22 мая 2004 года ў 11 гадзін у капліцы Меншых Братоў Капуцынаў імя св. айца Піо ў Маладзечне з рук Яго Эксцэленцыі біскупа Антонія Пацыфіка Дыдыча атрымаў святарскае пасвячэнне брат Андрэй Жылевіч.

Калі было табе толькі пяць гадоў, ці сем, ці дзевяць, наўрад ці думаў пра тое, што звяжаш сваё жыццё з Богам. Хутчэй, ты марыў быць касманаўтам ці хаця б вядомым гісторыкам. Але ты падрос і раптам адчуў, што нехта, Вялікі і Магутны, узяў цябе за руку і сказаў: «Ідзі за Мной». І ты пайшоў. Так распачалася твая пілігрымка да святарства.

Ты быў звычайны хлопец. Цяпер ты – брат. Ты – частка той суполкі, што моліцца за нас, слабых і няўпэўненых. Ты яшчэ не ведаеш, а толькі здагадваешся пра тое, што на твае плечы ўскладзены не адзін, але многа іншых крыжоў, нашых. Ты зразумееш гэта пасля, але не спалохаешся, бо ты моцны. Моцны тою сілаю бязмежнай любові да бліжняга, якой напоўніў тваё сэрца Той, Хто паклікаў цябе. І з гэтай сілай ты абраў нялёгкі шлях святара.

Былі гады навучання. Ты – студэнт. Вось толькі залікі, экзамены і практыка ў цябе незвычайныя. Ты не проста вывучаеш тэорыю па падручніках, ты спрабуеш вывучаць людскія душы, бо быць іх лекарам – гэта і ёсць твая задача. Твой час распісаны ледзь не на год наперад. Ты працуеш з моладдзю і паказваеш ёй шлях да Бога. Ты ходзіш разам з пілігрымамі да святых месцаў, каб сваёй светлай радасцю паклікаць за сабою. Ты прысвячаеш час працы з Хатнім Касцёлам, каб напоўніць кожную сям’ю Божым святлом. Ты студэнт, але нават дарослыя людзі прыслухоўваюцца да цябе, бо ў сэрцы тваім – мудрасць Пакліканага.

Здавалася табе, калі яшчэ ён прыйдзе, той дзень святарскага пасвячэння! Але ён не прымусіў сябе доўга чакаць. 22 мая 2004 года, 11 гадзін, капліца Меншых Братоў Капуцынаў імя св. айца Піо. У капліцы стаіш ты, схіліўшы галаву ў малітве, а Яго Эксцэленцыя біскуп Антоній Пацыфік Дыдыч уладаю, дадзенай яму Касцёлам, благаслаўляе цябе на нялёгкую святар-скую працу. Ты ўжо не студэнт, ты – лекар нашых душаў. Тут, побач з табою, мы, твае сябры і родныя. Мы, для каго ты – сын і брат. І разам з табою нашыя сэрцы напаўняюцца шчырай радасцю і ўдзячнасцю да Творцы.

23 мая ў парафіяльным касцёле св. Казіміра ў Ліпнішках, на тваёй малой радзіме, – твая прыміцыя. Упершыню ты самастойна ахвяраваў Богу Святую Імшу. Усхваляваны і шчаслівы, ты дзякуеш Айцу за дар паклікання і сваім бацькам за тое, што далі сваё бацькоўскае благаслаўленне. І ты ведаеш, што гэта першыя крокі на абраным шляху, і што пілігрымка твая толькі пачынаецца. Вось яна, твая дарога, ідзі па ёй і моцна трымай за руку Таго, Хто паклікаў цябе...

Вікторыя Млечка,
г. Маладзечна