Ян Павел ІІ адбыў 2-дзённую пілігрымку ў Лурд з нагоды 50-й гадавіны абвяшчэння догмату аб Беззаганным Пачацці. З-пад Маcабэльскага грота Папа скіраваў да ўсіх заклік успрыняць місію Марыі як дасканалы ўзор паставы, якая дае чалавеку поўню годнасці.

Гэты 32-гадзінны побыт у найбольш значным французскім санктуарыі 14 і 15 жніўня быў пранікнуты малітвай Святога Айца і шматлікай колькасці пілігрымаў з многіх краінаў, кранальнымі выразамі салідарнасці Галавы Касцёла з хворымі і церпячымі людзьмі, а таксама асабістым сведчаннем цярпення Яна Паўла ІІ.

У гэтай пілігрымцы Святому Айцу спадарожнічаў таксама арцыпастыр беларускіх католікаў кардынал Казімір Свёнтэк.

Адным з найбольш моцных акцэнтаў гэтай пілігрымкі стаў заклік Святога Айца да абароны чалавечага жыцця ад моманту зачацця да натуральнай смерці. Папа, разважаючы над сучасным разуменнем догмату аб Беззаганным Пачацці Марыі, падкрэсліў пільную неабходнасць прапагандавання каштоўнасці асобы жанчыны ў сённяшнім свеце.

Кардынал Жан-Мары Люсціжэ, арцыбіскуп Парыжа, акрэсліў гэтую пілігрымку як важны этап у гісторыі Францыі.

Хворы з хворымі

На працягу 14 кіламетраў, якія Святы Айцец праехаў да Лурда, не сціхалі воплескі і радасныя воклічы, білі званы. Развяваліся французскія, іспанскія, ірландскія, польскія сцягі. Спявалі песню «Pierre Tu es pierre...» («Пётр, ты — скала...»), якая была напісана спецыяльна з нагоды прыезду Святога Айца ў Францыю 1996 г.

Свае першыя крокі Ян Павел ІІ накіраваў да Грота Аб’яўленняў. Ён доўга кленчыў на загадзя падрыхтаваным кленчніку, а твар яго быў пранікнуты малітоўнай засяроджанасцю і цярпеннем. Ён запаліў свечы і напіўся вады з крыніцы — так, як гэта робяць усе пілігрымы. У рукі біскупа Тарбэ і Лурда ён перадаў залатую ружу для санктуарыя.

«Я тут разам з вамі, дарагія браты і сёстры, як пілігрым да Найсвяцейшай Панны. Чыню сваімі вашыя малітвы і спадзяванні, з вамі дзялю гэты час, пазначаны фізічным цярпеннем, але тым не менш плённы ў цудоўным плане Бога. З вамі малюся за тых, хто давяраецца малітве», — звярнуўся непасрэдна да хворых Святы Айцец.

Марыя,цалкам Табе аддаюся

Незвычайны характар мела ружанцовая працэсія з удзелам Яна Паўла ІІ у суботу. Святы Айцец павольна ехаў у папамабіле, які затрымліваўся каля паасобных ружанцовых стацыяў. За ім неслі копіі абразоў Маці Божай з найбольш значных марыйных санктуарыяў у свеце, у тым ліку з Яснай Гары, Вострай Брамы ў Вільні і Гуадалупэ ў Мексіцы. Далей ішлі хворыя, ехалі інваліды на калясках і ў спецыяльных ложках з дапамогаю валанцёраў.

Уступ да кожнай таямніцы чыталі мясцовы біскуп і Жан Ван’е — свецкі чалавек, заснавальнік супольнасцяў інвалідаў «Арка» («Каўчэг») і «Вера і святло».

«Добрая Маці, будзь да мяне літасцівая: цалкам Табе давяраюся, каб Ты аддала мяне свайму дарагому Сыну, якога прагну любіць усім сэрцам. Добрая Маці, адары мяне сэрцам, якое гарыць для Езуса», — гаварыў Святы Айцец дрыжачым голасам, узгадваючы аб’яўленні св. Бэрнадэтты Сабіру.

На заканчэнне Ружанца Святы Айцец адгаварыў малітву да Маці Божай, падрыхтаваную ім самім.

Просім Марыю,каб выпрасіла для свету такі неабходны дар супакою

На заканчэнне першага дня папскай пілігрымкі ў гэтым найвялікшым марыйным санктуарыі ў Еўропе тысячы пілігрымаў з запаленымі свечкамі распачалі шэсце з Масабэльскага грота да базылікі.

«Няхай квітнеюць у сэрцах пачуцці прабачэння і братэрства. Няхай людзі складуць зброю, а ў нашых сэрцах згаснуць нянавісць і насілле. Няхай кожны чалавек убачыць у іншым чалавеку не ворага, з якім трэба змагацца, але брата, якога трэба прыняць і любіць, каб будаваць разам лепшы свет», — моцна заклікаў Святы Айцец.

Ян Павел ІІ гаварыў пра тое, што, аб’явіўшыся Бэрнадэцце, Марыя распачала дыялог паміж Небам і зямлёй, які працягваецца ажно да сённяшняга дня. Ён падкрэсліў, што гэты дыялог не павінен абмяжоўвацца толькі словамі, але павінен ператварацца ў супольны шлях з Марыяй, у пілігрымку веры, надзеі і любові.

