Няма долі больш горкай, як сірочая. Ды па сённяшнім часе сіроцтва настолькі распаўсюджанае, што ўжо і зважаць на яго перастаем, гаворым трафарэтныя словы падтрымкі, па магчымасці, ахвяруем нейкія мізэрныя сродкі. Спрацоўвае ўстойлівы комплекс успрымання чужога, і на гэтым вырастаюць разбэшчанасць і агрэсіўнасць, усё тое, што прынята класіфікаваць як асацыяльныя паводзіны. На шчасце, так здараецца не заўсёды: дзякуючы неабыякавым людзям фізічнае сіроцтва далёка не кожны раз трансфармуецца ў духоўнае. Герою гэтага інэрв’ю Руслану Берліну – дваццаць гадоў. Сірата ад нараджэння (маці не палічыла патрэбным забіраць немаўля з раддома), ён не адзін год правёў у дзіцячых дамах, скончыў школу-інтэрнат для дзяцей-сіротаў і цяпер вучыцца ў Віцебскім прафесійна-тэхнічным коледжы на мастака афарміцеля. Паглядзеўшы на хлопца, і не скажаш, што ён сірата: выхаваны, разумны, паспяхова развівае закладзеныя прыродай творчыя задаткі – у немалой ступені дзякуючы Касцёлу і людзям, для якіх служэнне Богу неаддзельнае ад служэння канкрэтнаму чалавеку.

– Што найбольш часта згадваецца табе сёння з часоў, праведзеных у казённых установах?

– Тое, што найбольш тады ўразіла: казённасць абстаноўкі. Калі ўсё агульнае, і няма нічога твайго асабістага. Адсутнасць блізкага чалавека, якому можна было б паскардзіцца на крыўду, адкрыць душу, проста пагаварыць.

– Ніводнага такога чалавека не спаткаў у дзяцінстве?

– Быў адзін: Святлана Анатольеўна (прозвішча не памятаю) з наваполацкага дзіцячага дома. Яна не толькі для мяне, але і для многіх стала другой маці. У кожнага ўкладала часцінку душы. На жаль, іншага складу выхавацелі сустракаліся часцей.

– З роднаю маці ніколі не было жадання сустрэцца?

– Было, і я зрабіў для гэтага пэўныя захады: пару гадоў таму паехаў да яе ў Оршу. Спатканне было ніякае. Сустрэла мяне як абсалютна чужога чалавека. Іншая зусім зацікаўленасць у жанчыны – алкаголь. Так што прыехаў «дадому» з найлепшымі намерамі, а паехаў ні з чым. Неўзабаве яна памерла.

– Крыўдна?

– Не магу сказаць, што вельмі. Вера, Бог дапамагаюць пераадольваць крыўду. Жыву і гэтым шчаслівы. Бацькі не хацелі – Бог захацеў, і Ягоная воля перамагла.

– Раскажы пра свой шлях да Бога.

– Хрысцілі мяне, як і іншых дзяцей, у праваслаўнай царкве падчас знаходжання ў школе-інтэрнаце. Але хадзіць маліцца туды мы не мелі магчымасці: інтэрнатаўскім рэжымам адлучкі з тэрыторыі забараняліся. Не ведаю, як было б далей, каб не настаўніца малявання Вольга Леанідаўна Цыбоўская. Яна ўсё жыццё маё перавярнула. Калі яна прыйшла да нас, я не толькі не ўмеў маляваць, але нават не меў да гэтага занятку ніякай цікавасці. І вось – палюбіў маляванне. Другое, у чым яна вельмі на мяне паўплывала, – рэлігійнае жыццё. Дзякуючы ёй я прыйшоў у касцёл. Пасля ад’езду Вольгі Леанідаўны ў Амерыку маім рэлігійным выхаваннем пачалі займацца яе бацькі. Цяпер праходжу катэхезу, рыхтуюся да Першай Камуніі.

– У касцёле часта бываеш?

– Штонядзелю і па святах, у буднія дні – калі ёсць вольны ад вучобы час.

– Дапамагаеш у афармленні касцёла як мастак?

– Безумоўна. Малюю абразы, рыхтую дэкарацыі да святаў. Наогул, рэлігійная тэматыка ў маёй творчасці займае немалое месца. Першай працай быў абраз Езуса Міласэрнага. Дзіўна: заўсёды, пачынаючы нешта маляваць, баяўся пачатку працы, а тут – ніякага страху не было і блізка. Праца так захапіла, што праз два тыдні пасля яе сканчэння абраз той прыйшоў у сне! Яшчэ маляваў Панну Марыю, святога Антонія. Хоць аддаю перавагу пейзажу і калажу, малюю таксама ў абстракцыйнай манеры.

– Выставы ўжо ладзіў?

– Так, тры ў Віцебску. Цяпер маю намер узяць удзел у выставе ў Мінску.

– Хто аказвае табе матэрыяльную падтрымку?

– У пэўнай ступені – Касцёл. А яшчэ сям’я Нарджаліні з горада Арэца ў Італіі. Нашае сяброўства завязалася, калі я яшчэ вучыўся ў школе-інтэрнаце, і працягваецца па сённяшні дзень. Гэта вельмі добрыя людзі, католікі, я штогод бываю ў іх улетку. Яны шмат для мяне зрабілі, у тым ліку і ў плане маральнай падтрымкі.

– Вернемся да веры... Як ты адчуваеш – наколькі моцная яна ў цябе?

– Можа, гэта будзе занадта самаўпэўнена, але я жыву з Богам... Гэта так. Кантакт з Усявышнім праз удзел у Святой Імшы, праз малітву для мяне вельмі важны. Бог – мой найпершы дарадца і абаронца, хоць я добра ўсведамляю, што ўладкоўваць свой далейшы лёс павінен буду сам. Бог дапамагае мне аналізаваць ўчынкі (гэта я часта раблю), наладжваць кантакты з людзьмі. Пэўна ж дзякуючы Яму, я адчуваю, што няздольны пакрыўдзіць чалавека, паставіцца да каго-небудзь пагардліва. Цяжка загадваць, што будзе заўтра, але сёння я дакладна магу сказаць: без веры для мяне няма жыцця.

– У пілігрымках бываеш?

– Пакуль што не было магчымасці: вучоба, экзамены. Мару схадзіць у Будслаў. Менавіта пешкі і з каменем у заплечніку. Выберу найбольшы, які змагу панесці (грахі ж нялёгка насіць) і пайду... А-ба-вяз-ко-ва!

– А на перспектыву якія маеш планы?

– Паступіць у навучальную ўстанову па сваім профілі. Напэўна, у сталіцу. У Віцебску складаней з працаю, да ўсяго ж, я не маю пастаяннай прапіскі. А пакуль што – вучуся, і гэтага мне дастаткова.

– Дык поспехаў – і ў вучобе, і ў далейшым жыцці!

Такая вось адбылася размова. Слухаў Руслана і радаваўся за яго, за яго мэтанакіраванасць, сур’ёзны падыход да жыцця, за тое, што пашанцавала яму на сустрэчы з добрымі людзьмі, вернікамі, якія не адпрэчылі, а наадварот, дапамаглі намацаць цвёрдую сцяжыну, дадалі моцы ўпэўнена крочыць па ёй. Хай і надалей усё добра складаецца ў ягоным лёсе.

Франц Сіўко