Багатая гісторыя мястэчка Відзы, што на Браслаўшчыне, безумоўна, заслугоўвае не аднае кнігі. Вось толькі некалькі фактаў.

Мястэчка Відзы (першыя згадкі датаваныя ХV ст.) з-за яго насельніцтва, якое да 1939 г. было шматнацыянальным і належала да розных веравызнанняў, часта называлі мясцовай «вежай Вавель». У ХVІІІ ст. яно стала яшчэ больш знаным з-за таго, што ў 1794 г., калі падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі быў спалены Браслаў, сюды перанеслі сядзібу браслаўскага ваяводства. Папулярнасць Відзам дадавала таксама павятовая школа, якую ў 1803 г. заснавалі аўгустыяне і якая славілася высокім узроўнем навучання. Гэтай школай апекаваўся Віленскі універсітэт, ёй падпарадкоўваліся 14 іншых школ у павеце. Відзы былі таксама стратэгічным месцам ваенных дзеянняў падчас вайны 1812 г.

Яшчэ да папулярнасці Відзаў трэба дадаць і той факт, што сюды падчас вучобы ў Віленскім універсітэце часта прыязджаў Адам Міцкевіч – тут жыў Маеўскі, яго дзядзька.

Першы рыма-каталіцкі касцёл у Відзах быў збудаваны ў 1481 г. дзякуючы намаганняў заснавальнікаў мястэчка – сям’і Даўгірдовічаў. У другой палове ХІХ ст. драўляная святыня не магла змясціць шматлікіх вернікаў – парафія належала да самых вялікіх у Ковенскай губерні, у ёй налічвалася 13 тысяч парафіянаў. На пачатку ХХ ст. з чырвонай цэглы быў узведзены неагатычны касцёл Святой Тройцы, моцна знішчаны падчас вайны ў 1915-1918 гг., але адбудаваны намаганнямі вернікаў ў дваццатыя гады. У 1948 г. савецкія ўлады забралі касцёл і выкарыстоўвалі яго спачатку як ільнасховішча, а пазней – як спартыўную залу. Святыню вернікам вярнулі ў 1989 г., тады ж пачалося яе адраджэнне і аднаўленне.

Касцёл уражвае сваёю велічнаю прыгажосцю. Адметнасць яго вызначаюць дзве спічастыя вежы, вышыня якіх складае 59 метраў. Менавіта яны надаюць касцёлу Святой Тройцы статус самага высокага на Беларусі.

* * * * *

Невыпадкова менавіта ў гэтай святыні духавенства і вернікі Віцебскай дыяцэзіі вырашылі адзначыць 65-годдзе святарства Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка – будучы кардынал наведваў відзаўскі касцёл яшчэ ў далёкім маленстве.

Ва ўрачыстасці, якая адбылася 26 чэрвеня, прымалі ўдзел усе біскупы Каталіцкага Касцёла на Беларусі і біскуп Генрых Тамасік з Седлец (Польшча), а таксама духавенства з Беларусі, Літвы, Польшчы, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя Т.Аквінскага кс. Ян Саламон, шматлікія вернікі і госці з Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі. Падчас урачыстасці Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў новы звон – падарунак ад ксяндза Яна Гір’янтовіча, выхадца з гэтых мясцінаў, які цяпер жыве і працуе пробашчам у Слупску (Польшча).

Гамілію падчас Святой Імшы прамовіў кс.біскуп Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі. Ксёндз біскуп падкрэсліў, што «сённяшняя ўрачыстасць з’яўляецца добрай нагодай праз лёс ксяндза кардынала паразважаць аб дзейнасці Божага Провіду. На працягу ўсіх стагоддзяў спраўджваюцца словы Хрыста аб Касцёле – «І брамы пекла не перамогуць яго», – таму што Езус з намі «праз усе дні аж да сканчэння свету». Усе намаганні зла, скіраваныя на знішчэнне Касцёла, заканчваюцца перамогай Касцёла, яго духоўным узмацненнем і аднаўленнем. На працягу гісторыі свайго існавання самую вялікую перамогу Касцёл атрымліваў тады, калі, здавалася, ён быў канчаткова пераможаны. Гэтую праўду пацвярджаюць і гісторыя Каталіцкага Касцёла на Беларусі, і лёс Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка»». «Трэба даверыцца Божаму Провіду па прыкладзе вернікаў старэйшага пакалення, якія ў надзвычайных умовах, так, як шаноўны ксёндз кардынал, змаглі перадаць нам найбольшы скарб – непахісную веру ў Бога і навучылі адказнасці за Касцёл.
 
«Хто ў слязах сее – жаць будзе ў радасці», – гэтыя словы Святога Пісання няхай будуць усім нам суцяшэннем у кожным выпрабаванні, а Касцёл у нашай краіне няхай будзе для іншых Касцёлаў і народаў добрым прыкладам вернага служэння Богу», – заклікаў Яго Эксцэленцыя.

Кардынал Казімір Свёнтэк звярнуўся да шматлікіх вернікаў, адзначаючы вялікую ролю нашых бабуляў і дзядуляў, якія, нягледзячы на выпрабаванні і пераслед, змаглі захаваць веру, змаглі перадаць яе наступным пакаленням. І тое, – падкрэсліў іерарх Касцёла, – што сёння ў касцёле так шмат дзяцей і моладзі, – іхняя заслуга. На заканчэнне Яго Эмінэнцыя ўдзяліў апостальскае благаславенне ўсім прысутным.

Мікола Новікаў.
Фота аўтара.