Працяг. Пачатак у №11 за 2003 г. >>>

Сённяшняя наша гутарка прысвячаецца аднаму са старажытных храмаў — базыліцы святога Себасцьяна за гарадскімі мурамі (San Sebastiano fuori le mura). У эпоху рымскага імператара Канстанціна на месцах катакомбаў, дзе былі пахаваныя першыя хрысціяне, пачалося будаўніцтва першых хрысціянскіх храмаў. Простыя бажніцы паўставалі ў наваколлях Рыма, на месцах мучаніцкай смерці паслядоўнікаў Хрыста, найчасцей – на Апіевай дарозе, дзе ў 258 г. былі знойдзены целы святых Пятра і Паўла. Першыя бажніцы будаваліся пад простымі навесамі, а іх сцены былі распісаныя малюнкамі вернікаў. Такім быў і першы храм на Апіевай дарозе, шырыня яго складала каля 7 метраў.

Паступова з невялікага храма была пабудавана мураваная базыліка, якая мела цэнтральную наву і апсіду. Па баках базылікі знаходзіліся грабніцы пакутнікаў за веру. Да IV ст. там захоўваліся рэліквіі апосталаў Пятра і Паўла, але пасля таго як былі пабудаваныя базыліка святога Пятра ў Ватыкане, а потым святога Паўла за гарадскімі мурамі, іх перанеслі туды. І ўсё ж той першы храм, ад якога пачаўся культ апосталаў-пакутнікаў, яшчэ доўгі час працягваў насіць іх імёны і захоўваць іх славу. Калі галавой хрысціянскага свету быў Папа Сікст ІІІ (432–440), храм на Апіевай дарозе атрымаў новае імя – святога Себасцьяна.

Гэта быў просты салдат-хрысціянін імператарскай арміі, пакараны смерцю ў часы рымскага імператара Дыяклезіяна і пахаваны ў бліжэйшых катакомбах у 290 годзе. Паводле жыццяпісу святога Себасцьяна, складзенага яшчэ ў V ст., за сваю веру і нежаданне адрачыся ад яе, ён быў прывязаны да слупа і расстраляны з лукаў. Яго палічылі мёртвым і пакінулі, але яго выхадзіла ўдава Ірына — добрая жанчына вылечыла Себасцьяна, і ён яшчэ больш пачаў прапаведаваць веру Хрыстову, не тоячыся ад імператара. Тады Дыяклезіян загадаў забіць Себасцьяна булавой на Палацінскім узгорку, адкуль цела скінулі ў сцёчную канаву, якая ўпадала ў Тыбр. Аднак вернікі не пакінулі цела пакутніка — яго знайшла жанчына па імені Луцына, якая разам з іншымі хрысціянамі і пахавала Себасцьяна ў катакомбах на Апіевай дарозе. Як усе касцёлы, што стаяць на могілках, базыліка святога Себасцьяна не мела стабільнага духавенства, і каб зберагчы ў санктуарыі акуратнасць і аўтаномію, Папа Сікст ІІІ заснаваў побач кляштар, адзін з першых у Рыме. На працягу V і VI стагоддзяў культ святога Себасцьяна быў вельмі папулярны.

У 826 г. цела святога пакутніка, якое захоўваецца ў крыпце, з-за страху перад сарацынамі перанеслі ў базыліку святога Пятра. Гэтая перасцярога была не лішняй: храм святога Себасцьяна абрабавалі піраты. Вельмі пацярпеў і кляштар (яго нават пакінулі законнікі). Праз некалькі гадоў Папа Мікалай І (858–67) паклапаціўся пра аднаўленне ўсяго комплексу, які праз тры стагоддзі быў аддадзены законнікам-цыстэрцыянам святога Бернарда. У 1218 г. Папа Ганорый ІІІ (1216–27) дзеля абароны законнікаў нанава асвяціў алтар святога Себасцьяна і ў той жа час стаў пачынальнікам адбудовы вялікай званіцы. Аднак тая званіца сёння стаіць на іншым месцы, як і кляштарны двор, аб чым сведчаць археалагічныя раскопкі ХХ стагоддзя. На працягу доўгага часу ў базыліцы святога Себасцьяна не было значных зменаў. Перабудова кляштарнага комплексу пачалася тады, калі манахаў-цыстэрцыянаў, якія выключна і стала на працягу двух стагоддзяў вялі набажэнствы, змянілі канонікі Латэранскія.

У 1613 г. магутны кардынал Сцыпіён Баргезе распачаў вялікія рэстаўрацыйныя працы ў памяшканні храма. Пачалася будоўля дзвюх капліцаў (рэліквій і святога Себасцьяна), была адноўлена агульная архітэктура базылікі разам з фасадам (сёння гэта вялікі порцік з трыма аркамі). Кардынал Баргезе зноў паклікаў да апекі над базылікай і кляштарным комплексам цыстэрцыянаў. Праз нейкі час, у 1676 годзе, ужо іншы найвышэйшы пралат — кардынал Франчэско Барберыні – быў ініцыятарам будаўніцтва капліцы святога Себасцьяна. А падчас пантыфікату Папы Клемента ХІ у базыліцы паўстала каплічка Святых Сакрамэнтаў – квадратнай формы, з апсідай і купалам.

У ХІХ ст. пачаліся сістэматычныя археалагічныя раскопкі з мэтай даследавання арыгінальнай раннехрысціянскай пабудовы храма, які цяпер вывучаны дасканала. У працэсе тых даследаванняў былі адкрыты рэшткі першахрысціянскіх забудоваў, якія можна ўбачыць злева ад базылікі, спусціўшыся па сходах. Таксама была высветлена функцыя памяшкання, што знаходзіцца за крытай галерэяй для прагулак: у ім на працягу 40 гадоў захоўвалася грабніца з целамі апосталаў Пятра і Паўла, а пад каплічкай знаходзіцца маўзалей наступнай эпохі, узведзены для абароны базылікі. Як бачым, храм, які не так вядомы ў свеце, як велічныя рымскія базылікі, на самай справе вельмі важны, калі ведаць яго гісторыю.

Наша наступная гутарка будзе прысвечана рымскай базыліцы святога Лаўрэнція за мурамі, San Lorenzo fuori le mura.

Працяг у №8(111) >> Сяргей Кірык