На шляху да еднасці
«Ніякія цяжкасці не затрымаюць нас на шляху да еднасці», — сказаў Папа Ян Павел ІІ, прымаючы ў Ватыкане 29 чэрвеня, у дзень Апосталаў Пятра і Паўла, экуменічнага Патрыярха Канстанцінопаля Барталамея І. «Мы будзем ісці да гэтай мэты, просячы дапамогі святых Апосталаў», — дадаў Святы Айцец.
Сустрэча двух высокіх іерархаў у Ватыкане была прымеркавана да 40-годдзя гістарычнай сустрэчы іх шаноўных папярэднікаў, Папы Паўла VI і Патрыярха Афінагора І, якая адбылася ў Ерузалеме ў 1964 г.
40 гадоў таму быў абвешчаны таксама Дэкрэт ІІ Ватыканскага Сабору аб экуменізме.
Папа Ян Павел ІІ і Патрыярх Барталамей І падпісалі сумесную Дэкларацыю, якая абавязвае католікаў і праваслаўных супрацоўнічаць на карысць поўнай еднасці.

* * *

На пачатку чэрвеня адбылася 103-я замежная пілігрымка Святога Айца Яна Паўла ІІ. Амаль праз 20 гадоў пасля свайго першага візіту ў 1984 г. Папа трэці раз наведаў Швейцарыю. Святы Айцец адгукнуўся на запрашэнне швейцарскай моладзі, якая 5–6 чэрвеня сабралася пад дэвізам «Устань» (Лк 7, 14) на першую сустрэчу каталіцкай моладзі ў Берне. Святая Імша, якую 6 чэрвеня Папа ад-правіў у Берне, стала цэнтральным пунктам гэтай моладзевай сустрэчы. У літургіі ўдзельнічала 70 тыс. пілігрымаў з усяе Швейцарыі і з іншых еўрапейскіх краін. «Духоўным цудам Берна» назвалі арганізатары гэтую эўхарыстычную сустрэчу моладзі з Папам: яны не чакалі, што на яе прыбудзе на палову больш пілігрымаў, чым планавалася.
У Берне (найбольш пратэстанцкім з усіх швейцарскіх гарадоў) Папа ўзнавіў заклік да хрысціянаў, каб ішлі наперад «цяжкаю дарогаю да поўнай еднасці» ўсіх вернікаў.

Год Эўхарыстыі
Папа Ян Павел ІІ падчас Св. Імшы, адпраўленай ва ўрачыстасць Божага Цела на плошчы перад базылікаю св. Яна на Латэране, аб’явіў перыяд з кастрычніка 2004 г. да кастрычніка 2005 г. Годам Эўхарыстыі.
Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што Эўхарыстыя — гэта адлюстраванне найбольшай таямніцы любові, якая аднаўляецца кожны дзень у Святой Імшы. Каб падкрэсліць значэнне і месца гэтага сакрамэнту ў Касцёле, у часе Міжнароднага Эўхарыстычнага Кангрэсу, які адбудзецца ў Мексіцы ў кастрычніку г. г., ва ўсім Касцёле распачнецца Год Эўхарыстыі. Завершыць яго Звычайны сход Сіноду Біскупаў, што адбудзецца ў Ватыкане ў кастрычніку 2005 г. Тэма сходу — «Эўхарыстыя — крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла».

* * *

12 чэрвеня Святы Айцец Ян Павел ІІ менаваў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча членам дзвюх дыкастэрый: Кангрэгацыі па справах Духавенства і Папскай Рады «Justitia et Pax».

* * *

Інгрэс новага кусташа Святой Зямлі адбыўся 2 чэрвеня г. г. Кіраўніком Кустодзіі стаў 39-гадовы францішканін а. П’ербацціста Піццабалла. Каля Яфскай Брамы Старога Горада яго прывітаў увесь хрысціянскі Ерузалем.

Згадваючы прэзідэнта Рэйгана
Ян Павел ІІ маліўся за душу памерлага 5 чэрвеня былога прэзідэнта ЗША Рональда Рэйгана. З глыбокаю ўдзячнасцю Пантыфік прыгадаў яго служэнне на карысць міру. У тэлеграме, высланай на імя ўдавы прэзідэнта Нэнсі Рэйган, Папа падкрэсліў цвёрдую веру памерлага ў чалавечыя і духоўныя каштоўнасці, якія гарантавалі свету будучыню ў салідарнасці, справядлівасці і спакоі. У пахаванні былога амерыканскага прэзідэнта ўдзельнічаў сакратар стану Апостальскай Сталіцы Анджэло Садана.

Падрыхтавала К. Л.