таму, Хто так пакорна і страшна цярпеў дзеля твайго збаўлення. З вачэй плывуць слёзы пакаяння і перапрашэння. Слёзы ачышчэння. Становіцца лягчэй, як пасля споведзі...

Думаю, што Мэл Гібсан стварыў гэты фільм найперш для нас, хрысціянаў. Для нашага абуджэння, для абнаўлення нашай веры, для напаўнення новым сэнсам таго, што мы часам так бяздумна-звыкла паўтараем у штодзённых таямніцах Ружанца і ў малітвах Крыжовага шляху. Пасля фільма ён сам напісаў: «Спадзяюся, што дзякуючы «Пакутам Хрыстовым» значна больш людзей спазнае сілу любові Хрыста і дазволіць Яму дапамагчы ім асягнуць збаўленне».

Мы запыталіся пра ўражанне ад гэтага фільма ў святароў, супрацоўнікаў рэдакцыі і нашых чытачоў. Многія, на жаль, не захацелі выказаць сваю думку, а тыя, што пагадзіліся, аказаліся аднадумцамі: фільм прынялі, але ўспрынялі яго кожны па-свойму. І цяпер гэтым успрыманнем дзеляцца з вамі. Абмеркаванне мы распачалі артыкулам біскупа Юзафа Завіткоўскага з Польшчы.

Крыстына ЛЯЛЬКО

Угрунтаваны на праўдзе

Вакол гэтага кінафільма вельмі шмат спрэчак: «Праўда гэта альбо не? Жорсткі альбо рэальны?» і г. д. Што тычыцца праўды, скажу, што ўвесь фільм грунтуецца на ёй. Рэжысёр цвёрда прытрымліваецца Святога Пісання. Вялікі ўплыў на фільм зрабіла таксама кніга вядомай містычкі Анны Кацярыны Эмерых. Адносна жорсткасці фільма зазначу, што рэжысёр нават не паказаў да канца ўсёй страшэннай праўды пакутаў і цярпенняў Хрыста, бо іх немагчыма ні апісаць, ні паказаць.Усё пекла ўзнялося на барацьбу з Хрыстом. А гэта так страшна, што і ўявіць немагчыма.

Вельмі яскрава Мэл Гібсан паказвае самаахвярнасць Езуса Хрыста і тое, чаго каштаваў Збавіцелю людскі грэх. У сучасным свеце людзі стараюцца пазбягаць цяжкасцяў, праблем і цярпення. Старанна імкнуцца абмінаць свае крыжы. Эгацэнтрызм авалодаў душамі. Пра гэта красамоўна сведчыць жудасная статыстыка абортаў. У многіх краінах нават дазволены забойствы хворых людзей, якія даюць на гэта згоду, так званая эўтаназія. Многія забыліся альбо яшчэ не ведаюць пра збаўчую місію Езуса Хрыста, і вось гэты фільм — яскравы напамінак.

Шмат можна гаварыць і пра цікавыя мастацкія прыёмы фільма. Вельмі арыгінальна пададзена сцэна з Пілатам. Пракуратар з усіх сіл змагаецца з сітуацыяй, і сітуацыя змушае яго да такога страшнага выбару. Уражвае сцэна ў Садзе Аліўным, дзе Езуса спакушаў д’ябал. Не менш цікава паказаны эпізод спакусаў Юды Іскарыёта, асабліва пасля здрады.

Вельмі ўдалае ў фільме і светлавое вырашэнне. Спалучэнне зялёнага, блакітнага і чырвонага колераў ўносіць асаблівую арыгінальнасць у зрокавыя выявы. Наогул фільм вельмі экспрэсіўны. Глядач не стамляецца на працягу ўсяго прагляду. Лічу, што фільм удалы і вельмі карысны для ўсіх людзей, не толькі вернікаў.

Ксёндз Юзаф Дзеконьскі,
пробашч парафіі
св.Міхала ў Мазыры

Вельмі добрая катэхеза

У гэтым фільме вельмі яскрава паказана тое, якой цаной было здабыта наша збаўленне, а таксама тое, наколькі вялікая Божая любоў да нас. Як чытаем у Святым Пісанні: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб усякі, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16).

У фільме добра відаць, што зроблены ён не як фільм жахаў, як некаторым здаецца, але як жорсткая рэальнасць збаўчай місіі Езуса Хрыста.

Чуючы водгукі, асабліва маладых людзей, прыходзіш да высновы, што гэты фільм вельмі патрэбны ўсім хрысціянам на пачатку XXI стагоддзя. Вельмі важны ён і для нашай краіны, у якой адчуваецца вялікі голад па сапраўдных адвечных каштоўнасцях.

