Касцёл св.Уладзіслава ў Суботніках (пробашч а. Ф.Галдысь) – адзіны на Беларусі, якому нададзены тытул гэтага святога. 27 чэрвеня, у дзень св.Уладзіслава, адбылася ўрачыстасць, прысвечаная векавому юбілею касцёла.

«XVI стагоддзе ў гэтым рэгіёне Гродзеншчыны можна назваць пераможным паходам хрысціянства, – адзначыў у сваёй гаміліі ксёндз біскуп Антоні Дзям’янка падчас урачыстай Святой Імшы.– Хрысціянства настолькі інтэнсіўна развівалася, што на працягу стагоддзя было пабудавана аж восем святыняў, – такой з’явы ў наступных стагоддзях мы больш не сустрэнем...».

Першы драўляны парафіяльны касцёл, фундатарам якога быў кароль Зыгмунт І, узнік каля 1545 г. і насіў тытул св.Уладзіслава – у гонар Уладзіслава Ягайлы. У 1809 г. Ганна Умястоўская, жонка маршалка Якуба, дабудавала да драўлянага касцёла мураваную капліцу. У 1900 г. намаганнямі Уладзіслава і Яніны Умястоўскіх распачалася будова мураванага касцёла, якая была завершана ў 1904 г. Менавіта дзякуючы гэтай сям`і ўзведзена такая прыгожая святыня.

Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел шматлікія госці з-за мяжы, нашчадкі роду Умястоўскіх, святары і законныя сёстры з манаскай супольнасці Хрыста Валадара.

Пасля ўрачыстасці адбылася прэзентацыя кнігі Казіміра Нехвядовіча «Moje Sobotniki».


Фотарэпартаж М. Новікава