(некалькі слоў да карцін Алеся Сільвановіча)

Мастак Алесь Сільвановіч нарадзіўся ў Гродне 17 чэрвеня 1965 года, скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і мастацтве і аддзяленне манументальна-ўжытковага мастацтва Беларускай Акадэміі мастацтваў. З 1996 г. — сябра Саюза мастакоў.

Улетку 2000 г. на тарцы сярэднявечнага дома былой дамініканскай школы з’явілася пано «Анёлы і птахі Гародні». Два анёлы вядуць да сонца вырай птушак, на крылах і хвастах у птушак – нацыянальныя арнаменты этнічных насельнікаў Гродзеншчыны.

Конкурс праводзіўся ў некалькі этапаў. Як і ў мінулым савецкім стагоддзі, прапаноўваліся героі і жанчыны са снапамі. Выйграў конкурс малады прадстаўнік беларускай школы постмадэрнізму мастак Алесь Сільвановіч. Праект зацвердзіла і камісія гарвыканкаму.

Конкурсная працэдура цягнулася паўгода. Твор у тэхніцы сграфіта (разьба па каляровай штукатурцы, якая наносіцца слаямі) быў выкананы на сцяне 10 x 10 м брыгадай з трох мастакоў і шасці штукатураў за 1 месяц.

Месяц працы на рыштаваннях быў своеасаблівай дэманстрацыяй Божай волі. Людзі з вуліцы, безумоўна, хацелі ведаць, што тут ствараецца, і мастакі спакойна тлумачылі.

«Анёлы і птахі Гародні» Алеся Сільвановіча размясціліся на жылым будынку недалёка ад пляцу, на які выходзяць малая базыліка св. Францішка Ксаверыя, касцёл Узвышэння св. Крыжа і базыльянская царква, якія сталі сведкамі таго, што горад Гродна жыве па Божых законах. Бог выйшаў са святыняў у свецкае жыццё і вывеў на вуліцы сваіх пасланнікаў — анёлаў...

У занёманскай частцы Гродна, насупраць завода карданных валаў, стаіць Святадухаўская царква. Амаль увесь яе іканастас створаны Алесем Сільвановічам, а кампазіцыйны інтэр’ер у традыцыі сакральнай культуры Алесь зрабіў разам з жонкай Ірынай.

Падчас вучобы ў акадэміі Алесь праходзіў практыку ў Ноўгарадзе – там і захапіўся каляровай пластыкай Андрэя Рублёва і Феафана Грэка, пад уплывам якіх стварыў выяву анёла. Калі патрэбен пакутлівы час на яснае зрокавае ўяўленне новай карціны, тады і вяртаецца Алесь да анёла-выратавальніка, анёла натхнення, тады і з’яўляюцца варыянты анёла з флейтай, анёла з келіхам, анёлка малога і да т. п.

Развівае таксама і тэму птушкі, якая з’яўляецца носьбітам Божага Провіду. Галубкі Алеся Сільвановіча, бездапаможна дзіцячыя, з’яўляюцца духам карціны, носьбітам каляровай ідэі. Як у «Вежы» — птахі ў кожным акне (адно пустое). Як у «Браме» — ёсць чорны, белы, чырвоны і зялёны птах, «блакітны выбіваўся з каляровых рытмаў».

Рытмічнае паўтарэнне прадметаў на палатне ўцягвае гледача ў дынаміку карціны, робіць яго сваім аматарам (гэта як у рок-музыцы — не хочаш, а скачаш).

Мастак змешвае біблійныя сімвалы (келіх, рыба, крыж, звон, зорка, лілея) з народнай сімволікай ткацтва (арнамент поля, раслінаў, сімвалы ахоўных мядзведзяў), сумяшчае ўсход і захад. Стылізаваныя прадметы падобныя да першабытных надпісаў і малюнкаў на скалах, на скуры, на бяросце. Тло карціны ён ператварае ў патрэсканае, зношанае. Казка змешваецца з явай. Спыняецца час, паўстае хрысціянскі сэнс: мы кожны год нанова перажываем Нараджэнне, Укрыжаванне і Змёртвыхпаўстанне Адкупіцеля...


Цяпер Алесь «будуе» вандроўны «замак» на калёсах, унізе – арнамент з кветак, крыжоў, ліній.

— Чаму «замак» на калёсах?

— Мне не цікава «фатаграфаваць», капіраваць поле, дарогу. Ствараю свой свет, іду за інтуіцыяй. Люблю дзяцей, пантаміму, танец, лялечны тэатр. І пішу, як люблю.

