12 ліпеня споўнілася 10 гадоў касцёлу Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Ляхавічах, Брэсцкай вобласці, які ў 1994 годзе быў кансэкраваны ксяндзом арцыбіскупам Казімірам Свёнткам – Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

Калісьці ляхавіцкая парафія была дастаткова вялікай і значнай. Ян Караль Хаткевіч пабудаваў тут вялікі мураваны касцёл, які пасля пажару ў 1750 годзе зноў быў адбудаваны ксяндзом Масальскім. У 1870 г. касцёл быў перароблены ў царкву, апошнім пробашчам у ім служыў ксёндз Бенедыкт Навіцкі, пралат мінскі. Быў калісьці ў Ляхавічах і вялікі базыльянскі кляштар, які нават меў свой навіцыят. У 1905 г. тут адчынілася капліца і распачалася будоўля новага касцёла пад кіраўніцтвам ксяндза Ваньковіча, якая скончылася ў 1907 годзе. Асноўнымі фундатарамі будоўлі былі Аліна і Юзаф Рэйтаны. З 1910 г. у Ляхавічах распачаў пастаянную працу ксёндз Кавецкі.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны касцёл быў адабраны пад шпіталь. Як толькі людзі ні баранілі святыню (нават пад колы трактара клаліся), але нічога не дапамагло змяніць пастановы мясцовай улады. І ўсё ж людзі не страчвалі веры, надзеі і любові да Бога. Яны ведалі, што толькі праз малітву і пакуту можна атрымаць Божую міласэрнасць і на працягу дзесяцігоддзяў неслі сваю веру праз церні, каб засеяць яе ў сэрцах дзяцей і ўнукаў.

Толькі ў 1990 г. вернікі дамагліся, каб мясцовыя ўлады аддалі пад капліцу будынак старой пошты, які быў асвечаны 19 сакавіка 1991 года пад тытулам святога Юзафа. Назаву імёны людзей, якая застануцца запісанымі ў нашыя сэрцы як знак пашаны, падзякі і павагі, бо дзякуючы ім, іх цярпенню, жаданню і веры ў Бога была адроджана ляхавіцкая парафія. Гэта святой памяці Ян Кунцэвіч, Алімпія Бурвель, Стэфанія Мацкевіч, Браніслава Якавец, Стэфанія Бурвель, а таксама тыя, што працягваюць будову жывога Касцёла сваімі малітвамі: Юзаф Коктыш, Ян Стыкуць, Станіслаў Бурвель, Яніна Лукашэвіч, Марыя Бурымская, Марыя Шпак, Марыя Стыкуць, Малгося Шпак.

Першым, хто адправіў Святую Імшу ў мясцовай капліцы, быў ксёндз Антоні Гей (цяпер ён пралат, рэктар Санкт-Пецярбургскай духоўнай семінарыі). Дзякуючы яму сталі шукаць нам ксяндза на пастаянную працу.

27 чэрвеня 1991 г. з Польшчы прыехаў працаваць у нашу парафію ксёндз Аляксандр Вышынскі. Энергічны, добры і чулы да людзей, адданы справе Божай і Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса Хрыста, ён запаліў сэрцы парафіянаў і распачаў будоўлю касцёла. Ксёндз Аляксандр не шкадаваў ні сіл, ні здароўя: шукаў спонсараў, сам ездзіў за лесам, па цэглу, сам разгружаў з парафіянамі, а вечарам адпраўляў Святую Імшу. Людзі вельмі яго палюбілі, бо і ён вельмі любіў людзей, да ўсіх адносіўся з павагаю і баяўся, каб каго не пакрыўдзіць словам ці нават позіркам. А дзеці яго любілі, як свайго роднага тату, бо ксёндз Аляксандр ніколі іх не мінаў – заўсёды да кожнага падыдзе, пагладзіць, скажа ласкавае бацькоўскае слова і яшчэ дасць цукерку.

Вуглавы камень пад будову касцёла быў асвечаны 12 ліпеня 1992 года, але на гэтых урачыстасцях ксяндза Вышынскага не было: здароўе не дало яму здзейсніць сваю задумку – святар быў вымушаны вярнуцца на Радзіму для лячэння. На дапамогу прыехаў ксёндз Тадэвуш Калужны, пад кіраўніцтвам якога і адбылося асвячэнне вуглавога каменя.

3 ліпеня 1992 г. пробашчам у парафіі распачаў працу ксёндз Тадэвуш Волас. Ён скончыў будоўлю касцёла, кансэкрацыя якога адбылася 12 ліпеня 1994 г., і пабудаваў плябанію. Пад яго апекаю былі таксама рачканскі і сваятыцкі касцёлы. Душпастырскай працы хапала (хрост, шлюб, пахаванні, наведванне хворых), але часам святар сядаў на веласіпед і разам з міністрантамі ехаў на мясцовы стадыён, каб пагуляць у футбол.

У 2000 годзе ён быў прызначаны дзеканам Баранавіцкага дэканата і пераведзены ў баранавіцкі касцёл Узвышэння Святога Крыжа. На яго месца прыехаў працаваць ксёндз Станіслаў Маленькі. Вядома, што ісці па дарозе, якая ўжо пратаптаная, лягчэй, але працы шмат, бо «жніво багатае». За гады працы ксяндза Станіслава ўзведзены крыж каля касцёла, зроблены алтар у бакавой капліцы пад тытулам святога Юзафа, плануецца зрабіць галоўны алтар.

За 10 гадоў існавання нашага касцёла яго духоўнаму адраджэнню дапамагалі ксяндзы Збігнеў Бояр, Марэк Казьмарчык, Павел Кубік, Ежы Коцюн, Станіслаў Росек і законныя сёстры – Соф’я Смятанка, францішканка, сёстры з супольнасці Святой Сям’і з Бардо – Крыстына Сувка, Сільвія Асіньска, Тэрэза Шкадзіньска, Рамуальда Мікумовіч.

Вялікі ім усім чалавечы дзякуй за тое, што не шкадавалі сябе, дапамагалі нам мацавацца ў веры. Хай добры Бог заплаціць ім за самаахвярнасць і службу.

Хэлена Вярбенка