Раскрыць яе ўдалося толькі праз сто гадоў

...Едучы ў Стаўбцоўскi раён, не думала, што знайду там сапраўдную сенсацыю. Дапамог мне ў гэтым трэці нумар часопiса «Наша вера» за 1999 год. Але ж аб усiм па парадку...

Фальварак з ратондай

У старажытны фальварак у Суле, вытрыманы «ў строгіх формах класіцызму з выкарыстаннем чатырох калонных дарычных порцікаў на фасадах», я збіралася спачатку не адна, а разам са старшынёй Стаўбцоўскага райвыканкама Мікалаем Пархімовічам і старшынёй маладзёжнага грамадскага аб’яднання «Цэнтр гуманітарных ініцыятываў» Ігарам Барчанкам. Першы на правах гаспадара абяцаў паказаць «графские развалины» – тое, што засталося ад маёнтка Ленскіх. Другі – знайсці замежных спонсараў, гатовых прывесці руіны ў парадак, стварыўшы на базе маёнтка цэнтр экатурызму з Музеем прыроды і гісторыі. Прачакаўшы абяцанага «культпаходу» цэлы год і зразумеўшы, што можна чакаць бясконца, паехала адна і зрэшты хоць у мясцовых энтузіястах не расчаравалася.

У Рубяжэвічах нас сустрэла Рамуальда Сабалеўская, настаўніца рускай мовы і літаратуры тутэйшай школы. Скараціўшы на радасць шкаляроў урок, яна прама ў класе дастала «калекцыю Ленскіх»: прыгожы габелен, вытканы рукамі апошняй уладаркі маёнтка Эльжбеты, старажытныя кнігі з гравюрамі, рукапісную царкоўна-прыходскую хроніку, даўнія гербавыя паперы, фатаграфіі, якім амаль стагоддзе. А ў дадатак – запісаны са слоў старажылаў аповед пра Сулу і яе апошніх насельнікаў. Месца гэта і сапраўды знакавае і нават містычнае. У XVI ст. фальварак належаў Стэфану Баторыю, потым – Вішнявецкім, Радзівілам. Апошнімі гаспадарамі Сулы былі ўладальнікі слыннага герба «Астоя» – Ленскія. Яны выбудавалі дом, ферму, браварню, млын, склеп-лядоўню, фамільную капліцу ў выглядзе ратонды.

– Шляхетнымі былі людзьмі, бедным шмат дапамагалі. На касцёл грошы ахвяравалі, – Рамуальда Ігнатаўна ганарыцца сваімі знаходкамі. – У 1866 годзе ўзнік у нашых кра-ях канфлікт з-за касцёла, які ператварылі ў царкву. І жыў у нас такі цікавы чалавек – Антоній Тур. Стаў ён па людзях хадзіць, каб збіралі грошы на новую святыню. Сам жа прывёз вялікі камень, паклаў яго на месца будучага касцёла, зрабіў адпаведны надпіс. І дазволілі нарэшце ў 1906 годзе католікам будаваць сваю святыню, але адвялі на гэтую справу не больш за чатыры гады. Першымі, хто ахвяраваў на будаўніцтва грошы, былі Ленскія. Глядзіце, які цудоўны маю здымак: касцёл яшчэ ў будаўнічых рыштаваннях, але ўжо тады людзі маліліся і нават вянчаліся: вунь маладая пара бачная...

Пажоўклая фатаграфія ацалела нейкім цудам. Як і другая, на якой выпускны клас з настаўнікам, а таксама з бацюшкам, ксяндзом і равінам. «Рознай веры жылі тут людзі, і ўсе цярпіма адносіліся адзін да аднаго», – канстатуе Рамуальда Ігнатаўна і паказвае на прыгожую пані на пярэднім плане: «Эльжбета Ленская».

Усёй чароўнасці арыгінала на маленькім фота, вядома ж, не разгледзець, аднак жа парода ў тонкім твары адчуваецца.

– Эльжбета выйшла замуж за Васілеўскага, але пражыла з ім нядоўга: праз год ён загінуў на вайне. Удава прыехала на бацькоўскую сядзібу. Калі прыйшла савецкая ўлада, мяжа павінна была пралегчы якраз пасярэдзіне вуліцы Рубяжэвічаў. Болек Ліхадзіеўскі распавёў, што яго дзед разам з «дэпутацыяй» ад вёскі пайшоў да чырвоных пагранічнікау прасіць, каб не дзялілі людзей па-жывому. Добрыя грошы ім занеслі, сабраўшы па людзях. І пагранічнікі паслухаліся: адсунулі мяжу на два кіламетры, пакінуўшы Рубяжэвічы пад Польшчай. Калі новая ўлада хацела саслаць пані Эльжбету, людзі зноў пайшлі да начальства і ўгаварылі не чапаць апошнюю ўладальніцу маёнтка. І яна засталася тут дажываць свой век.