Думаю, дзякуючы гэтаму мастацкаму фільму ў многіх сэрцах пачнуць адраджацца тыя сапраўдныя вартасці, якія знаходзяцца па-за часам і па-за модай. На мой погляд, фільм з’яўляецца яшчэ і вельмі добрай катэхезай аб любові Бога да чалавека і вернасці Бога свайму Слову, у якім Ён абяцаў свету збаўленне праз Месію.

Ксёндз Анатоль Ярошка,
пробашч парафіі
св. Францішка ў Мінску

Магчымасць паглыбіць веру

На фоне бязвартаснасці сённяшняга кінематографа гэты фільм вельмі каштоўны, асабліва для хрысціянаў. Зразумела, як і кожны мастацкі фільм, ён адлюстроўвае пэўны аўтарскі погляд, у дадзеным выпадку — вядомага галівудскага актора Мэла Гібсана. Для гледача — гэта добрая магчымасць паглыбіць веру і палюбіць Езуса Хрыста. Вядома ж, да кінатвора трэба ставіцца як да мастацтва. Але, мяркую, што фільм стварае для нас добрыя падставы, каб яшчэ больш наблізіцца да Хрыста, глыбей перажыць Ягоную муку, дапамагае зразумець сэнс Крыжовага Шляху Збаўцы і сэнс Вялікага Посту. Важна і тое, што гэта своеасаблівы погляд на гісторыю, а таксама красамоўны доказ таго, што жыццё і смерць Езуса не легенда, але гістарычная рэальнасць, і фільм вяртае нас у гэтую рэальнасць. Я ўпэўнены, што ён узрушыў сэрцы многіх людзей. Пра гэта сведчаць хоць бы і тыя аншлагі ў кінатэатрах.

Ксёндз Юзаф Мельдзюк,
пробашч парафіі
Маці Божай Будслаўскай у Мінску

Каб задумацца над жыццём...

Я шмат чытаў пра гэтага рэжысёра і прыемна быў здзіўлены яго пабожнасцю. Уразіла мяне і тое, што, калі здымаўся фільм «Пакуты Хрыстовы», кожны дзень пачынаўся Святою Імшою. Мэл Гібсан не баіцца сведчыць аб сваёй веры, ярка выказвае яе ў такі складаны час. Такая пазіцыя актора і рэжысёра з Галівуда выклікае павагу. Як актор ён, напрыклад, часта здымаўся ў рэлігійных фільмах, а гэта кінастужка як бы кульмінацыя той працы ці нават крык душы.

Я лічу фільм «Пакуты Хрыстовы» адным з метадаў евангелізацыі. Гэта своеасаблівая апостальская дзейнасць католіка Мэла Гібсана. Я ведаў, што фільм максімальна набліжаны да рэальнасці, але падчас прагляду было шмат, так бы мовіць, неспадзяванак. Адною з іх для мяне стала сцэна бічавання Езуса Хрыста... Вельмі ўразіла сцэна ўкрыжавання Збавіцеля.

Па рэакцыі залы было відаць, што фільм не пакінуў нікога абыякавым. Заўважыў я і тое, што ў кінатэатр людзі ўваходзілі шумна, а пасля фільма выходзілі моўчкі, многія з заплаканымі вачыма...

Я ўпэўнены, што, перажываючы мукі Езуса, многія задумаліся і над сваім жыццём. Камусьці гэта дапаможа больш мужна пераносіць свае цярпенні, спалучаючы іх з цярпеннем Хрыста за збаўленне свету. Мяркую, што паглядзець гэты фільм было б карысна ўсім, як глыбока веруючым, так і няверуючым.

Ксёндз Пётр Шарко,
пробашч парафіі Маці Божай Нястомнай дапамогі.
Шэметава.

Рэальнасць, пра якую трэба памятаць

Перад праглядам фільма Мэла Гібсана «Пакуты Хрыстовы» я чула нямала водгукаў на гэту кінастужку. Меркаванні былі розныя, ад вельмі пазітыўных да непрымальных, як, напрыклад, «фільм жорсткі», «фільм жахаў».

У мяне гэты фільм выклікаў аналогію з дакументальнымі фільмамі амерыканскага ўрача Бернарда Натансона «Нямы крык» і «Цяжкая праўда», дзе паказаны жах забойства ненароджаных дзяцей падчас аборту. На гэта глядзець вельмі цяжка, часам нават немагчыма, але... Гэта жорсткая праўда, наша рэальнасць. Кожны дзень у паліклініках і бальніцах усяго свету забіваюць ні ў чым не павінных дзяцей. Яны гінуць страшнай пакутніцкай смерцю. А навокал — маўчанне. Рэдка хто падае голас у абарону гэтых маленькіх пакутнікаў. Дзякуй Богу, знайшоўся Бернард Натансон і паказаў усю жахлівую сутнасць аборта... Паказаў праўду жыцця. Цяжкую, але праўду.

