«Вы – наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых,
які пазнаюць і чытаюць усе людзі;
вы паказваеце сабою праз служэнне нашае,
што вы — ліст Хрыстовы...»
(2 Кар 3, 2-3)

Паломніцтва ці, як часцей можна пачуць у каталіцкім асяроддзі на Беларусі, пілігрымка — гэта своеасаблівы «ліст», пасланне ў свет. І гэтым пасланнем з’яўляемся мы, хрысціяне.

Для таго каб стаць паломнікам, зусім не абавязкова быць святаром, законным братам ці сястрой, членам нейкага свецкага ордэна, бо ўсе мы з’яўляемся дзецьмі Адзі-нага Бога, і самае важне і неабходнае для будучага паломніка — гэта добрая воля, якая ўзрастае на глебе адкрытасці і шчырасці сэрца.

Мы верым, што Пан Езус — гэта «і Дарога, і Праўда, і Жыццё» (пар. Ян 14, 6). Менавіта таму пілігрымка з’яўляецца сімвалам нашага жыццёвага шляху, які знаходзіцца адзіна ў руках Божых. Аднак побач з Сынам заўсёды стаіць Яго Маці, якая з’яўляецца таксама і Маці ўсіх людзей (пар. Ян 19, 25-27). І калі Хрыстосу для кожнага з нас — дарога, то Маці Божая — гэта самая кароткая сцяжынка да яе. Менавіта таму ў канцы пілігрымкі часцей за ўсё (бо паломніцтва можа здзяйсняцца ў любое святое месца) мы прыходзім да Найсвяцейшай Панны Марыі са спадзяваннем, што ўжо Яна прывядзе нас да Свайго Сына, і такім чынам даручаем Найсвяцейшай Багародзіцы свой жыццёвы шлях.

Пан адарыў мяне шчасцем быць пілігрымам вось ужо чацвёрты год. Трэба сказаць, што кожная з пілігрымак па-свойму багатая на ласкі і незабыўная. Апошнюю ж сваю пілігрымку я назвала б асаблівай ласкай Добрага Бога, якая, бясспрэчна, пакінула след Духа Святога ў сэрцы і, спадзяюся, ва ўсім маім жыцці.

Пілігрымка ў Люрд, Фаціму, Ля-Салет, а таксама ў Парыж (дзе Маці Божая аб’явілася Кацярыне Ляборэ), Чэнстахову, Непакалянаў (санктуарый св. Максіміліана Марыі Кольбэ). Мільёны людзей атрымліваюць там духоўнае аздараўленне і выпрошваюць яго для сваіх блізкіх, хтосьці атрымлівае фізічнае аздараўленне ці глыбокае суцяшэнне ў сваім цярпенні, а мільёны іншых моляць Бога аб тым, каб хоць раз у жыцці пабываць там... Трапіць туды ў маладым узросце, на маю думку, асаблівы дар Божы. Дар, які трэба ўмець заўважыць, не растраціць марна і самае галоўнае — падзяліцца ім з іншымі, не толькі з роднымі і блізкімі, але і з людзьмі, якіх мы прызвычаіліся называць «выпадковымі».

У памяці кожнага пілігрыма святыя месцы пакідаюць свой след, свае дары і сваё ўражанне. Я мела магчымасць назіраць тую вялікую розніцу і адлегласць паміж людзьмі нашага стагоддзя і людзьмі часоў аб’яўлення Маці Божай маленькім пастушкам. Пастушкі ёсць і цяпер, толькі ў сённяшнія дні, мне здаецца, душы людзей моцна хворыя на грэх, разбэшчанасць, адарванасць ад усяго Божага. Кажуць, што дзеці і моладзь — гэта будучыня народа. Выхаванне ж маладога пакалення адбываецца перадусім у сям’і і ўжо потым — у школе. Прыклад дзецям і моладзі даюць дарослыя, бо ўсё гэта — глеба, у якую Вялікі Сейбіт укідвае сваё зерне. Ці аб’явіцца Божая Маці нам сёння? Ці зможа Яна звярнуць на сябе нашую ўвагу?

Люрд, Фаціма, Ля-Салет — тры месцы аб’яўленняў Багаро-дзіцы. Люрд — велізарны санктуарый у Францыі сярод гор Пірэнеяў, дзе кожны год адбываецца да 300 цудаў у месцы падараванай Божай Маці ўсяму чалавецтву купелі цудатворнай вады. Немагчыма забыць чорныя, мокрыя сцены грота, дзе і аб’явілася сама Маці Божая, шпіталь св. Бернадэты (дзяўчынка, якой аб’явілася Божая Маці) для тысяч хворых, калекаў рознага ўзросту на інвалідных калясках і каталках, вячэрнія Эўхарыстычныя працэсіі з удзелам хворых, малітвамі на 6 мовах (а два дні гучала таксама малітва на беларускай мове!) і Святой Камуніяй у падземным касцёле, разлічаным на 30 тысяч чалавек, дом святой Бернадэты, яе нятленнае цела і словы, якія яна сказала яшчэ пры жыцці: «Не хачу, каб маё цела заставалася тут, бо галоўная тут — Маці Божая»... Усё гэта трэба ўбачыць сваімі вачыма, ва ўсім прыняць удзел, перажыць асабіста, каб адчуць гэтае месца — месца «пераможнай надзеі і Маці Божай, якая трыумфуе».