Заcлухаўшыся, я не зводжу вачэй з Рамуальды Ігнатаўны, якая паказвае ўжо іншыя рэліквіі: даўні катэхізіс з малюнкамі, датаваную 1911 годам 500-рублёвую акцыю «дворянки Елисаветы Александровны Василевской на право акционерного владения крахмально-паточным заводом «Сокол» в Минске», даваенныя мапы Стаўбцоўшчыны. Чародка цьмяных вобразаў плыве перад маімі вачыма, і я ўжо не ведаю, хто нашэптвае цудоўныя, поўныя містыкі легенды: энтузіястка- настаўніца з XXI стагоддзя ці старажытны габелен...

Партрэт Эльжбеты Ленскай

...Чаму так задуменна замерла каля каміна чароўная Эльжбета, выпусціўшы з рук пушысты клубок? Чуе сэрцам, што будзе сумным малюнак на амаль завершаным габелене?..

На партрэце, які з пераможным выглядам (маўляў, не ўсе са скарбаў яшчэ паказала) вымае з шафы і ставіць каля школьнай дошкі Рамуальда Сабалеўская, – тонкі профіль жанчыны дзівоснай прыгажосці.

– Такой была Эльжбета ў маладосці, у 1899 годзе. Кажуць, што намаляваў яе родны брат. Праўда, імя яго назваць не змагу. У Суле, у спадчыннай капліцы, былі пахаваны, калі меркаваць па колькасці надгробных мармуровых пліт, пяць Ленскіх.
– А дзе магіла самой Эльжбеты? – пытаюся я, прапускаючы міма вушэй словы «былі пахаваны».
– О, гэта асаблівая гісторыя, – твар Рамуальды Ігнатаўны становіцца таямнічым. – Эльжбета пры савецкай уладзе (фальварак узарвалі ў 1939 годзе) перасялілася ў домік аканома, што стаяў паблізу. Прыгожы такі быў домік, са страхой ці то ў японскім, ці то ў кітайскім стылі (і яе да самай смерці даглядала служанка Стэфка Шылюк). Ленская памерла ў 1951 годзе ва ўзросце 86 гадоў. Старыя людзі расказвалі, што перад самым адыходам яна сабрала аднавяскоўцаў на дзядзінцы і папрасіла іх выцягнуць паперкі з прозвішчамі, а на паперках былі напісаныя словы: завушніцы, гадзіннік, габелен... Так старая пані аддзячыла людзям за дабро, за тое, што дазволілі ёй памерці на роднай зямлі. А яшчэ, кажуць, вельмі хвалявалася яна за лёс Стэфкі, якая прысвяціла сваёй пані астатак жыцця.
 
Стэфка шмат распавядала мне пра Эльжбету. Хацелі мы нават яе аповед на відэакасету зняць, ды не паспелі – памерла Стэфанія. А сама пані Эльжбета пахавана на нашым могільніку – мы са школьнікамі даглядаем магілы ўсіх Ленскіх.

Пакінуўшы школьны клас, едзем спачатку ў касцёл, дзе ўмураваныя фамільныя дошкі Ленскіх і дзе якраз, быццам напамінаючы пра імгненнасць зямнога быцця, мясцовы ксёндз айцец Рычард Юнік адпявае двух памерлых, потым паварочваем на закладзеныя ў 1911 годзе старыя могілкі. Рамуальда Ігнатаўна падводзіць да магілы з просценькім самаробным помнікам, на якім напісана прозвішча Эльжбеты (па мужу) і пранікнёныя ў сваёй філасафічнасці словы: «Бог – тваё суцяшэнне».

Ні фатаграфіі, ні дакладнай даты нараджэння – толькі падобны да малітвы радок, што стрэмкай застаецца ў памяці, пакуль, пятляючы па слізкай лясной каляіне, мы дабіраемся да мэты падарожжа – развалінаў маёнтка.

Якая чароўная магла б тут валадарыць прыгажосць, калі б яе не парушылі жорсткай варварскай рукой! Хуценька фатаграфую тое, што цудам ацалела: дыхтоўнай чырвонай цэглы гаспадарчыя пабудовы, дрэвы старажытнага парку, адзінокі, як перст, фрагмент варотаў, паўразваленыя калоны збудаванай на ўзгорку ратонды.

Па разбітых прыступках ускараскваемся ў радавую крыпту Ленскіх. У глыбіні капліцы валяюцца пакарэжаныя лісты металу. Запытальна гляджу на Сабалеўскую, і яна сумна ківае галавой: пакарабачаныя абломкі – рэшткі цынкавых трунаў, у якіх спачывалі Ленскія.

– Выкапалі людзі труны, панскае золата шукалі, – тлумачыць Рамуальда Ігнатаўна.
– Няужо свае здзекваліся? – здзіўляюся, успомніўшы расказ пра высакароднасць вяскоўцаў, што ратавалі Эльжбету.
– Чужыя. Але прозвішчаў пакуль гаварыць не буду, – адказвае яна. – Выкапаныя скелеты ўздоўж сценак склепа стаялі. Нашы ж людзі перазахавалі, што змаглі, на могілках.
– Але ж пілуюць старажытны парк, пэўна, мясцовыя, – паказваю рукой у бок бярвенняў, што жаўцеюць свежымі зрэзамі.
– Свае, – сумна пацвярджае Рамуальда Ігнатаўна.