Таксама і з мастацкай кінакарцінай «Пакуты Хрыстовы». Гэта гістарычная рэальнасць, пра якую трэба памятаць. Вельмі жорсткая, часам невыносная, але мы, хрысціяне, павінны яе ведаць.

Галіна Горская

Набліжэнне да Таямніцы

Фільм «Пакуты Хрыстовы» я ўпершыню ўбачыла ў нашым катэдральным касцёле падчас сустрэчы моладзі. Уражанне засталося вельмі моцнае, напэўна, на ўсё жыццё. Бо адна справа, калі бачыш Крыжовы шлях у касцёле, нават у інсцэніроўцы, і зусім іншая — бачыць пакуты Езуса так, як яны, магчыма, адбываліся насамрэч. Тады хоць крышачку набліжаешся да той загадкавай Таямніцы, што Бог, Збаўца свету, памёр у страшэнных муках за сваё грэшнае, эгаістычнае стварэнне, якое так часта абражае Яго сваімі дрэннымі паводзінамі і ўчынкамі. Якая вялікая і бязмежная Любоў Пана Бога да нас выявілася ў гэтых пакутах Хрыста!

І, на мой погляд, проста немагчыма застацца абыякавым да гэтай Любові, немагчыма і далей працягваць жыць так, быццам Езус не памёр за нас і тым самым не падараваў найвялікшы шанец быць з Ім у небе.

Гэты фільм стаў для мяне своеасаблівым штуршком да таго, каб больш дасканала працаваць над сабой, бо кожны мой грэх — гэта яшчэ адзін удар, яшчэ адзін востры цвік для Таго, Хто не пашкадаваў нават Адзінароднага Сына дзеля майго адкуплення. Лічу, што кожнаму хрысціяніну варта паглядзець «Пакуты Хрыстовы», каб лепей усвядоміць цану нашага збаўлення, бо часта даводзіцца чуць, што гэты фільм жудасны, псіхалагічна цяжкі, і таму яго лепей не глядзець. Але гэты жах мы зрабілі самі, парушаючы Божыя запаведзі. Таму вельмі важна задумацца над тым, што кожны дзень, чынячы грэх, мы прымушаем Хрыста зноў і зноў пакутаваць, можа, яшчэ мацней, чым гэта адлюстравана ў кінастужцы. Але ў нашых сілах зрабіць іншае: пакораю і чысцінёю сэрцаў дапамагчы Езусу несці крыж, як Сымон Кірынеец, ці, як Вераніка, хусткай выцерці Яго стомлены і скрываўлены твар.

Ларыса Дарашэнка

Перамагае Любоў

Не магу прыгадаць нейкага іншага фільма, які б узрушыў, а дакладней, які скалануў бы мяне так, як «Пакуты Хрыстовы» Мэла Гібсана. Ідучы пасля прагляду фільма з кінатэатра «Кастрычнік» па вуліцах Мінска, я нечакана сказала самой сабе:«Я там была». Там, на вуліцах Ерузалема, на Крыжовым Шляху Езуса. Толькі кім? Я яшчэ адкажу сабе на гэтае пытанне. Потым адкажу, яшчэ і яшчэ раз прыгадваючы сцэны фільма, разважаючы над убачаным. Мабыць, гэты твор тым і адметны, што прымушае да роздуму, пераацэнкі каштоўнасцяў, да пастаноўкі самому сабе няўхільнага і простага пытання:«Хто я на Езусавым Крыжовым Шляху?»

Хтосьці, магчыма, успрыме такі падыход як празмерную экзальтацыю. Я ж, разлічваючы на тое, што гэтыя мае словы чытаюць вернікі, параю толькі паспрабаваць пасля прагляду фільма памаліцца Крыжовы Шлях альбо балесныя таямніцы Ружанца. Думаю, вам не давядзецца прымушаць сябе прыгадваць сцэны з фільма ў Садзе Аліўным, сустрэчы Езуса з Веранікай альбо з Маці (якая ж яна балесная ў выкананні актрысы Маі Моргэнштэрн!). Вам не давядзецца змушаць сваю памяць — яна спрацуе без вашага высілку...

