2-3 ліпеня ў Тракелях, у марыйным санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі, адбылося святкаванне ўрачыстасці Маці Божай Тракельскай.

Ужо шмат гадоў з розных куткоў Беларусі, а таксама з Польшчы, Украіны і Літвы прыходзяць пілігрымы ў невялікую і, напэўна, не ўсім вядомую вёску Тракелі (Воранаўскі р-н, Гродзенская вобл.). Чым жа славіцца гэтае месца?

Тут, на галоўнай вуліцы, у 1809 г. быў адноўлены касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Упершыню на гэтым месцы касцёл быў пабудаваны ў XVI ст. Падчас пажару ў 1656 г. будынак згарэў, а цудатворны абраз з XVI ст. «Маці Божая Тракельская» застаўся непашкоджаным. Гэты абраз, вывезены з Вільні ў 1595 г., быў змешчаны ў алтары касцёла. У XVIІ ст. да абраза Маці Божай Тракельскай, якая трымае Дзіцятка Езуса на руках, дамалявалі святога Казіміра. Адзін са шматлікіх цудаў, што адбыўся перад гэтым абразом, – ацаленне дзяўчынкі, якая не магла хадзіць (XVIІІ ст.). Менавіта ў касцёле яна ўстала і пайшла да абраза Маці Божай.

Шмат падзякаў на картках (за ацаленне ад хваробаў, за вызваленне ад алкагалізму, за дапамогу ў цяжкіх справах) пакінулі і ў гэтым годзе каля абраза Маці Божай Тракельскай удзячныя вернікі.

Жыхары гэтай вёскі апавядаюць, што заўсёды 2 ліпеня перад абразом альбо каля брамы касцёла (у тыя часы, калі ён быў зачынены) людзі збіраліся на малітву. А 10 гадоў таму біскуп Аляксандр Кашкевіч устанавіў касцёл санктуарыем Гродзенскай дыяцэзіі.

Сёлета да Маці Божай Тракельскай прыйшлі пілігрымы з Гродна, Ліды, Ваўкавыска, Ашмянаў, Смаргоні, Іўя, Германішкаў, Барунаў і іншых мясцінаў. Па дарозе да іх далучаліся жыхары суседніх вёсак. Шмат вернікаў прыехала на аўтобусах, машынах, веласіпедах... Знайшліся нават і такія нястомныя пілігрымы, якія, прайшоўшы пілігрымку ў Будслаў, прыехалі і сюды, каб чуваць і маліцца каля абраза Маці Божай Тракельскай.

Чуванне працягвалася ўсю ноч: набажэнствы, адарацыя, малітва на ружанцы, спевы, працэсія з копіяй абраза Маці Божай Тракельскай, Крыжовы шлях, сведчанні вернікаў пра іх цудоўны прыход да веры ... Святары спавядалі да самай раніцы.

А 8-й гадзіне адбылася Святая Імша з удзелам святароў, якія не так даўно атрымалі сакрамэнт святарства і ўдзялілі ўсім прысутным прыміцыйнае благаславенне. А 10-й гадзіне раніцы адбылася Святая Імша, якую цэлебраваў кардынал Казімір Свёнтэк. Менавіта ў Тракелях Гродзенская дыяцэзія адзначала 65-гадовы юбілей святарства Яго Эмінэнцыі. Разам з ім і за яго маліліся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч (Масква), біскуп Зыгмунт Зімоўскі (Радом, Польшча), ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, 70 святароў, а таксама каля 12000 вернікаў.

«Гэта дзень, які даў нам Пан...», – такімі словамі распачаў гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Многія тысячы людзей не толькі з Беларусі, але і з іншых краінаў спяшаюцца да Маці Божай, каб аддаць Ёй пашану, каб праз Яе заступніцтва дзякаваць Пану Богу за ласкі, якія мы атрымалі і пастаянна атрымліваем, а найперш, каб падзякаваць Богу за адраджэнне веры на гэтай зямлі – зямлі, якую на працягу цэлых дзесяцігоддзяў бязлітасна вынішчаў атэізм, зямлі, якая, здавалася, ужо назаўсёды застанецца духоўнаю пусткаю, – падкрэсліў іерарх Каталіцкага Касцёла ў Расіі. – Але Бог і сёння паказвае нам, што толькі Ён з’яўляецца альфай і амегай, што толькі Ён – Пан гісторыі свету і гісторыі чалавека.

Мы прыходзім да Маці Божай, бо Яна з’яўляецца самаю вернаю дарогаю для ўсіх нас. Сёлетняе наша спатканне асаблівае: 10 гадоў назад ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч сваім дэкрэтам устанавіў тут марыйны санктуарый. Юбілейныя ўрачыстасці сёлета набіраюць яшчэ большую вагу, бо сярод шматтысячных пілігрымаў ёсць асаблівы пілігрым – Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк, які ў гэтым годзе адзначае 90-годдзе з дня нараджэння, 65-годдзе святарства і 10-годдзе кардынальскай паслугі.

Сёння кардынал Казімір Свёнтэк паўстае перад намі як сведка веры ХХ стагоддзя, які перажыў дзве сусветныя вайны, прайшоў праз выпрабаванні лагераў і двойчы атрымаў вырок смерці. Тады малады яшчэ святар у тых нялюдскіх варунках заставаўся заўсёды верны свайму хрысціянскаму пакліканню, а найперш – свайму святарскаму пакліканню.

