У жніўні гэтага года Легіён Марыі на Беларусі адзначыў сваё дзесяцігоддзе. З вялікай Божай ласкі Легіён расце і пашыраецца. Сёння мы маем ужо пяць курый у Мінску, Маладзечне, Баранавічах, Стоўбцах і Мазыры, што аб’ядноўваюць больш за 40 прэзідыумаў (супольнасцяў), у якіх працуюць каля 400 легіянераў.

Тры дні — з 11 па 13 жніўня — у Доме Святой Тройцы ў Баранавічах адбываліся рэкалекцыі, на якія з’ехаліся легіянеры з усіх куткоў Беларусі. Праводзіў рэкалекцыі ксёндз з ордэна вербістаў Конрад Патыка. Духоўна апекаваўся легіянерамі на працягу гэтых трох дзён ксёндз Юзаф Дзеконьскі — мадаратар Легіёну Марыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі.

13 жніўня ў баранавіцкім касцёле Маці Божай Фацімскай адбылася святочная Імша, прысвечаная дзесяцігадоваму юбілею Легіёна Марыі на беларускай зямлі. Цэлебраваў Святую Імшу дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка. Прывітаць легіянераў прыехаў таксама дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец і больш за дзесяць ксяндзоў з розных парафій Беларусі.

Пасля Святой Імшы адбылася працэсія вакол касцёла з фігуркай Маці Божай Фацімскай. А ў канцы ўсе прысутныя ў знак падзякі Міласэрнаму Богу за Яго бясконцыя ласкі праспявалі гімн «Цябе, Божа, праслаўляем».

«...Я НЕ ЗАБІЛА СВАЁ ДЗІЦЯ»

Раз у тыдзень кожны легіянер абавязаны выконваць апостальскую працу: наведванне кватэр, бальніц, дамоў састарэлых і інтэрнатаў для моладзі, абортных аддзяленняў спецыялізаваных клінік і г. д. Вядома, гэта праца няпростая, але вельмі патрэбная, аб чым гаворыць наступнае сведчанне.

Вельмі часта мы не здольныя адрозніць пакаранне ад вялікай ласкі...

Мне пашанцавала. З таго самага моманту, калі я даведалася пра сваю цяжарнасць, у мяне, практычна няверуючага чалавека, аднекуль з’явілася ўпэўненасць, што гэта – падарунак звыш, і што абавязкова трэба нарадзіць. Гэтая думка сама па сабе здавалася фантастычнай і нерэальнай. У нашай сям’і ўжо было двое дзяцей: сыну – 10 гадоў, дачцэ – 6. Сярод сяброў і знаёмых мы лічыліся амаль гераічнай шматдзетнай сям’ёй, і муж быў катэгарычна супраць трэцяга дзіцяці.

Але вось што цікава: у маёй душы з’явілася цвёрдая ўпэўненасць, што пасля аборту будуць пакутаваць нашы старэйшыя дзеці, што мы іх страцім. І гэта не было гульнёй фантазіі. Гэта было адчуванне, якое з’явілася дзякуючы Камусьці нябачнаму, вельмі добраму і клапатліваму.

Адчуваць дзіця я пачала адразу, і яно зрабілася мне вельмі дарагім. Пачуццё радасці і гонару перапаўняла маё сэрца. Надзіва, многія мяне падтрымалі. Нават урач прапанавала дапамагчы пагаварыць з мужам, але ён быў няўмольны. Між тым у мяне пачаўся страшэнны таксікоз. Размаўляць з блізкімі пра нараджэнне дзіцяці ўвогуле зрабілася немагчымым, і тады я зразумела, што адна не дам рады, і пачала шчыра, з вялікім спадзяваннем прасіць дапамогі Пана нашага Езуса Хрыста, якога амаль не ведала. Я нават прасіла аб пераломе нагі, бо гэта перашкодзіла б зрабіць аборт. А потым з’явіўся сумнеў: ці правільна я раблю, калі навязваю родным сваё меркаванне? Я маліла Пана паслаць знак, што я раблю правільна. І ўсё ж я не змагла больш супраціўляцца націску асяроддзя і пайшла па накіраванне на аборт.

