13 мая ў касцёле Маці Божай Фацімскай у Шуміліне адбылося ўрачыстае ўмураванне капсулы з каменем з Фацімы і пасланнем да нашчадкаў тых, хто прычыніўся да ўзвядзення гэтай адной з найбольш велічных у Віцебскай дыяцэзіі каталіцкіх святыняў. Асвечаная ардынарыем дыяцэзіі Уладзіславам Блінам, рэліквія ў прысутнасці шматлікіх вернікаў мясцовай парафіі і гасцей з іншых дыяцэзій Беларусі, а таксама з Украіны, Польшчы і Расіі заняла пачэснае месца ў сцяне пры ўваходзе, стаўшы сімвалам адраджэння веры ў гэтым адметным, даволі густа населеным прадстаўнікамі каталіцкага веравызнання рэгіёне.

За канчатковую дату пабудовы касцёла вызначана 13 мая 2007 года – дата 90-годдзя аб’яўленняў у Фаціме. Але ўжо цяпер тут, нягледзячы на фінансавыя і іншыя складанасці, праводзіцца значная праца па фармаванні дыяцэзіяльнай супольнасці, ажыццяўленні сувязяў з вернікамі іншых дыяцэзій нашай краіны і замежжа. На працягу паўгода, ад 13 мая да 13 кастрычніка, кожнага 13 чысла а 19-й гадзіне ў святыні адбываюцца набажэнствы ў гонар Маці Божай Фацімскай: Святая Імша і працэсія. З гэтага года пілігрымы, якія наведваюць касцёл, маюць магчымасць атрымаць начлег (мяркуецца, што з узвядзеннем святыні штоноч тут змогуць размясціцца да 150 асобаў). Цэнтрам жа рэлігійнага выхавання плануецца зрабіць адмысловы моладзевы каталіцкі цэнтр. Планы грандыёзныя, і ажыццяўленнем іх займаюцца святары і парафіяльны актыў.

Першыя супольныя малітвы ў новастворанай шумілінскай парафіі праводзіў кс. Мечыслаў Янчышын. Першым пастаянным пробашчам парафіі быў капуцын а. Ян Фэбек. Пазней – кс. Адам Дынак, потым – на працягу двух гадоў – місіянер аблат а. Кшыштаф Барадзей. Вось ужо на працягу года парафію ўзначальвае таксама місіянер аблат а. Пётр Бялевіч, абавязкі вікарыя выконвае а. Гжэгаж Ваўжэняк.

Першыя пасля рэгістрацыі парафіі набажэнствы шумілінскія католікі праводзілі ў доме старшыні парафіяльнага камітэта Вячаслава Орпіка, нараджэнца Шчучыншчыны. Потым перайшлі ў капліцу. Будынак, які выкупілі пазней пад санктуарый, прызначаўся пад дом культуры, але з-за фінансавых цяжкасцяў так і не быў дабудаваны. Вось ім цяпер і апякуюцца парафіяне. Наперадзе шмат працы, але ў парафіі Маці Божай Фацімскай вельмі дбайныя мужчыны, таму ёсць усе падставы спадзявацца, што да вызначанай даты усё будзе даведзена да ладу.

Энергічна ўзяўся за будоўлю і новы пробашч парафіі а. Пётр Бялевіч, які дагэтуль працаваў на Украіне. Не забываючыся пры гэтым, вядома ж, на асноўную сваю функцыю – душпастырскую. Тут клопатаў таксама хапае: парафія Маці Божай Фацімскай ахоплівае ўвесь Шумілінскі раён. А. Пётр і а. Гжэгаж рэгулярна выязджаюць для правядзення Святой Імшы ў Обаль і Мішкавічы, дзе ёсць капліцы, не забываюцца і на жыхароў іншых вёсак. З радасцю зазначаюць, што кожнага разу на Эўхарыстыю прыходзіць усё больш людзей, адзначаюць пабожнасць сваіх парафіянаў, многія з якіх, пабыўшы на ранішняй Святой Імшы, не палянуюцца і ўвечары прыйсці ў святыню, каб узнесці да Бога малітву пры Найсвяцейшым Сакрамэнце. Штогод выпраўляюцца шумілінцы ў пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай, у гэтым годзе пробашч і вікарый маюць намер арганізаваць для моладзі парафіі пілігрымку ў Лісабон для ўдзелу ў спатканні Тэзэ і наведвання Фацімы.

«Любіце Езуса і будзеце шчаслівыя», – сказаў падчас Святой Імшы біскуп Уладзіслаў Блін. Трое найбольш актыўных парафіянаў – Вячаслаў Орпік, Іван Моніч і Юры Забалотнікаў – у знак асаблівых заслуг перад парафіяй і вялікую працу на ўзвядзенні санктуарыя – атрымалі з благаслаўлення ардынарыя дыяцэзіі адмысловыя падарункі: прывезеныя дзеля гэтага з Фацімы фігуркі Маці Божай. Супольная Імша, прымеркаваная да аб’яўленняў у Партугаліі ў 1917 годзе, скончылася сумесным абедам на свежым паветры, ва ўмовах, блізкіх да тых, што зведвае кожны ў далёкай ці блізкай пілігрымцы.

Францішак Дубраўскі.
Фота кс. Кшыштафа Вітвіцкага.