Дзякуючы сёння за тваю, Эмінэнцыя, непахісную веру, мы просім Божага благаславення праз заступніцтва Маці Божай Тракельскай. Твой апякун святы Казімір на гэтым цудоўным абразе стаіць у малітоўнай постаці. Ты, Эмінэнцыя, таксама заўсёды маліўся, ты заўсёды нёс веру іншым людзям, не сумняваўся, што настане іншы дзень – радасны і пераможны. Ты застаўся верны таму абяцанню, якое даў падчас сакрамэнту святарства ў пінскай катэдры, паўтараючы марыйнае «fiat» – «так». Жадаем, каб праз сведчанне тваёй вернасці і самаахвярнага служэння, нягледзячы на розныя абставіны і выпрабаванні, людзі ішлі да Бога. Я ніколі не забуду, калі ў 1988 г. кардынал Юзаф Глемп быў у Пінску. Эмінэнцыя папрасіў яго перадаць Святому Айцу малітоўнік, напісаны ад рукі, і сказаў: «Праз гэты малітоўнік перадайце, што люд Божы на гэтай зямлі застаўся верны свайму хрысціянскаму пакліканню». «Няхай жа дзякуючы твайму, Эмінэнцыя, прыкладу, ажывіцца наша вера, няхай яна будзе мэтаю і сэнсам усяго нашага жыцця. Няхай Марыя, праз якую ты застаўся верным Богу і выяву якой ты змясціў на сваім біскупскім гербе, выпрошвае для цябе шчодрае Божае благаславенне на далейшыя гады служэння».

Завяршыла ўрачыстасць пранікнёнае, усхваляванае слова ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка. Ён сказаў: «На працягу апошніх двух дзён Пан Бог дазволіў мне перажываць вельмі прыгожыя ўрачыстасці. Учора – 500-годдзе Будслава ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзе знаходзіцца Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. А сёння мы сабраліся ў санктуарыі Маці Божай Тракельскай у Гродзенскай дыяцэзіі.

Сёння я чуў шмат добрых слоў, скіраваных да мяне. Маё сэрца перапоўнена вялікай, невымоўнай удзячнасцю найперш Богу, у Тройцы адзінаму, удзячнасцю гэтаму Вязню любові – Езусу Хрысту, укрытаму ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Гэта моц Божая, прысутнасць Езуса Хрыста учыніла, што я дажыў да сёлетніх юбілеяў.

Усё маё святарскае служэнне можна падзяліць на два перыяды. І за адзін і за другі перыяд я шчыра дзякую Божаму Провіду. Я ўздзячны Богу за тое, што дазволіў мне жыць у перыяд пераследу, у перыяд цярпенняў і выпрабаванняў – тады, калі ўсё здавалася безнадзейным. Дзякую за тыя, з чалавечага пункту гледжання, цяжкія, страшныя хвіліны, бо нават у самыя цяжкія моманты майго жыцця былі хвіліны радасці, асабліва, калі мне ўдавалася пакрыёма адпраўляць Святую Імшу, удзяляць Езуса вязням, а на Вялікдзень з надзеяй сказаць вязням: «Вясёлы дзень для нас настаў»... Так Бог пажадаў, каб скончыліся цяжкія гады пераследу і прыйшло вызваленне, пачалося адраджэнне веры ў Бога і прыналежнасці да Касцёла. І як жа я зноў удзячны Богу, што дазволіў не толькі перажыць тыя гады пераследу, няволі, але з 1954 г. дазволіў быць святаром на гэтай зямлі, а на працягу 13 гадоў кіраваць Касцёлам на Беларусі і ўдзельнічаць у яго адраджэнні. Беларусь мае цяпер зусім іншае аблічча! На пачатку біскупства ад парафіі да парафіі мне трэба было ехаць 300 км, а цяпер – 20-30 км.

Выказваючы словы падзякі, я нізка схіляюся перад Маці Божай. З самага дзяцінства я маю вялікую пашану да Маці Божай. Гэта Яна прыняла мяне да сваёй моладзевай супольнасці – Садаліцыі Марыянскай. Гэта Маці Божая дапамагла мне наведаць амаль усе найбольш знаныя Яе санктуарыі ў Еўропе і скласці Ёй пашану. Гэта менавіта Маці Божая ў самыя цяжкія моманты і гады майго жыцця заўсёды была пры мне, атуляла мяне сваёю Мацярынскаю апекаю. Маці Божая, Маці Міласэрнасці, Маці Будслаўская, Маці Тракельская, з глыбіні сэрца прымі маю сыноўнюю пашану і ўдзячнасць за тое, што Ты для мяне Маці Божая, Маці неба...

І сёння, у гэтым марыйным санктуарыі, я заклікаю вас адкрыць свае сэрцы насцеж – для Езуса, для Марыі! Няхай зоймуць яны ў нашых сэрцах самае лепшае, ганаровае месца. Абяцайма сёння, што заўсёды будзем вернымі Богу і Касцёлу. Мы перамагаем у імя Божае, перамагае гэты крыж, узнесены вунь там, над касцёлам. Выйдзем жа з гэтым крыжам у далейшую вандроўку нашага жыцця. З Богам, для Бога і ў Богу!».

Валянціна Крутая.
Фота М. Новікава