Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах >>>

3. Дэталёвыя кананізацыйныя нормы ККП з 1983 г.

У ККП ёсць 15 пытанняў, у якіх заканадаўца звяртаецца да грамадзянскага права. Паводле зместу канонаў можна вылучыць наступныя выпадкі:

• Юрыдычныя апекуны
Па пытаннях вызначэння апекуноў для непаўналетніх асобаў і межаў іх улады канон 98, § 2 рэкамендуе захоўваць правілы грамадзянскага права, калі толькі ў кананічным праве не прадугледжаны іншыя і калі ў пэўных выпадках дыяцэзіяльны біскуп можа прызначыць іншага апекуна па слушнай прычыне.

• Набыццё самастойнасці непаўналетнімі Адносна сталага або часова месцажыхарства ў каноне 105, § 1 гаворыцца, што непаўналетні пасля набыцця самастойнасці таксама можа атрымаць пастаяннае месцажыхарства, аднак набыццё самастойнасці павінна адбывацца ў адпаведнасці з грамадзянскім правам.

• Працэдура ўсынаўлення
Для таго каб усынаўлёныя дзеці былі прызнаныя дзецьмі тых, хто іх усынавіў, у аднаведнасці з кананічным правам канон 110 патрабуе, каб усынаўленне адбывалася ў адпаведнасці з грамадзянскім правам. Гэта норма мае асаблівае значэнне для касцёльнага і сямейнага права, бо яе вынікам з’яўляецца адмена перашкоды для заключэння шлюбу паміж усынаўлёным і тым, хто ўсынаўляе. Крытэрыем з’яўлення або адсутнасці факту ўсынаўлення для касцёльнага заканадаўцы з’яўляюцца правілы грамадзянскага права ў гэтым пытанні.

• Нормы, якія датычацца прэскрыпцыі
Пра гэтую праблему ККП гаворыць у канонах 197-199 і ў каноне 1268. Першы з гэтых канонаў, канон 197, сцвярджае, што прэскрыпцыя як парадак набыцця або страты суб’ектыўнага права павінна адбывацца ў адпаведнасці з грамадзянскім правам дадзенай дзяржавы, за выключэннем правілаў у дачыненні да канкрэтнай праблемы, якая знаходзіцца ў канонах ККП. Асаблівыя распараджэнні, якія датычацца прэскрыпцыі, знахо- дзяцца ў канонах 198 і 199. У каноне 198 гаворыцца пра добрасумленнасць, якая патрабуецца кананічным правам на працягу ўсяго перыяду, неабходнага для ўзнікнення прэскрыпцыі пры захаванні правілаў канона 1362, які сцвярджае, што крымінальны іск пагашаецца па прэскрыпцыі на працягу трох гадоў, калі гаворка не ідзе пра:
– правапарушэнні, якія захоўваюцца за Кангрэгацыяй веравучэння;
– іск па правапарушэннях, згаданых у канонах 1394, 1395, 1397, 1398, які падлягае прэскрыпцыі на працягу пяці гадоў;
– правапарушэнні, якія караюцца агульным правам, калі партыкулярны закон вызначыў іншы тэрмін прэскрыпцыі.
Канон 1362 у § 2 вызначае норму адносна адлічэння часу прэскрыпцыі: яна адлічваецца з дня ўчыненага правапарушэння або, калі правапарушэнне бесперапыннае ці ўвайшло ў звычку, з дня яго заканчэння.
У каноне 199 ёсць пералік матэрыяў, якія ні ў якім выпадку не падлягаюць прэскрыпцыі:
– правы і абавязкі, якія датычацца натуральнага або пазітыўнага Божага права;
– правы, якія можна атрымаць толькі па Апостальскім прывілеі;
– правы і абавязкі, якія маюць непасрэднае дачыненне да духоўнага жыцця верных Хрысту;
– трывалыя і несумненныя межы касцёльных тэрыторый;
– грашовыя ахвяраванні на Імшы і абавязкі па іх;
– вызначэнне касцёльнай пасады, для якой у адпаведнасці з правам патрабуецца здзяйсненне святарскага служэння;
– права візітацыі і абавязак паслушэнства, каб не адбылося так, што ніякая касцёльная ўлада не зможа болей здзяйсняць візітацыю верных Хрысту, і яны ўжо не будуць падпарадкоўвацца ніякай уладзе.
Відавочна, што згаданы пералік матэрый мае чыста касцёльны характар і было б цяжка шукаць у грама- дзянскіх юрыдычных правілах прынцыпы, якія адносяцца да іх рэгулявання. З іншага боку, зважаючы на спецыфіку юрыдычнага касцёльнага парадку, гэтыя матэрыі па сваёй прыродзе не могуць падвяргацца прэскрыпцыі, бо не маюць чыста дысцыплінарнага характару, таму што належаць да дактрынальнага і маральнага парадкаў. Канон 1268, у якім рэгулююцца часовыя здабыткі Касцёла (касцёльнае маёмаснае права), гаворыць, што прэскрыпцыя ў дачыненні да маёмаснага права (парадку набыцця часовых выгодаў або вызвалення ад іх) прымаецца Касцёлам у адпаведнасці з кан. 197-199.

