Што ён азначае для нас, велічны касцёл у гэтай невялікай вёсцы на Мядзельшчыне? Як сталася, што менавіта з гэтаю мясцінаю звязаны многія нашы надзеі і спадзяванні? Якая сіла прымушае людзей адкласці ўбок усе свае пільныя справы і выправіцца пехатою за няблізкі свет – у Будслаў?

Памятаю, як аднойчы горка плакалі дзве дзяўчыны, выпраўляючы пешую пілігрымку з Полацка ў Будслаў, бо самім не выпадала ў той год пайсці. Памятаю, як адна жанчына прызнавалася мне на пілігрымскай дарозе, што яна зусім не збіралася ісці, а як прыехала выпраўляць пілігрымаў, так і не змагла вярнуцца дахаты – пайшла разам з імі. Добра, што хоць парасон быў з сабою. Падобныя прыклады можна было б прыводзіць бясконца.

Усе гэтыя людзі ідуць і едуць у Будслаў, а хтосьці дома сумуе, бо не мае сілаў ні пайсці, ні паехаць, і потым доўга будзе распытваць шчасліўчыкаў, што пабылі на будслаўскім фэсце, як жа там было сёлета, у нашым Будславе?

– Што ён азначае для нас, наш Будслаў?

– І чым было адметнае сёлетняе, юбілейнае свята?

З гэтымі пытаннямі я звярнулася да розных людзей – удзельнікаў будслаўскага фэсту. Вось што яны мне адказалі.

Альбіна Хромчанка, г.Мінск:
– Вельмі люблю бываць у Будславе. Паездка сюды – гэта заўсёды штосьці незвычайнае. А сёлетні фэст адметны для мяне яшчэ і тым, што здзейснілася тое, чаго я прасіла ў Маці Божай Будслаўскай летась. А прасіла я дапамагчы мне распазнаць Божую волю. Гэта так важна – зразумець яе! І... прыняць. Дзякую Богу за ўсё.

Марыя Анашка, г.Мінск:
– У Будславе я ўпершыню. Я паходжу з каталіцкай сям’і, заўсёды лічыла сябе каталічкаю. Але тут, на фэсце, ці не ўпершыню адчула, што па-сапраўднаму паверыла ў Бога, даверыла Яму сваё жыццё. Вельмі задаволеная сваёй споведдзю тут, бо яна была па-асабліваму шчыраю, і перада мною нібы праяснеў далягляд. Цудоўнае адчуванне!

Міхал Ермашкевіч,
айцец дамініканін, г.Віцебск:

– Будслаў заняў вельмі значнае месца ў маім жыцці. Менавіта тут у свой час, калі можна так сказаць, умацавалася і канкрэтызавалася маё пакліканне на Божую службу. Таму заўсёды прыходжу сюды з пачуццём асаблівай удзячнасці Маці Божай Будслаўскай. Праўда, вельмі шкада, што гэтая святыня не адрамантавана належным чынам нават да 500-гадовага юбілею. Балюча. Ну, не чакаць жа цяпер наступнай круглай даты!

Яніна Васілеўская,
г.п.Варапаева, Пастаўскі р-н:

– Упершыню я прыйшла ў Будслаў тры гады таму. І так сталася, што тады я ўпершыню купіла часопіс «Наша вера» з артыкулам пра ўтоеную за савецкім часам законніцу Ганну Дубовік. Каб вы ведалі, як я тады плакала! І ад шчасця, і ад незразумелае трывогі ды ўдзячнасці Пану Богу. Бо Ганна Дубовік – мая цёця, і артыкул дапамог мне наноў адкрыць для сябе чалавека, які некалі жыў побач са мною. Тады я зразумела, якая вялікая моц тоіцца ў веры. А цяпер я дзякую Богу і Маці Божай Будслаўскай за свой дар веры, за ўсё, што мяне сустрэла на жыццёвым шляху, асабліва за маіх дзяцей, для якіх я прашу добрай долі. Заўсёды прыходжу сюды з радасцю і чамусьці не магу стрымаць слёз шчасця.

Юры Шэнда,
дамініканін, дыякан:

– Сёлета я ішоў у Будслаў з Мінска. Наша пілігрымка вызначалася нейкім асаблівым спакоем і настроенасцю на духоўны лад. Дзіўна, але нас увесь час абмінаў дождж. А ўчора пасля Святой Імшы я раптам задаў сабе такое пытанне:«Выпадкова гэта ці не, што на Імшы пры алтары былі ажно тры дамініканіны – біскуп Казімір Велікаселец і два дыяканы?». Я яшчэ шукаю на гэтае пытанне адказ.

Аляксандр Шамрыцкі,
марыянін, дыякан:

– Вельмі задаволены сёлетней пілігрымкай з Друі. Адчувалася, што яе ўдзельнікі добра ўсвядомілі мэту свайго шляху, а таму і настрой быў адпаведны. Першыя тры дні нас паліваў густы дождж, а пасля шчырай малітвы ў задарожскім касцёле перад абразом Маці Божай Ласкавай рэшту шляху нам свяціла сонейка, хоць над іншымі пілігрымкамі ішоў дождж. Думаю, многія з нас яшчэ раз пераканаліся, якую моц мае шчырая малітва і давер да Маці Божай.