Калі мне рабілі флюараграфію, я ў думках развіталася з дзіцём, бо думала, што дарогі назад няма. А мне так хацелася ўсё змяніць! Напярэдадні аборту я ўсю ноч плакала, уяўляла, як маё дзіцятка – не эмбрыён, не зародак, а жывога чалавечка – будуць раздзіраць на часткі. І ўсё ж вера і надзея на цуд яшчэ цепліліся ў маёй душы. Яны не зніклі і тады, калі муж праводзіў мяне ў бальніцу. І толькі калі ён, пацалаваўшы мяне, пайшоў, унутры быццам усё абарвалася. Усё мне зрабілася абыякавым. Страціўшы веру ў Божую дапамогу, я зрабілася спакойнай і нават цынічнай: нарэшце я развітаюся з нясцерпным таксікозам, наперадзе – Новы год, і я змагу святкаваць яго, як усе людзі...

...Медсястра сабрала дакументы ў жанчын, якія прыйшлі на аборт. У гэты момант адчыніліся дзверы і ў кабінет увайшлі дзве жанчыны. Я тады падумала: вось яшчэ нейкія няшчасныя прыйшлі на аборт. Аднак... Жанчыны ветліва прывіталіся і звярнуліся да нас. Яны прапанавалі нам задумацца над тым жахлівым крокам, на які адважылася кожная з нас. Нам раздалі часопісы «Дар жизни», дзе на апошняй старонцы адлюстраваны ўсе стадыі развіцця дзіцяці. Жанчыны гаварылі пра цяжкі грэх аборта, пра веру ў Бога, пра Божую Міласэрнасць... Усім, хто хацеў, яны дарылі медалікі з выяваю Маці Божай. Я працягнула руку і таксама ўзяла медалік. Заставацца абыякавай я ўжо не магла. Мяне пачало калаціць. У галаве пульсавала думка, што гэта і ёсць той Божы знак, якога я прасіла. Намаганнем волі я прымусіла сябе устаць, на ватных нагах дайшла да прыёмнага аддзялення і забрала свой пашпарт. Потым вярнулася ў кабінет і папрасіла гэтых жанчын паехаць да майго мужа, каб паспрабаваць пераканаць яго. Усю дарогу яны маліліся за нашую сям’ю, а да мяне паступова вярталася адчуванне жыцця. Душу перапаўняла радасць і ўпэўненасць у тым, што дзіця выратавана, што яно са мною, у бяспецы. Я верыла: пасля таго, як Бог выратаваў дзіця ад смерці, а мяне – ад смяротнага грэху, Ён нас ужо не пакіне. Галоўнае – верыць Яму, навучыцца Яго любіць і лічыцца з Ягонаю воляю.

Размова з мужам была доўгаю і цяжкаю. Нас падтрымала мая мама, якая паабяцала ва ўсім дапамагаць. І муж пагадзіўся.

Неспазнаныя шляхі Пана! Гэтыя жанчыны, якія прасілі не называць іх імёнаў, былі з каталіцкага руху Легіён Марыі. Праз іх Бог выратаваў маё дзіця. Праз іх Ён прывёў мяне ў святыню. Яны пайшлі са мною ў праваслаўную царкву, дапамаглі падрыхтавацца да споведзі і ўвесь час, пакуль я спавядалася, малі-ліся за мяне. Пазней адна з іх пазнаёміла мяне з яшчэ адной дзяўчынай – Юліяй, глыбока веруючым праваслаўным чалавекам, якая стала сапраўднай хроснай маці нашай дачцэ Паліне.

Пасля нараджэння Паліны наша сям’я стала рэлігійнай. Мы з мужам узялі шлюб. І, безумоўна, лішне казаць пра тое, як мы ўсе любім маленькае сонейка, якое па-новаму асветліла наша жыццё. Дзякуй Міласэрнаму Богу за Ягоную дапамогу і за тых людзей, якіх Ён паслаў нам у цяжкую хвіліну!

Святлана Ліхалап,
г. Мінск