Нядзеля 11 ліпеня 2004 г. увойдзе ў гісторыю мястэчка Ветрына, што ў Віцебскай дыяцэзіі. У гэты дзень адбылася ўрачыстая кансэкрацыя новага касцёла пад тытулам благаславёнага Юрыя Матулевіча. Новы прыгожы касцёл стаў каштоўным падарункам усяму старажытнаму мястэчку, якое сёлета адзначае сваё 500-годдзе. Святыню кансэкраваў ксёндз біскуп Збігнеў Кернікоўскі, ардынарый Сядлецкай дыяцэзіі ў Польшчы, бо яе будаваў пробашч парафіі кс. Міхал Станьчук, святар гэтай дыяцэзіі. Зазначым, што гэта ўжо другі касцёл на Беларусі, узведзены дзякуючы намаганням кс. Міхала: два тыдні таму быў асвечаны касцёл у в. Блізніца.

Урачыстасць у Ветрыне была вельмі прыгожая і шматлюдная: новая святыня не змагла змясціць усіх сабраных. У сваім казанні ксёндз біскуп Збігнеў патлумачыў, чым ёсць святыня як будынак і як супольнасць. Указаў таксама на найважнейшыя месцы ў касцёле, заахвоціў, каб Слова Божае заўсёды чыталася голасна і выразна, каб кожны мог яго ўспрыняць і зразумець.

Пасля казання кансэкратар асвяціў алтар і сцены святыні. Потым у новы табэрнакулюм быў перанесены Найсвяцейшы Сакрамэнт.

Эўхарыстыю завяршыла незабыўная хвалюючая падзея, якую можна назваць сапраўды экуменічнай: у новаасвечаную святыню павіншаваць католікаў прыбылі прадстаўнікі праваслаўнай парафіі ў Ветрыне на чале з яе настаяцелем, які ахвяраваў для новага касцёла старажытны абраз Маці Божай. (Абраз намаляваны ў ХІХ ст.) Перадаючы гэты каштоўны падарунак, праваслаўны святар адзначыў, што ўсе мы – хрысціяне і дзеці аднае Маці, Марыі.

Пробашч новаасвечанага касцёла кс. Міхал Станьчук падзякаваў за дапамогу ў будове святыні сваім парафіянам і ўсім дабрачынцам з Беларусі і з-за мяжы.

Такім чынам, Віцебская дыяцэзія да свайго 5-годдзя атрымала яшчэ адну новую святыню як дар ад Бога і як узнагароду за хрысціянскую шчырасць і адданасць свайго вернага люду.

Кс. доктар Пётр Сялкоўскі,
канцлер курыі.
Фота кл. Мікалая Ліпскага.