• Умовы прыёму на працу грамадзянскіх асобаў касцёльнымі арганізацыямі
Заканадаўца таксама звяртаецца да нормаў дзяржаўнага права, калі гаворка ідзе пра прыём на працу касцёльнымі арганізацыямі. Адносна грамадзянскіх асобаў, якія часова або стала працуюць для патрэбаў Касцёла, у кан. 231 § 2 гаворыцца, што свецкія людзі маюць права на адпаведнае ўзнагароджанне, як і маюць права на тое, каб быў праяўлены належны клопат пра іх пенсійнае забеспячэнне, а таксама сацыяльнае і медыцынскае страхаванне ў адпаведнасці з нормамі таксама і грамадзянскага права. Канон 1286 § 2 прадугледжвае, што ў працоўных пагадненнях павінны дакладна выконвацца грамадзянскія законы дадзенай дзяржавы адносна працы і сацыяльнага жыцця ў адпаведнасці з прынцыпамі, прынятымі Касцёлам. Адзначым, што ў многіх выпадках сацыяльная дактрына Касцёла ў гэтым пытанні больш патрабавальная, чым заканадаўства многіх краін.

• Вызваленне ад абавязкаў і функцый, не сумяшчальных з духоўным санам
Заканадаўца рэкамендуе духоўным асобам выкарыстоўваць магчымасці, якія прадугледжваюцца грамадзянскім правам, і вызваляе ад выканання павін- насцяў і грамадзянскіх абавязкаў, не сумяшчальных з духоўным санам. Нормы, якія датычацца гэтай праблемы, змешчаны ў кан. 289 § 2, аднак у каноне гаворыцца пра тое, што ардынарый у асобных выпадках можа прыняць іншае рашэнне.

• Завяшчанне і адмаўленне ад маёмасці ў інстытутах святарскага жыцця
Наступны выпадак звароту кананічнага права да грамадзянскага – гэта патрабаванне кан. 668 § 1 адносна абавязку складання завяшчання законнікамі перад першымі шлюбамі, што адпавядае і нормам грамадзян- скага права. У § 4 гэтага ж канона гаворыцца пра тое, што асобе, якая паводле патрабаванняў законнага жыцця павінна цалкам адмовіцца ад сваёй маёмасці да складання вечных шлюбаў, трэба адмовіцца ад маёмасці па форме, узаконенай, на колькі гэта магчыма, і грамадзянскім правам. Такім чынам, заканадаўца не робіць з гэтага патрабавання абсалютнага распараджэння. Відавочна, што § 4 па сваім гучанні не такі адназначны, як § 1, дзе ўмова адпаведнасці нормам грамадзянскага права не мае дадатковых умоваў.

