Шаноўныя чытачы! Калі ў нашых тлумачэннях вам усё ж такі сустракаюцца незразумелыя словы, паспрабуйце пашукаць іх значэнне ў рубрыцы «Наш слоўнік» у папярэдніх нумарах часопіса ці ў слоўнічку, які змешчаны на Інтэрнет-старонцы нашага часопіса або Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі (www.catholic.by).

Акламацыя (лац. acclamatio – ускліканне) – слова або фраза, часцей за ўсё кароткая, якія прамаўляюць ці спяваюць вернікі падчас літургіі. Так, у А. «амэн» народ далучаецца да малітвы, якую прамаўляе святар, і робіць яе сваёй; у акламацыі перад чытаннем Евангелля «аллелюя» і інш. супольнасць вернікаў прымае і вітае Пана, які будзе прамаўляць да іх у сваім слове; уся супольнасць, яднаючыся з нябеснымі моцамі, на пачатку эўхарыстычнай малітвы спявае А. «Святы...» і г.д. А. з’яўляецца выразам чыннага і свядомага ўдзелу вернікаў у літургіі.

Амэн (з габр. – сапраўды, пэўна, няхай станецца) – часта сустракаецца ў Св. Пісанні як адказ, пацвярджэнне – «сапраўды так» або просьба – «няхай так станецца» (гл. Дрг 27, 15-16; Пс 106(105), 48; Мц 6, 13; 1 Кар 14, 16 і г.д.) і нават з’яўляецца адным з найменняў Сына Божага (Ап 3, 14). Вымаўляецца пры знаку св. Крыжа як просьба Божага блага- слаўлення і адначасова выраз гатоўнасці хрысціяніна служыць Богу і прыняць Яго волю, як акламацыя на заканчэнне малітваў, а таксама падчас прыняцця Св. Камуніі і пасля адпушчэння грахоў на споведзі.

Антыфона (грэцк. antiphonein – спяваць папераменна) – верш, найчасцей узяты са Св. Пісання, які падчас Імшы можа спявацца або прамаўляцца ў якасці спеву на ўваход і на Камунію. А. таксама называецца рэфрэн, які паўтараецца пры спяванні ці чытанні псальмаў, у тым ліку рэспансарыйнага псальма падчас Імшы. А. шырока выкарыстоўваюцца ў Літургіі га- дзінаў.

Брэвіярый (лац. Breviarium) – традыцыйная назва літургічнай кнігі, у якой сабраныя прадпісанні і тэксты для цэлебрацыі Літургіі гадзінаў на працягу літургічнага года.

Гамілія (лац. homilia – казанне, пропаведзь) – настаўленне, якое святар ці дыякан прамаўляе народу падчас Св. Імшы пасля чытання Евангелля. Гэта можа быць тлумачэнне якогасьці аспекту чытанняў Святога Пісання або іншага імшальнага тэксту. Г. можа прамаўляцца таксама пры цэлебрацыі сакрамэнтаў, напр., хросту, сужэнства і г.д. Гл. казанне.

Імшал, Рымскі І. (лац. Missale Romanum)– асноўная літургічная кніга для цэлебрацыі Св. Імшы паводле рымскага (лацінскага) абраду. У ёй змешчаны неабходныя прадпісанні, якія датычаць цэлебрацыі Імшы; каляндар урачыстасцяў, святаў і ўспамінаў, якія Касцёл адзначае на працягу года; парадак Св. Імшы – г.зн. нязменныя часткі, а таксама ўсе іншыя малітвы і тэксты, неабходныя для цэлебрацыі Імшы на працягу літур- гічнага года і ў розных патрэбах. У 2000 г. з’явілася трэцяе ўзорнае выданне І. на лацінскай мове, а 6 жніўня 2003 г. кампетэнтнымі касцёльнымі ўладамі быў зацверджаны Рымскі І. для дыяцэзій на Беларусі.

Казанне – настаўленне, якое святар ці дыякан прамаўляе народу падчас Св. Імшы і іншых набажэнстваў. У ім тлумачацца праўды веры, некаторыя аспекты навучання Касцёла, хрысціянскай маралі і т.п. Гл. гамілія.

Калекта (лац. collecta – збор, складчына) – 1. Адна з імшальных малітваў, у якой выяўляецца характар цэлебрацыі, з-за чаго яе таксама называюць «малітвай дня». Яна завяршае ўступныя абрады Св. Імшы і як бы яднае ў сабе малітоўныя інтэнцыі ўсёй супольнасці. Згодна са старажытнай традыцыяй Касцёла, гэтая малітва звычайна скіроўваецца да Бога Айца праз Хрыста ў Духу Святым, пра што сведчыць яе асаблівая даўжэйшая канцоўка. На Імшы заўсёды прамаўляецца толькі адна К. 2. Заключная малітва Ютрані, Нешпараў і гадзіны чытанняў. 3. Часам так называецца збор ахвяраванняў, прызначаных на патрэбы Касцёла і бедных.