Галіна Салодкая,
сястра эўхарыстка,
в.Мосар, Глыбоцкі р-н:

– Напэўна, вам шмат сказалі добрага. Я ж скажу, што мяне засмучае. Вельмі ж ужо шмат на свяце п’яных людзей. Разумею, што яны не ішлі сюды пілігрымамі, не мелі ў душы малітоўных інтэнцый, але мелі свой інтарэс – лішні раз выпіць. Вельмі гэта горка. Пасля Імшы для пілігрымаў айцец салятынін Андрэй Бочар прапанаваў вернікам цалкам адмовіцца ад ужывання алкаголю хоць бы на месяц, паўгода, год і ахвяраваць гэты свой чын за тых, хто не мае сілаў адмовіцца ад алкаголю. Не ведаю, ці шмат людзей прынялі ягоную прапанову. Я ж малюся да Маці Божай Будслаўскай, каб Яна ратавала наш народ ад грэху п’янства і алкагалізму.

Данута Бічэль, паэтка,
г.Гродна:

– У Будславе я заўсёды шчаслівая. Сёлета ж асабліва, бо да 500-годдзя Будслава выйшла мая кніга паэзіі «Стакроткі ў вяночак Божай Маці». І як жа не быць шчасліваю, калі на маім гэтым зборніку вершаў ёсць абраз апякункі Беларусі – Маці Божай Будслаўскай! Мне вельмі падабаецца слухаць спевы хароў на свяце, з задавальненнем паслухала ўначы і моладзевую праграму. У нас жа, у Гродне, такога, на жаль, не пачуеш. А гэта так цудоўна, калі людзі моляцца ды спяваюць да Маці Божай на сваёй роднай мове!

Люба Царова, г.Мінск:
– Для мяне сёлетняе свята ў Будславе надзвычай радаснае, нягледзячы на тое, што я прыехала на яго з мыліцамі. Так здарылася, што паўгода таму на адной з вуліц Мінска мяне збіла машына, і я ўвесь гэты час лячуся. Сюды, у Будслаў, я прынесла і свой боль, і сваю просьбу да Маці Божай дапамагчы мне вярнуцца да нармальнага жыцця. А ўвогуле, вельмі радасна, што тут столькі шчаслівых людзей! Бо ў Будслаў людзі ідуць не толькі з просьбамі, бедамі ды няшчасцямі, але і з радасцю. І гэта цудоўна.

Бэла Якаўлева, г.Наваполацк:
– Дзякую Маці Божай за тое, што ў нас ёсць Будслаў, месца, якое Яна сама выбрала 500 гадоў таму. Для мяне, прызнаюся, не так важна, юбілей мы перажываем тут альбо не. Важней тое, што я разам з сынам зноў пабыла на гэтым святым месцы. Сёлета мы не змаглі пайсці ў пілігрымцы, а прыехалі. Але я пераканана: калі дазваляе здароўе, то лепш усё ж у Будслаў ісці пешшу, каб мець больш магчымасці ачысціць сваю душу працяглымі малітвамі, разважаннямі, споведдзю. Гэтыя рэкалекцыі пад адкрытым небам заўсёды незабыўныя.

Валеры Рынкевіч, г.Полацк:
– Я вяртаюся з Будслава з дваістым пачуццём. З аднаго боку, у сэрцы вялікая радасць ад святочнага перажывання, сустрэчы з цудадзейным абразом Маці Божай, з другога ж – смутак. Чаму? Бо наша малая базыліка ў Будславе, наш санктуарый Маці Божай, пра які мы з удзячнасцю кажам так шмат прыгожых слоў, належным чынам усё яшчэ не адрамантавана. Балюча глядзець на дзіравы дах, прыкрыты рубероідам і дошкамі, на пашарпаныя бязлітасным часам сцены... У мяне, прызнаюся, нават было жаданне падысці са сваім болем да Яго Эмі- нэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка і параіцца, што ж нам рабіць далей? Але не адважыўся псаваць яму святочны настрой. Ды свята мінецца, прыйдуць зноў будні, а наша святыня так і будзе далей плакаць ад нашага раўнадушша? Дарэчы, чуў на свяце, што дождж на будслаўскім фэсце – гэта ўжо традыцыя, блаславенне. Не ведаю, мне чамусьці падумалася, што гэта – слёзы крыўды Маці Божай на сваіх дзяцей, якія ніяк не могуць зрабіць годным Яе дом. Вось я і думаю: калі не хапае нашых штогадовых ахвяраванняў на рамонт санктуарыя, то, можа, варта стварыць спецыяльны фонд ахвяраванняў на рамонт будслаўскай святыні? Многія з тых вернікаў, з кім мне давялося размаўляць, падтрымліваюць гэтую ідэю і згодныя ахвяраваць сродкі. Прапаную абмеркаваць гэтае пытанне на старонках часопіса «Аve Мaria». Хацелася б пачуць думку на гэты конт кусташа кляштара бернардынаў у Будславе, айца Славаміра.

Такія вось думкі ўдзельнікаў сёлетняга юбілейнага свята ў Будславе. Мы любім наш Будслаў! З адкрытымі сэрцамі, поўнымі ўдзячнасці, штогод прыходзім і прыязджаем сюды, несучы да падножжа алтара Маці Божай нашы праблемы, спадзяванні, надзеі, просьбы. Мы дзякуем Маці Божай за атрыманыя ласкі, з дзіцячым даверам выказваем Ёй свае просьбы і спадзяванні.

Усе мы, хто не адзін і не два разы былі ў Будславе, заўважылі, што за апошнія гады касцёл і тэрыторыя вакол яго прыкметна змяніліся да лепшага. І ўсё ж нельга не бачыць, што санктуарый у Будславе яшчэ патрабуе руплівых рук, адданых, нераўнадушных сэрцаў. Дык, можа, мае рацыю настаўнік з Полацка Валеры Іосіфавіч Рынкевіч, які прапаноўвае стварыць фонд адраджэння святыні? Запрашаем да гэтай размовы духавенства і вернікаў, усіх, каму дарагі наш Будслаў.

Ірына Жарнасек