Хто веруе ў Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні,
з сэрца пацякуць рэкі жывой вады.
(Ян, 17, 38)

Глытком такой жывой вады для ўсіх вернікаў стаў ХІІ Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”, што адбываўся 26–30 траўня ў Магілёве. Калісьці ў фестываля не было такіх шыкоўных канцэртных пляцовак і знакамітых гасцей, затое было шмат цяжкасцяў і складанасцяў. Але добрае зерне ідэі аб’яднаць усіх хрысціянаў у музыцы, у творчасці трапіла на ўрадлівую глебу, і ў гэтым годзе мноства людзей сустрэлася ў Магілёве, каб засведчыць, што яны належаць Хрысту. На гэтай сустрэчы музыка гаварыла пра любоў, пра сяброўства і мір. І зусім не важна было, на якой мове гучалі нашыя маленні, звернутыя да Пана Бога: на лацінскай, літоўскай, польскай, беларускай, украінскай ці рускай. Бо мова музыкі, танца, жывапісу – універсальная. Наш хор «Паланэз» – хор Згуртавання палякаў на Беларусі – упершыню прымаў удзел у такім адказным фестывалі. Мы былі рады сустрэцца з калектывамі з Літвы, Харкава, Мінска-Мазавецкага. І няхай усе мы розныя па ўзросце і ўзроўні прафесіяналізму, душы нашыя гучалі ва унісон, асабліва падчас конкурсных праслухоўванняў. Думаю, не памылюся, калі скажу, што, спяваючы ў касцёле св. Станіслава, усе ўдзельнікі хору адчувалі Божую дапамогу. Гэта адзначыла і наш кіраўнік і натхняльнік пані Яніна Брычкоўская – надзвычай узнёсла гучала яе сола ў адным з самых прыгожых твораў, прысвечаных Божай Маці, «Ave Maria» («Mater amabilis»), які выконваў наш калектыў. Перад самым конкурсным выступленнем, падчас кароткай рэпетыцыі ў касцёле, нашы спевы спадабаліся вернікам і нас запрасілі прыняць удзел у Святой Імшы на польскай мове. Можа, гэта і ёсць самае высокае прызнанне творчасці хору «Паланэз». Пасля конкурсу мы з радасцю ўдзельнічалі ў касцёльным канцэрце, каб яшчэ раз адчуць, што Хрыстус – гэта Дзверы, праз якія мы ідзем да святла, да іншага жыцця. Нават падчас гала-канцэрта на вялікай сцэне Палаца культуры аб’яднання «Хімвалакно», дзе мы выступалі амаль першымі, не адчувалася такой радасці, як сярод шчырых вернікаў у Божым доме.

Менавіта ў Магілёве мы адчулі сваё адзінства, і гэтаму спрыялі шматлікія мерапрыемствы, падрыхтаваныя для нас арганізатарамі фестывалю. Наша жыццё было такім насычаным, што цяпер здаецца, быццам не чатыры дні мы там былі, а значна больш. Запомніліся выступленні Дзяржаўнага ансамбля танца, творчай групы «Чысты голас», сустрэча з рэжысёрам Ірынай Кадзюковай з яе цыклам хрысціянскіх анімацыйных фільмаў, пасля якіх хацелася плакаць, а душа ачышчалася ад бруду штодзённасці і мітусні. Свет жывапісу сустрэў нас на выставе «Магутны Божа» і ў доме славутага беларускага пейзажыста В.К.Бялыніцкага-Бірулі. І, безумоўна, нас уразіў сам Магілёў, такі гасцінны і ўтульны, з ціхімі еўрапейскімі вулачкамі, з бурлівымі фантанамі, са славутымі гістарычным мясцінамі, пра якія нам падрабязна расказалі падчас экскурсіі. А паездка на месцы жахлівых баёў – Буйніцкае поле – яшчэ раз нагадала пра тое, якое гэта шчасце – мір на зямлі.

Фестываль атрымаўся незвычайным, узнёслым, урачыстым і сімвалічным. Можа і таму, што яго закрыццё супала са светлым святам Тройцы, якое ў гэтым годзе ўсе хрысціяне адзначалі разам. У гэтым фестывалі – наша будучыня і будучыня нашых дзяцей.

Цяпер пра гэтыя дні нагадваюць памятны крыштальны Анёл, дыплом удзельнікаў фестывалю, шматлікія відэа- і аўдыаматэрыялы, рупліва сабраныя нашым таленавітым арганізатарам пані Гэленай Марчукевіч. Менавіта яе намаганнямі і намаганнямі дырэктара хору пані Вольгі Яблонскай удалося хутка выдаць дыск з выступленнем хору «Паланэз» пад кіраўніцтвам Яніны Брычкоўскай на ХІІ Міжнародным фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа». І хочацца спадзявацца на новую сустрэчу на фестывалі, каб зноў уся зала шчыра звярнулася да Бога ў маленні: «Зрабі магутнай, зрабі шчаслівай краіну нашу і наш народ!»

Паліна Юцкевіч,
удзельніца хору «Паланэз».