• Шлюбнае абяцанне
У каноне 1062 § 1 касцёльны заканадаўца ўскладае на Канферэнцыю Біскупаў абавязак стварыць правілы, якія датычацца аднабаковага ці двухбаковага шлюбнага абяцання. Рэкамендуецца адначасова ўлічваць пры гэтым грамадзянскія законы, калі яны прынятыя, але не ўдакладняецца, у якой ступені і па якіх крытэрыях здзяйсняюцца гэтыя рэкамендацыі. У гэтым жа каноне гаворыцца пра тое, што пры стварэнні вышэйзгаданых правілаў побач з грамадзянскім правам трэба звярнуць увагу на мясцовыя традыцыі.

• Забарона асіставання пры шлюбах, якія не прызнаюцца грамадзянскім правам
Паводле кан. 1071 § 1, п. 2 душпастыр не павінен без дазволу мясцовага ардынарыя асіставаць пры шлюбе, які не можа быць заключаны па нормах грамадзянскага права. У аснову гэтай нормы закладзены клопат заканадаўцы пазбегнуць канфлікту паміж двума прававымі парадкамі такой важнай матэрыі, якой з’яўляецца шлюб.

• Заключэнне шлюбу праз прадстаўніка
У § 2 кан. 1105 гаворыцца пра сам дакумент, які датычыцца прадстаўніка: даверанасць з’яўляецца сапраўднай, калі яна падпісаная давяральнікам і, апрача яго, пробашчам парафіі або ардынарыем таго месца, дзе яна выдаецца, ці святаром, дэлегаваным адным з іх, або хаця б двума сведкамі; яна павінна быць складзена як сапраўдны дакумент у адпаведнасці з нормамі грамадзянскага права. Аднак і такі дакумент не з’яўляецца абавязковым з боку кананічнага права, і толькі заканадаўцам дапушчальная такая яго форма.

• Кіраванне касцёльнаю маёмасцю
У касцёльным маёмасным праве заканадаўца абавязвае кіраўнікоў касцёльнай маёмасці (кан. 1284 § 2, п. 2) клапаціцца пра тое, каб права валодання маёмасцю забяспечвалася правамоцнымі з пункту гледжання грамадзянскага права сродкамі. У п. 3 заканадаўца абавязвае захоўваць правілы як кананічнага, так і грама- дзянскага права, а таксама тыя, што былі дадзены заснавальнікам, ахвярадаўцам ці законнай уладаю, і перш за ўсё намагацца, каб Касцёл не меў стратаў з-за незахавання грама- дзянскіх законаў.

• Правілы адносна пагадненняў і абавязацельстваў
У кан. 1290 гаворыцца пра тое, што ўсё грамадзянскае права на дадзенай тэрыторыі правамоцнае адносна ўсіх кантрактаў як у цэлым, так і ў прыватнасці і яго трэба захоўваць з тымі ж умовамі, як і ў кананічным праве. Гэтая норма з’яўляецца літаральным зацвярджэннем распараджэння канона 1529 з ККП ад 1917 г. Перад прамульгацыяй Кодэкса 1917 г. Касцёл карыстаўся рымскім правам адносна выпадкаў, звязаных з кантрактамі. Замена рымскага права грама- дзянскім у асобных краінах была неабходнасцю і з фармальнага боку і па сутнасці справы. Існуючы Кодэкс прымае ў якасці ўласнага юрыдычны парадак асобных краін як адносна прадмета, формы, умоваў і г.д., так і адносна дэталяў. Апрача таго, гэтыя правілы павінны выконвацца паводле кананічнага права з тымі ж наступствамі адносна юрыдычных абавязацельстваў, дзеянняў, важнасці і няважнасці актаў. Кананісты дыскутуюць пра тое, наколькі прадпісанні грама- дзянскага права, якія тычацца кантрактаў, могуць выкарыстоўвацца ў аспекце здольнасці заключэння кантрактаў асобамі (capactas contrahendi). Здаецца, што адказ павінен быць станоўчым, аднак гэты канон пераймае дзяржаўныя правілы без усялякіх абмежаванняў, выключаючы толькі тыя выпадкі, якія паводле кан. 22 маглі б супярэчыць Божаму праву і нормам кананічнага права, захоўваючы, аднак, прадпісанні кан. 1547, які дапускае доказнасць праз сведкаў ва ўсіх справах пад кіраўніцтвам суддзі.