«Усе разам будзем заклікаць Каралеву супакою, адновім наш запал у служэнні на карысць паяднання, дыялогу, салідарнасці. Такім чынам мы заслужым благаслаўленне, якое Пан абяцаў «тым, хто нясе супакой» (Мц 5, 9), — скончыў прамову Ян Павел ІІ.

Пачнём жа слухаць Марыю, якая дае свабоду!

«З Масабэльскага грота Беззаганная Панна прамаўляе таксама да нас, хрысціянаў трэцяга тысячагоддзя. Пачнём жа слухаць Яе!» — звяртаўся Ян Павел ІІ да больш чым 300 тыс. пілігрымаў з усяго свету, якія сабраліся ў Лурдзе 15 жніўня гэтага года, у свята Унебаўзяцця, на другі дзень пілігрымкі. Святы Айцец падкрэсліў, што пастава Марыі з’яўляецца адказам на найглыбейшыя пытанні сучаснасці, бо ў Ёй крыецца таямніца сапраўднай радасці і спакою. Ян Павел ІІ заклікаў таксама да асаблівай дапамогі жанчыне і да абароны чалавечага жыцця.

Разам з Папам Святую Імшу канцэлебравалі 15 кардыналаў, каля 70 біскупаў з Францыі і 30 з-за мяжы. У Святой Імшы ўдзельнічалі шматлікія хворыя.

Найбольш пілігрымаў з-за мяжы прыбыло з Іспаніі, Італіі і Польшчы. Былі таксама пілігрымы з Харватыі, Украіны, Венгрыі.

Пілігрымы, якія прадстаўлялі 5 кантынентаў у традыцыйных касцюмах, на пачатку Святой Імшы прынеслі Святому Айцу ваду з цудоўнай крыніцы з Грота, якою на ўспамін святога хросту біскупы і кардыналы акрапілі вернікаў. Гэта ж з выразнай радасцю зрабіў і сам Папа.

«З гэтага грота я кірую спецыяльны заклік да вас, жанчыны, — казаў Ян Павел ІІ. — Аб’явіўшыся ў гроце, Марыя даверыла сваё пасланне дзяўчыне, нібы жадаючы падкрэсліць асаблівую місію, што датычыць жанчыны, якая ў нашыя часы спазнае спакусу матэрыялізму і секулярызацыі, каб была ў сучасным грамадстве сведкай галоўных каштоўнасцяў, якія можна бачыць адзіна вачыма сэрца».

«Усіх вас, браты і сёстры, горача заклікаю, каб вы рабілі ўсё магчымае для жыцця, усяго жыцця, каб шанавалі яго ад моманту зачацця ажно да яго натуральнага заканчэння. Жыццё — гэта святы дар, панам якога ніхто не можа стаць», — растлумачваў наступнік св. Пятра.

Спасылаючыся на Евангелле, у якім гаворыцца пра наведванне Марыяй св. Альжбеты, Святы Айцец падкрэсліваў асаблівыя рысы Марыі: пакору, адданасць Богу, любоў і бескарыслівае служэнне іншым, якія павінны быць прыкладам для ўсіх пакаленняў.

Растлумачыў, што пастава Марыі заклікае нас перадусім да належнага карыстання свабодай: «Панна з Лурда мае для ўсіх, урэшце, такое пасланне: будзьце свабоднымі жанчынамі і мужчынамі, але памятайце, што чалавечая свабода — гэта свабода, пазначаная грахом. Яна таксама патрабуе вызвалення. Гэта Хрыстус з’яўляецца яе Збаўцам, Ён, які «вызваліў нас дзеля свабоды» (Гал 5, 1). «Бараніце сваю свабоду!» — дадаў Святы Айцец.

Напрыканцы Ян Павел ІІ даверыў усіх сабраных мацярынскай апецы Марыі, на якую мы заўсёды можам разлічваць: «Дарагія сябры, мы ведаем, што можам у гэтым разлічваць на Тую, якая, ніколі не паддаўшыся граху, сама з’яўляецца дасканала свабодным стварэннем. Ёй давяраю ўсіх вас. Вандруйце з Марыяй шляхамі поўнай рэалізацыі вашай чалавечнасці!».

Малітоўная цішыня ўвянчала пілігрымку

Апошнім этапам побыту Яна Паўла ІІ у Лурдзе стала ўзрушальная малітва Папы ў Гроце. На месцы, дзе 25 сакавіка 1858 г. св. Бэрнадэцце Сабіру аб’явілася Маці Божая, Святы Айцец маліўся ў цішыні і засяроджанасці.

Пасля малітвы ў Масабэльскім гроце Ян Павел ІІ накіраваўся на бліжэйшы аэрадром у Тарбэ, адкуль вылецеў у Рым.

Лурд з’яўляецца санктуарыем, у які кожны год прыбываюць больш за 5 млн пілігрымаў, у тым ліку больш за 80 тыс. хворых і інвалідаў. Упершыню Ян Павел ІІ наведаў Лурд роўна 21 год таму, 14 і 15 жніўня 1983 г.

Гэты візіт у Францыю быў 104-й замежнай апостальскай пілігрымкай Яна Паўла ІІ і яго 8-м візітам у Францыю.

Па матэрыялах КАІ