Пад пахмурным, у тон настрою, небам моўчкі вяртаемся ў школу – да партрэта прыгожай Эльжбеты. Быццам пасвятлеўшы пры ім, настаўніца гаворыць, што хоча стварыць з сабраных экспанатаў музей у Рубяжэвічах. Вось толькі б раённыя ўлады сваёй задумкай зацікавіць – каб дапамаглі! Прыкамандзіраваная да мяне з райвыканкама Алена Пучкоўская, загадчыца аддзела па рабоце з моладдзю, абяцае, што пачне тэрмінова вырашаць пытанне аб забароне самавольных вырубак старажытнага парку.

Партрэт Зянона Ленскага

Дык хто ж той мастак, што некалі маляваў у фальварку? Гэта пытанне не давала мне спакою, пакуль я слухала шчырае прызнанне намесніка старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Наталлі Лапко, што на самастойную рэстаўрацыю маёнтка ў раёна няма грошай. І абяцанні Ігара Барчанкі дамовіцца з французскімі спонсарамі аб дапамозе. І рэзюмэ архівістаў, што герб «Астоя» вельмі старажытны. І меркаванне вялікага знаўцы дэндралагічнай спадчыны Беларусі Анатоля Федарука аб каштоўнасці тутэйшага парку. Ужо і кропку хацела паставіць ў сваім аповедзе, ды нейкае трывожнае пачуццё, падобнае на таямнічы покліч, не давала спакою. Таму на ўсялякі выпадак пацікавілася ў Анатоля Федарука, што ён ведае пра аматараў жывапісу сярод уладальнікаў Сулы. Анатоль Тарасавіч нечакана ўпамянуў новае імя – Зянон Ленскі, дадаўшы, што яно добра вядомае спецыялістам Нацыянальнага мастацкага музея. Добры мой геній Надзея Усава, намеснік дырэктара музея, адрэагавала на імя імгненна: «У нас ёсць некалькі партрэтаў работы Зянона Ленскага, магу паказать.

Як на крылах паляцела я да Надзеі Міхайлаўны.

– Зянон Ленскі жыў з 1864 да 1927 года, быў таленавітым партрэтыстам. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, потым у Горным інстытуце і ў Акадэміі мастацтваў у Пецярбурзе, у прыватнай школе малявання Брандта ў Мюнхене. Выстаўляў свае работы ў Мінску, Пецярбурзе, Кракаве, Варшаве. Сваімі фрэскамі упрыгожыў дом у Суле, дарыў партрэты шматлікім сябрам. У Парыжы захапіўся калекцыянаваннем, асабліва прадметамі французскага мастацтва (запоўніў імі бацькоўскую хату), «перахварэў», як і ўсе сучаснікі, археалогіяй, уваходзіў у наглядальную раду Таварыства аховы помнікаў. Памёр Зянон у Варшаве, ад раку, пахаваны, па нашых дадзеных, у радавым фальварку ў Суле, у крыпце – тасканскай ратондзе. Я ездзіла ў Варшаўскі Нацыянальны музей на атрыбуцыю яго партрэтаў. Паглядзіце, якія цудоўныя работы».

Надзея Міхайлаўна раскрыла альбомы з ілюстрацыямі, і я ахнула. З рэпрадукцыі карціны, якая захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі, з мяккай паўусмешкай глядзела прыгожая жанчына, чый твар мне ўжо быў знаёмы: Эльжбета Васілеўская з роду Ленскіх, партрэт якой намаляваў родны брат у 1903 годзе.

– На жаль, мы мала ведаем пра яе лёс, – працягвала між тым Надзея Усава. – Бадай, толькі тое, што пасля смерці мужа ўдава была вымушана з’ехаць з фальварку мужа Гародня пад Оршай, дзе захоўваліся карціны вельмі моднага тады мастака Генрыха Семірадскага, сваяка Васілеўскіх.
– Эльжбета Васілеўская жыла ў Суле да 1951 года, – ускрыкнула я, не ў сілах стрымаць эмоцыі. – Мясцовыя жыхары, памятаючы дабрыню пані, якая ўсяляк ім дапамагала і нават шыла адзенне, не далі яе выслаць. І пахавалі на вясковых могілках – яе сціплую магілку да гэтай пары даглядаюць школьнікі.

Тут прыйшла пара здзівіцца і схапіцца за аловак Надзеі Міхайлаўне: драматычная і ў той жа час поўная рамантычных перыпетый гісторыя жыцця ўдавы, што засталася дажываць век паблізу разбуранай радавой сядзібы на Стаўбцоўшчыне, аказалася сапраўднай сенсацыяй для беларускіх мастацтвазнаўцаў...

А маю няўрымслівую душу цяпер хвалюе яшчэ адна таямніца: якімі шляхамі трапіў намаляваны братам партрэт малодшай сястры ў галоўны мастацкі музей нашай краіны?

Людміла Сяліцкая.
Фота аўтара.