• Завяшчанні на выпадак смерці на карысць Касцёла
У каноне 1299 § 2 заканадаўца раіць захоўваць фармальнасці, якія патрабуюцца грамадзянскім правам пры складанні завяшчанняў на выпадак смерці на карысць Касцёла, але адначасова гаворыць, што трэба захоўваць гэтую працэдуру па магчымасці, і тым самым дае зразумець, што могуць узнікнуць такія абставіны, пры якіх захаванне працэдуры можа стацца немагчымым. У каноне гаворыцца пра неабходнасць нагадваць нашчадкам пра іх абавязак выконваць апошнюю волю завяшчальніка, нават калі форма яе выяўлення не адпавядае фармальным патрабаванням грамадзянскага права. У гэтым выпадку грамадзянскае права не вызваляе ад абавязкаў кананічнага права.

• Пасэсарны іск
У тым, што датычыцца прыроды правамоцнасці пасэсарнага іску (сцвярджэнне права на рэчы, якіх пазбавілі), у кан. 1500 гаворыцца пра тое, што неабходна выконваць прадпісанні грамадзянскага права той мясцовасці, дзе знаходзіцца рэч, пра валоданне якой ідзе гаворка.

• Прадпісанні адносна кампрамісу, палюбоўнага пагаднення і рашэння трацейскіх суддзяў
У кан. 1713-1714, дзе гаворыцца пра кампраміс, палюбоўнае пагадненне і рашэнне трацейскіх суддзяў, заканадаўца дае бакам спрэчкі як магчымасць для яе вырашэння выкарыстоўваць абраныя імі прадпісанні або, калі бакі не выберуць ніякіх прадпісанняў, трэба выкарыстоўваць прадпісанні, выдадзеныя Канферэнцыяй Біскупаў, калі такія існуюць, або прадпісаннямі грамадзянскага права, якія дзейнічаюць на дадзенай тэрыторыі.

Такім чынам, відавочна, што кананізацыя грамадзянскага права мае розныя формы. Часам заканадаўца ў абсалютны спосаб загадвае выкарыстоўваць нормы грамадзянскага права так, быццам яны з’яўляюцца неад’емнай часткай кананічнага юрыдычнага парадку, як, напрыклад, у выпадку ўсынаўлення (кан. 110). У іншых выпадках яны выкарыстоўваюцца настолькі, наколькі гэта магчыма, як пры завяшчанні ў выпадку смерці на карысць Касцёла (кан. 1299 § 2). Нормы грамадзянскага права могуць выкарыстоўвацца як адна з магчымасцяў, на выбар заканадаўцы: напрыклад, у выпадку вырашэння якой-небудзь спрэчкі бакам можна даць як адну з магчымасцяў выкарыстанне грамадзянскага права (кан. 1714).

Касцёльнае заканадаўства, выкарыстоўваючы кананізацыю грамадзянскага права, жадае гэтым шляхам быць адкрытым на патрэбы розных народаў і на розныя абставіны месца і часу, каб найлепш прыстасоўвацца да лакальных умоваў1. Гэты орган, у якім з волі касцёльнага заканадаўцы кананічнае права сустракаецца з грамадзянскім правам дадзенай краіны, з’яўляецца магчымасцю для дыялогу і месца сустрэчы з іншай культурай. У некаторых выпадках кананіст для выкарыстання касцёльнага права павінен ведаць грамадзянскае права той краіны, у якой знаходзіцца; аднак для таго, каб зрабіць гэта адпаведным спосабам, трэба ведаць не толькі саму норму, але таксама прававы парадак, з якога яна паходзіць.

Ксёндз Хенрык Ягадзінскі

1 Chiapetta L. II Codice di Diritto Canonico Commento giuridico-pastorale, v. I, Napoli 1988, s. 46.