— Недзе прачытала, што да творцаў трэба адносіццца як да хворых блізкіх нам людзей... Як ты спраўляешся з дрэнным настроем?

— Я яго не выпускаю наверх. Іду ў майстроўню і застаюся адзін, стараюся працаваць.

— Ты і твае сябры — мастакі аднаго пакалення, якія ў Гародні (іх больш за дзесятак) не палітыкуюць, не паддаюцца модным амбіцыям, дэманстрацыям, злосці... Вы адчуваеце сябе свабоднымі ў мастацтве?

— Праз мастацтва можна шмат зрабіць для незалежнасці Беларусі. Не адчуваю сябе касмапалітам. Шукаю беларускай мовы мастацтва, каб быць зразумелым свету людзей. І прыемна, калі магу зацікавіць аматараў і дома, і ў Мадрыдзе, у Парыжы. Мае карціны павандравалі ў Новую Зеландыю, у Мексіку, у Злучаныя Штаты. Карціна «Паходня» спадабалася гасцям, кажуць, што гэта тыповы беларус. Яны ж нас бачаць усё ў цемры, пры лучыне.

— Мне прыемна ў тваёй майстроўні, дзе створаны інтэр’ер выставы. Падабаецца, што да некаторых карцін ты пішаш вершы. Але і без слоў — гэта вершы. «Чырвонае мора, дзевяць караблёў», — верш з трох строфаў, але рытмы Чырвонага мора мне невядомыя. Гэта тое мора, якое ратавала людзей Маісея ад егіпецкага войска? — Магчыма, і тое. Гэта – мора майго сэрца.

— Ты жывеш у сучасным свеце ці па-за часам?

— Я знаходжуся тут, на сваім месцы, у сваім часе.

— Як ты адносішся да смерці?

— Да смерці я адношуся з пашанай, але адчуваю, што яна недзе далёка ад мяне.

— Ты молішся?

— Малюся словамі і колерамі, прадметамі на палатне. На досвітку прыходзіць натхненне, а з ім – мудрасць і словы.

... Мастацтва Алеся Сільвановіча — гэта сродак экуменічнага яднання і прыгожае свята.

Пакуль я занатоўвала свае думкі, Алесь як добры чараўнік у сваім вандроўным «замку» ў суправаджэнні «яцвягаў з чоўнам» (човен яцвягі нясуць па сушы над галовамі) трапіў у Вроцлаў і перажыў там свае «тры каралеўскія дні» (так называюцца ўсе яго карціны). 11–13 чэрвеня ў рамках першага фестывалю беларускай культуры з поспехам прайшла выстава мастакоў з Гродна — Сяргея Грыневіча, Алеся Сільвановіча, Валянціны Шобы і Юрыя Якавенкі.

Арганізатар выставы Марэк Станялевіч напісаў у каталогу: «У карцінах Алеся Сільвановіча ёсць абраз, ёсць прадметы з раскопак курганоў, дыханне народнага ткацтва, формы раманскіх капітэляў, сляды царкоўных харугваў. У гармонію каларыстычнай гамы мастак бярэ ад зямлі цёплую охру, патрэсканую жаўцізну, шпатавую чырвань і будуе чыстыя лагічныя капмазіцыі. Гэтак праз постаці анёлаў, каралёў, паляўнічых, цмокаў, блазнаў, ільвоў... узнаўляецца казачнай мовай слаўнае мінулае...»

А вось як аўтар ацаніў сучаснае беларускае мастацтва: «Мастацтва Беларусі прамаўляе адметным голасам беларускай інтэлігенцыі... Памыляюцца тыя, хто думае, што беларускае мастацтва закасцянела, што ў ім няма смелых эксперыментаў і сапраўднай прыгажосці.

Мастацкія школы сапраўды трымаюцца акадэмічнасці. Затое ў польскіх вучэльнях ужо знік дакладна пастаўлены рысунак, які ёсць базай кожнага накірунку творчасці. Узровень мінскай Акадэміі надзвычай высокі. Думка, што студэнты працуюць з натхненнем толькі для таго, каб уцячы ад шэрай рэальнасці, крыўдная як для студэнтаў, так і для выкладчыкаў. Прафесарскія кадры ведаюць, што без цяжкай працы талент нічога не варты».

Ад сябе: поспех беларускага мастацтва дапаўняюць інтэлігентнасць, сяброўскасць і духоўнасць.

Данута Бічэль,
г. Гродна і з архіва парафіі