Сам Мэл Гібсан не іграе ніякай ролі ў гэтым фільме, толькі ў часе сцэны ўкрыжавання на экране з’яўляецца ягоная рука, што забівае цвік у руку Збаўцы...

– Дык хто ж укрыжаваў Хрыста? – запыталі ў Гібсана ў адным інтэрв’ю.
– Я, – адказаў ён.

Толькі такое аголенае, самакрытычнае і хрысціянскае стаўленне да Мукі Езуса Хрыста магло дапамагчы аўтару стварыць такі, а не іншы фільм. Чытала ў замежнай прэсе пра тое, што Гібсан задумаў гэты фільм 10 гадоў таму, што сам фінансаваў яго і што ў часе працы над фільмам ён штодня ўдзельнічаў у Святой Імшы, прымаў Святую Камунію. Тое ж самае казаў пра сябе і выканаўца ролі Езуса Хрыста Джым Кавізел. А Франчэска дэ Вітэ, які сыграў ролю св. Пятра, сказаў пра сябе і іншых акцёраў:«Фільм змяніў нас».

Я пераканана: гэты фільм змяніў і яшчэ зменіць не толькі яго стваральнікаў, але і многіх гледачоў. І не толькі тых вернікаў, хто перагледзіць сваё стаўленне да Хрыста, зробіць яго глыбейшым і больш непасрэдным, але і многіх з тых, хто дагэтуль не задумваўся над спрадвечнымі пытаннямі веры, любові, надзеі, прабачэння. Бо ёсць жа ў фільме жаўнер, якому Езус аздараўляе вуха ў Садзе Аліўным і чый твар не раз потым з’явіцца на экране – твар чалавека, што пачынае думаць і ў чыім сэрцы, магчыма, усчалася барацьба дабра са злом. Ёсць у фільме злачынца Дызма, што пакаяўся на крыжы побач з Езусам, ёсць Сымон, які дапамагае Езусу несці крыж і спакваля ператвараецца з баязліўца ў таго, хто спачувае Асуджанаму. Ёсць горкі плач Пятра над сваёй здрадай Езусу...

Надзвычай удалыя і моцныя ў фільме кароткія праекцыі з Крыжовага Шляху на ранейшыя падзеі Евангелля, калі Езус кажа людзям пра любоў, прабачэнне, вернасць, пра Боскае і чалавечае ў нашым свеце, пра тое, што Ён не пакіне нас. Гэтыя эпізоды даюць, на маю думку, і стваральнікам фільма, і яго гледачам надзею, якая вырастае ў змёртвыхпаўстанне.

Прыход Езуса на зямлю, Яго абвяшчэнне Добрай Навіны, Яго пакуты, смерць і змёртвыхпаўстанне – гэта вялікі, нечуваны двубой Дабра са Злом. Ён моцна выказаны ў фільме, працягваецца ён і ў нашым жыцці. І лепшы доказ таму – бурнае абмеркаванне фільма гледачамі. Хтосьці прыняў фільм як непасрэднае пасланне асабіста да яго, а хтосьці сышоў з прагляду, абвясціўшы гэты твор бяздарным. У Тэхасе адзін чалавек купіў 6 тысяч білетаў на гэты фільм, патраціўшы 42 тыс. даляраў, і раздаў білеты парафіянам ды студэнтам тэалагічнага факультэта. А хтосьці пашкадаваў і колькі паперак нашых «зайцоў» на адзіны білет для сябе. Свет, як кажуць, вялікі. І мы ў ім такія розныя!

– Бог любіць вас, – сказаў мне малады пратэстант, падаючы Евангелле ў той момант, калі я выходзіла з дзвярэй кінатэатра пасля прагляду фільма. Гэтыя словы незнаёмага чалавека, такія звыклыя і даўно зацёртыя самімі ж хрысціянамі, аказаліся раптам такімі патрэбнымі мне ў тую хвіліну! Я прыняла іх як радасную, ашаламляльную навіну. Пан Бог любіць нас. А калі цябе любяць, то хіба можна расчароўваць Таго, Хто палюбіў? Усё, аказваецца, так проста! Гэтаю думкаю прасякнуты для мяне фільм Мэла Гібсана. І я дзякую Богу за тое, што ў нашым бязладным ды бязлітасным свеце, дзе пануюць насілле, зло, нянавісць, а грошы ды парнаграфія усё больш і больш уцягваюць людзей у сваю хіжую сетку, з’явіўся раптам фільм, у якім на ўсю моц таленту, памножанага на жывую, дзейсную хрысціянскую веру, прамаўляе да нас вялікая, бескарыслівая, бескампрамісная Любоў. І яна, гэтая Любоў, перамагае.

Ірына Жарнасек