Фаціма — санктуарый у Партугаліі, дзе Божая Маці аб’явілася траім пастушкам — Францішку, Жасінце і Лючыі. Целы Францішка і Жасінты нятленныя і знаходзяцца ў базыліцы пры санктуарыі. Лючыя жыве да гэтага часу — служыць Богу ў закрытым кляштары кармелітак босых недалёка ад Фацімы. На месцы аб’яўленняў стаіць зусім невялікая каплічка з дрэва і каменя. Адзін з найбольш яркіх успамінаў — доўгая сцяжынка, якая вядзе да капліцы і якую ўсе пілігрымы праходзяць на каленях, а таксама крыніца Сэрца Езуса, каля якой шматлікія пілігрымы атрымліваюць Божыя ласкі. Назаўсёды застанецца ў памяці сцяжынка пастушкоў (сёння на яе месцы — стацыі Крыжовага шляху). Па гэтай сцяжынцы яны кожны дзень ішлі на поле. Тут у 1916 г. ім з’явіўся Анёл (на гэтым месцы цяпер VIII стацыя), а 13 мая 1917 г. — упершыню Маці Божая (на гэтым месцы таксама стаіць капліца, і на камені выбіты словы Багародзіцы). Гэта — месца гарачых пяскоў і невысокіх, крывых аліўкавых дрэваў. Фаціма — ціхае, простае і просьбітнае маўчанне Найсвяцейшай Панны.

Ля-Салет — Францыя, горы Альпы вышынёй да 3000 метраў. Тут Маці Божая аб’явілася дваім пастушкам — Меланіі і Максіміліяну. Яны не пазналі Багародзіцу і нават не ўмелі маліцца да часу Яе аб’яўлення. Больш за ўсё мне запомніліся словы Найсвяцейшай Панны: «Калі Мой народ не захоча паслухацца, Я буду вымушана адпусціць руку свайго Сына (...). Яна такая моцная і цяжкая (...), а вы нічога для гэтага не чыніце». Скалечанасць нашых душаў грахамі і наша глыбокая абыякавасць у адносінах да Бога — вось над чым плача Маці свету ў сваіх аб’яўленнях у Ля-Салет.

Падчас пілігрымкі мы застаемся такімі ж людзьмі, як заўсёды. Проста мы, пілігрымы, на нейкі час далучаемся да цярпенняў Хрыстовых і Яго Крыжа: не толькі з-за нейкіх знешніх цяжкасцяў, якія здараюцца ў дарозе, але адначасова таму, што асаблівым чынам адчуваем прыгнёт уласных язваў... Хрыстус цярпеў ад грахоў усяго чалавецтва, мы ж — у асноўным толькі з-за ўласных грахоў, а таксама з-за грахоў сваіх блізкіх. Самае галоўнае, каб ахвяра пілігрымкі прыносілася з верай, самаадданасцю, пакорай і любоўю. Толькі тады Пан Бог і Маці Божая прымуць яе і адораць чалавека сваім благаславеннем, вынікам якога абавязкова будзе ачышчэнне і чыстая, шчырая, святая радасць.

Пілігрымка, калі да яе аднесціся сур’ёзна, можа шмат чаму навучыць. Калі мы становімся пілігрымамі, то ў пэўным сэнсе прыпадабняемся да апосталаў: пакідаем «усё» — штодзённыя абавязкі, дом, родных — і ідзём за Панам. І тут мы можам адчуць сябе значнымі, добрымі, годнымі дароў Бога і Багародзіцы. Існуе небяспека памылкі, дапушчанай у свой час апосталамі (пар. Мк 10, 35-45) — фарысейства. Каб пазбегнуць гэтага, трэба пастаянна памятаць, што Бог не зможа ўвайсці ў нашы душы і аздаравіць іх, пакуль мы не адрачэмся ад сябе, ад сваёй самаўпэўненасці, пакуль не ўсвядомім, што Божая сіла патрабуе нашай слабасці...

Будзем жа падчас кожнай пілігрымкі асаблівым чынам прасіць Найсвяцейшую Багародзіцу, каб Яна дапамагала пілігрымам пазбавіцца фарысейства, каб, стаўшы «ўбогімі духам», мы змаглі атрымаць ад Духа Суцяшальніка дар аздараўлення як цела, так і душы.

Алена Худалей.
Фота А. Асташонак

Удзельнікі пілігрымкі выказваюць шчырую падзяку за дапамогу ў яе арганізацыі кс. Станіславу Росеку, кс. Браніславу Росеку, кс. Хенрыку Ягадзін-скаму, кс. Антонію Клімантовічу, кс. Эдмунду Даўгіловічу-Навіцкаму, кс. Вітальду Пяцельчыцу за душпастырскую апеку падчас пілігрымкі, а таксама Станіславу Генрыхавічу Стацкевічу — арганізатару вандроўкі да марыйных санктуарыяў.

Інфармацыю пра ўдзел у наступных пілігрымках можна атрымаць у С.Г. Стацкевіча з Гродна па тэл. 8-0152-261900.