Ксёндз Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі

Нарадзіўся 5 мая 1945 г. у в. Стараволя Пружанскага раёна.
У 1984 г. скончыў Рыжскую вышэйшую духоўную семінарыю. У дзень Святой Тройцы 1984 г. з рук Яго Эмінэнцыі кардынала Ю. Вайвадса атрымаў Сакрамэнт святарства.
З 1984 г. да 1991 г. быў пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі Баранавіцкага раёна, адначасова несучы святарскую паслугу вернікам Юшкавічаў, Гарадзішча, Сталовічаў, Паланечкі, Новага Свержня, Гарадзеі, Карэлічаў, Міра, Ганцавічаў і займаючыся адбудоваю і рамонтам святыняў.
У 1992 г. прызначаны Генеральным вікарыем для Пінскай дыяцэзіі, адначасова выконваў абавязкі дзекана Баранавіцкага дэканату і пробашча касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах.
24 чэрвеня 1999г. з рук Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка атрымаў біскупскую сакру.

«Кожнае святарскае пакліканне ў сваёй найглыбейшай аснове – гэта вялікая таямніца, гэта дар, які бясконца пераўзыходзіць чалавека. Кожны з нас, святароў, вельмі выразна спазнае гэта ва ўсім сваім жыцці...»

Ян Павел ІІ, «Дар і Таямніца»

Старажытная парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі Баранавіцкага раёна – першая, куды, па накіраванні кардынала Ю.Вайвадса, у 1984 г. прыехаў працаваць ксёндз Казімір Велікаселец пасля заканчэння Рыжскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Таму невыпадкова так шматлюдна было ў ішкалдскім касцёле 13 чэрвеня – у 20-гадовы юбілей свайго святарства ксёндз Казімір, цяпер ужо біскуп, прыехаў сюды, каб разам з вернікамі перажыць гэтую падзею. Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел дзекан Баранавіцкага дэканату кс. Тадэвуш Волас, пробашч мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля кс. Ігар Лашук, пробашч ішкалдскай парафіі кс. Мацей Шмытоўскі, старшыня Камітэта па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Станіслаў Іосіфавіч Буко, вернікі з баранавіцкай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, дзе ксёндз біскуп працаваў пробашчам на працягу дзевяці гадоў.

Звяртаючыся да сваіх першых парафіянаў, біскуп Казімір падкрэсліў, што мэта чалавечага жыцця – гэта імкненне да святасці. «Наша дзейнасць, праца, вучоба, адносіны паміж людзьмі – усё залежыць ад святасці. Жыццё чалавечае – кароткае, таму трэба імкнуцца жыць па Божых запаве-дзях. А для таго, каб устрымлівацца ад зла, каб больш у нашых сэрцах было радасці, любові, надзеі – мы павінны ісці да Хрыста, сюды, у святыню, дзе пастаянна знаходзіцца наш Збаўца і Вязень любові. Ён чакае нас, каб выйсці нам насустрач ў сакрамэнце Пакаяння і Эўхарыстыі. Ці ўсведамляем мы, прымаючы Святую Камунію, што прымаем Божае Цела, прымаем Бога, а Бог – гэта абсалютная мудрасць, найвышэйшая любоў і святасць? Ці хочам будаваць сваю будучыню на гэтым падмурку? Няхай кожны з нас зразумее, што толькі тады жыццё нашае ўдасца, толькі тады мы будзем шчаслівымі, калі Пан Бог будзе фундаментам нашага жыцця...

Яскравым прыкладам можа служыць святы Аўгустын, які доўга блукаў у жыцці, шукаючы шчасця без Бога. Яго маці, святая Моніка, молячыся за свайго сына, нават паскардзілася святому Амброзію, што той не выпраўляецца. Святы Амброзій запэўніў яе, што нястомная малітва робіць цуды, што Бог чуе ўсе нашыя малітвы. І так сталася. Святы Аўгустын прымаючы хрышчэнне, калі яму было 33 гады, сказаў: «Пане, Ты нас стварыў для Сябе, і не супакоіцца сэрца чалавека, пакуль не спачне ў Табе». І потым ён стаў святаром, а сваім жыццём і прыкладам служэння заслужыў права называцца святым. Такім чынам, шлях да святасці не з’яўляецца шляхам для абраных, ён адкрыты для кожнага з нас праз малітву, веру, учынкі...».

Гэтыя апошнія словы датычаць непасрэдна жыцця і служэння ксяндза біскупа Казіміра, хрысціянскае фармаванне якога распачалося яшчэ ў раннім дзяцінстве. «У мяне была глыбока веруючая сям’я,– успамінае ксёндз біскуп, – якая, нягледзячы на розныя абставіны і атэістычную прапаганду, выконвала рэлігійныя практыкі. У месяцы маі адпраўлялася маёвае набажэнства, падчас Вялікага посту – Крыжовы шлях, спяваліся сумныя жальбы, уся сям`я малілася на ружанцы... Вельмі важна, калі сям’я веруючая, калі ёсць духоўная падтрымка. Я ніколі не баяўся вызнаваць веру, бо ведаў, што мяне заўсёды падтрымаюць мае бацькі, бабулі і дзядулі, якія сваёю вераю далі мне сведчанне на ўсё жыццё...»

