3 чэрвеня а 13-й гадзіне адышоў да Пана Бога адзін са старэйшых святароў на Беларусі, ксёндз пралат Люцыян Хмялёвец, пробашч парафіі ў в. Дзераўная Стаўбцоўскага раёна.

Нарадзіўся будучы ксёндз пралат 12 мая 1914 г. у г. Мінску ў пабожнай каталіцкай мнагадзетнай сям’і.

Пасля заканчэння Гродзенскай гімназіі паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Вільні, якую паспяхова закончыў у 1939 г.

Працаваў у парафіях у Валкалаце, Канстанцінаве, а з 1963 г. пераехаў у парафію ў в. Дзераўная, у якой ахвярна служыў Богу і людзям да апошніх дзён свайго зямнога жыцця. Яго ўдзячна ўспамінаюць таксама вернікі з Івянца, Каменя, Валожына, Стоўбцаў, Негарэлага, Смілавічаў, Мінска, Налібокаў, Хотава, Волмы, Ракава... Шмат гадоў быў генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Па яго ўласных словах, ён хацеў «быць багатым толькі ў адным – у ласцы Божай», і гэтую ласку сапраўды меў. Бог шчодра адмераў яму зямнога веку: 11 мая ксёндз пралат Люцыян адзначыў свой 90-гадовы юбілей.

«Пакорны і сапраўдны слуга Хрыста» за свае 65 гадоў ахвярнага служэння дапамог многім адчуць сваё пакліканне, стаць святарамі і выбраць дарогу манаскага служэння Богу ў Касцёле. Ён – настаўнік і выхавацель сённяшняга дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Антонія Дзям’янкі, ксяндза Віталія Гайца, настаяцельніцы бенедыктынак Імэльды Дзям’янка, сястры уршулянкі Чаславы Навіцкай, сястры Вольгі Грышан з супольнасці сясцёр Святой Сям’і з Бардо.

Няхай міласэрны Хрыстус узнагародзіць ксяндза пралата Люцыяна ў сваім Валадарстве.

Вечны адпачынак дай яму, Пане.