Літургічны год – касцёльны гадавы цыкл, на працягу якога ў святых успамінах ва ўстаноўленыя дні ўшаноўваецца збаўчая справа Хрыста. Л.г. пачынаецца ў першую нядзелю Адвэнту і складаецца з наступных літургічных перыядаў: 1. Перыяд Адвэнту – пачынаецца ў нядзелю, якая прыпадае на 30 лістапада або бліжэйшую да гэтага дня дату і заканчваецца 24 снежня; 2. Перыяд Нараджэння Пана – пачынаецца ва ўрачыстасць Нара- джэння Пана і заканчваецца святам Хросту Пана; 3. Перыяд Вялікага посту – пачынаецца ў Папяльцовую сераду і заканчваецца напярэдадні ўрачыстасці Змёртвыхпаўстання Пана; 4. Велікодны перыяд – пачынаецца ва ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана, працягваецца пяцьдзесят дзён і заканчваецца ўрачыстасцю Спаслання Духа Святога (Пяцідзесятніца); 5. Звычайны перыяд – час ад заканчэння перыяду Нараджэння Пана да пачатку Вялікага посту, які потым працягваецца пасля Велікоднага перыяду да пачатку Адвэнту і ўключае 33 ці 34 тыдні. Такім чынам, на працягу года Касцёл ахоплівае ўсю таямніцу Хрыста і ўспамінае святых у дні іх нара-джэння для неба.

Літургія гадзінаў (лац. Liturgia Horarum) – штодзённая малітва народа Божага, гэта значыць Касцёла, якая складаецца з наступных частак: гадзіна чытанняў, Ютрань, малітва на працягу дня, Нешпары і малітва на заканчэнне дня – Камплета. Для кожнай з гэтых частак, якія адбываюцца ў акрэсленыя гадзіны, у Брэвіярыі падаюцца адпаведныя тэксты: гімны, антыфоны, псальмы, чытанні, урыўкі са Святога Пісання і спевы. У Л.г. абавязкова ўдзельнічаюць духавенства і кансэкраваныя асобы (манахі і законнікі), а таксама пажадана, каб усе вернікі, па магчымасці, бралі ў ёй удзел.

Нешпары (ад лац. vesper – вечар) – вечаровая малітва Касцёла, якая з’яўляецца часткай Літургіі гадзінаў.

Прэфацыя (лац. рraefatio – уступ, уводзіны) – уступная частка эўхарыстычнай малітвы ў Св. Імшы, якая мае характар падзякі Богу. Яна пачынаецца з заклікаў святара, які вітае вернікаў, запрашае іх узнесці сэрцы і аддаць падзяку Богу, а народ адказвае. Потым святар ад імя ўсяго народа святога ўслаўляе Бога Айца і дзякуе Яму за ўсю справу збаўлення або за нейкі яе асаблівы аспект у адпаведнасці з характарам дня, свята ці перыяду. Завяршаецца П. акламацыяй «Святы...».

Псальмы – біблійныя тэксты, якія ўяўляюць сабой рэлігійныя песні, сабраныя ў адной з кніг Старога Запавету – кнізе Псальмаў. Усяго ёсць 150 П., аўтарам многіх з іх з’яўляецца кароль Давід. Назва паходзіць ад музычнага інструмента «псалтыр» (гуслі, арфа), які ў часы Старога Запавету часта выкарыстоўваўся падчас набажэнстваў і рэлігійных урачыстасцяў. П. заўсёды займалі значнае месца як у духоўным жыцці пабожных юдэяў, так і ў малітоўнай практыцы хрысціян. П. складаюць асноўную частку Літургіі гадзінаў, якая з’яўляецца афіцыйнай малітвай Касцёла. Паводле зместу адрозніваюць П. хвалебныя, пакутныя, прарочыя, просьбы, падзякі і г.д. Рэспансарыйны псальм (лац. responsorium – папераменны спеў з адказам) – інтэгральная частка літургіі слова ў Св. Імшы; спяваецца ці прамаўляецца пасля першага чытання адпаведным служыцелем, а народ прымае ўдзел, паўтараючы ў адказ рэфрэн.

Цэлебрацыя (лац. celebratio – сход, святкаванне, ушанаванне) – афіцыйнае здзяйсненне абрадаў пад кіраўніцтвам адпаведнага служыцеля, якое адбываецца ў Касцёле і ад імя Касцёла. Цэлебрант – належным чынам устаноўлены служыцель, які здзяйсняе тыя ці іншыя абрады і ўзначальвае іх цэлебрацыю. Цэлебраваць – здзяйсняць абрады, узначальваючы іх цэлебрацыю (напр., Св. Імшу, сакрамэнт хросту, Літургію гадзінаў і г.д.).

Ютрань – ранішняя малітва Касцёла, якая з’яўляецца часткай Літургіі гадзінаў.

Падрыхтаваў Мікола Гракаў.