Сапраўды, сёння мала, на жаль, такіх бацькоў, якім быў бацька будучага біскупа. Ці думаў ён, везучы сына за дзесяткі кіламетраў (бліжэйшы касцёл быў у Кобрыне) на першую споведзь, што дае яму самае важнае – сведчанне мужнага веравызнання, якое стане пачаткам святарскага паклікання?

Ксёндз Казімір з удзячнасцю ўспамінае: «Да першай споведзі мяне падрыхтаваў бацька – у яго была вельмі грунтоўная падрыхтоўка па катэхізацыі, якую ён атрымаў у польскай школе і ў касцёле. Памятаю, як выехалі мы з бацькам на ровары недзе а другой гадзіне ночы, бо ў касцёле трэба было быць раніцай. У гэты дзень адбылася мая першая споведзь і я прыняў Першую Святую Камунію. Дадому вярнуліся позна ўвечары... Напэўна, да канца жыцця буду памятаць гэты дзень, тое адчуванне яго надзвычайнай важнасці ў маім жыцці...».

Рэлігійнае выхаванне ў сям’і спрыяла духоўнаму станаўленню і фармаванню будучага святара, прывіла яму любоў да малітвы. Яшчэ з дзяцінства ксёндз біскуп ведае некаторыя Літаніі напамяць. Нездарма з першых гадоў святарства яго называюць «чалавекам малітвы». Цяпер, праўда, часцей называюць «біскупам малітвы» (міжволі ўспамінаюцца словы Святога Айца Яна Паўла ІІ: «...малітва стварае святара, і святар ствараецца праз малітву»).

«Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прыносілі плод...» (гл. Ян 15, 16). «Плод» 20-гадовага святарскага служэння ксяндза Казіміра – найперш у штодзённым сведчанні, якім павінен быць святар, якім павінен быць сапраўдны хрысціянін, у шматлікіх навяртаннях і пакліканнях...

Ксёндз Ігар Лашук, салезіянін, сваё святарскае пакліканне таксама звязвае з прыкладам служэння ксяндза Казіміра. «Праз усё жыццё я адчуваў малітву ксяндза Велікасельца, – адзначае ён. – Думаю, што менавіта яго малітва і прывяла мяне да святарства і манаства. Малітва і прынцып святара: ісці толькі па адной сцежцы, аддана служыць толькі Пану Богу, а не свету.

Ксёндз Казімір для мяне – узор святара. Ён дапамог мне ўсвядоміць, што да паклікання, служэння Богу, да веры святар павінен ставіцца вельмі сур’ёзна, з усёю адказнасцю... Першы раз я сустрэўся з ксяндзом Казімірам, калі ён прыехаў у Ішкалдзь яшчэ будучы семінарыстам. І першае, што ўразіла і што для гэтага чалавека засталося характэрным назаўсёды, – строгасць і сканцэнтраванасць у Богу, упэўненасць і перакананасць у веры.

На працягу ўсяго майго паклікання я адчуваў, як ксёндз Казімір вёў мяне да святарства. Мяне вельмі ўражвала, як ён моліцца. На ўсё жыццё ён даў мне самы важны прыклад – прыклад чалавека ў малітве. Я заўсёды бачыў яго адданасць, запал да душпастырства, нястомнае жаданне малітвы. Калі я прыязджаў на святы з семінарыі, заўсёды ахвотна ездзіў з ім па парафіях, якія ён абслугоўваў. І нягледзячы на стому, пасля таго, як адслужана было некалькі Імшаў, пераадолена каля 200 км (выязджалі ў 7–8 гадзін раніцы), ксёндз Казімір ішоў у касцёл і недзе да другой гадзіны ночы маліўся... Я пастаянна вучуся ў яго святарству і малітве...».

Святы Айцец Ян Павел ІІ, звяртаючыся да святароў, асабліва падкрэслівае, што «святар перадусім павінен быць чалавекам малітвы, перакананым, што час, прызначаны для блізкага кантакту з Богам, – найлепей выкарыстаны час, паколькі падтрымлівае не толькі яго самога, але і апостальскую працу.
Калі Другі Ватыканскі Сабор гаворыць пра ўсеагульнае пакліканне да святасці, то адносна святара трэба гаварыць пра якоесьці асаблівае пакліканне да святасці. Хрыстус патрабуе святых святароў! Сённяшні свет прагне святых святароў! Толькі святы святар можа стаць у сённяшнім секулярызаваным свеце яскравым сведкам Хрыста і Яго Евангелля. Толькі такім чынам святар можа станавіцца для людзей правадніком і настаўнікам на шляху святасці, а людзі, асабліва маладыя, такога правадніка чакаюць. Святар можа быць правадніком і настаўнікам настолькі, наколькі стане сапраўдным сведкам! (Ян Павел ІІ, «Дар і Таямніца»).

Пажадаем жа ксяндзу біскупу Казіміру, каб сведчанне ягонага служэння натхніла як мага больш маладых людзей на святарскія і манаскія пакліканні, якіх так чакае Пан жніва. А жніво сёння – надзвычай багатае...

А. Л.
Фота М.Новікава.