Мар’ян Дукса

* * *

Езус, Марыя, Юзаф...
Вашы Імёны ў хатах ціхмяных
гараць залатымі літарамі,
праганяючы цемру начы.
Ззянне іх не залежыць
ад месцазнаходжання сонца.
Езус, Марыя, Юзаф.
І будуць пад Вамі новыя пакаленні
прыходзіць і адыходзіць.
І з’явяцца фанаты і куміры.
І гэтыя раптам захочуць
усё змяніць і перайначыць.
І змайструюць блішчасты подыум,
каб скакалі па ім
раскручаныя ідалы,
размаляваныя парфумай і падсветкай.
А вакол іх
будуць трэсціся і вірыць
разгарачаныя натоўпы.
Але згаснуць электрычныя зарніцы
і імі азораныя абліччы.
І толькі будуць свяціцца
над шэрасцю людской мітусні,
як сонца, як месяц, як зоркі,
Вашы вечныя чыстыя твары —
Езус, Марыя, Юзаф.

Без Цябе, Езус...

Якімі б халоднымі дні былі
і беспрасветнымі ночы
без Цябе.
Ні вясна, ні лета
не мелі б гаючага водару.
Насычаныя страхам нябёсы
ціснулі б плечы і думкі.
Пераліваліся б словы
з пустога ў парожняе.
Беспрытульныя блукальцы,
хадзілі б мы па сумнай зямлі
з канца ў канец,
ад мора да мора,
не ведаючы берагоў і прычалаў,
пераблытаўшы мэты й маршруты.
І засталася б уцеха адна —
прытуліць галаву
да сваёй марнасці.

Місіянеры

Пра іх не скажаш:
размеркаваны на працу —
хто лепей, хто горай,
хто ў горад, хто ў вёску...
Іх пасылае ўласнае сэрца
у джунглі, пустыню,
туды, дзе спыніўся час
або адстаў
на некалькі тысячагоддзяў.
Яны едуць туды,
дзе беспрытульныя душы
блукаюць паміж небам і зямлёй,
няздольныя вырвацца
з учэпістых рук шаманаў.
Ніхто ім не дае гарантый —
ад эпідэмій, бруду, дзікунства,
камення, кулі і дынаміту.
Адзінае, што ім не пагражае, —
гэта банкаўскі рахунак.

* * *

Каму мы патрэбныя
цяпер,
калі ўсе падушкі
запоўнены смуткам?
Дзеці пабеглі
за прывідам радасці,
іх апаноўваюць клопаты —
цэлая плойма чмяліная.
Гоніць штодзённа ў свет
патрэба і нашых суседзяў —
нават іх «добры дзень!»
стаў дэфіцытам.
Божа, Адзін Ты з намі —
і днём, і ноччу, і заўсёды.
У вочы нам пазіраеш,
нябачны,
з нябеснай цішы.
Гоіш сэрца і думкі:
«Не бойцеся і не хвалюйцеся.
Я — побач.
А людзі будуць бегчы заўсёды.
Я даў ім
вольную волю...»

Вечны бераг

Прылівы і адлівы лёсу
выносяць на бераг
і забіраюць ад яго.
Пасаджаны мною сад
дае горкія плады.
І я працягваю плаванне
да новага берага,
дзе пушчаныя мной карані
прыносяць салодкі сок.
Але жыватворныя яблыні
ламае раптоўная бура.
Яшчэ адна прыстань
мацуе маю надзею.
Але тут усё пабярэжжа
занята чужымі плантацыямі.
І маім саджанцам
ніхто не дае месца.
О, мудры спагадлівы акіян,
вынесі на вечны сонечны бераг,
дзе няма горычы,
буры і адчужанасці.