Сярод штодзённай мітусні, спакусаў і выпрабаванняў часам вельмі цяжка трымацца веры, Хрыста і Яго навукі. Цяжка вернікам, а што ўжо казаць пра тых, хто амаль патануў у дрыгве грахоў, у цемры. І промнем святла для іх з’яўляецца Слова, што дзейнічае праз працу ахвярных людзей і пранікае туды, дзе ў ім ёсць найбольшая патрэба.

Ажыццяўляецца гэта таксама і праз дзейнасць хрысціянскага музычнага рок-гурта «Тэзаўрус». Здавалася б, нельга спалучыць жорсткую музыку рока і хрысціянскія тэксты, але, дзякуючы Божаму Провіду і натхненню, гэта стала магчымым і ўвасобілася ў выдатным дэбютным альбоме гурта «Аднова тэзаўруса», што ствараўся ў студыі парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах. Ён — найперш для маладых, што шукаюць у жыцці свае каштоўнасці, свой духоўны скарб, свой тэзаўрус (менавіта так перакладаецца назва калектыва з грэцкай мовы).

Распачалася ж яго дзейнасць амаль сем гадоў таму пад іншай назвай — «Армагедон». Выступалі хлопцы ў сталічных клубах, на радыё. За іх плячыма ўдзел у фестывалях «Магутны Божа» ў Магілёве, «Басовішча» ў Польшчы, «BelCreation’2002». А зусім нядаўна гурт удзельнічаў у канцэрце «Генералы айчыннага року» ў якасці канкурсантаў. Вядомы ён таксама і каталіцкай моладзі па выступленнях на святах парафіі Паўночнага касцёла ў Баранавічах, а таксама па акустычным канцэрце на суполцы студэнцкай моладзі ў мінскай архікатэдры. Зазначым, што хлопцы супрацоўнічаюць з лепшым музычным журналістам Вітаўтам Мартыненкам, якому належаць пераклады ранейшых песняў гурта з рускай мовы, а таксама тэксты новых твораў. Адзін з самых меладычных і пяшчотных спеваў — «Ерусалім» — быў напісаны на словы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

алектыў імкнецца да адраджэння нашага нацыянальнага скарба — веры, культуры. Таму летась, на свята Спаслання Святога Духа, было вырашана абраць іншую назву — «Тэзаўрус», якая найбольш поўна адлюстроўвае дзейнасць і памкненні гурта. Яго спевы сапраўды змушаюць задумацца над уласным жыццём, над тымі пытаннямі, якімі прасякнуты творы «Тэзаўруса»: «Кім для мяне з’яўляецца Хрыстус і Яго навука? Якая мая вера, надзея і любоў?»

Адказаць на гэтыя пытанні, на думку ўдзельнікаў гурта, можна з дапамогай рок-музыкі, якая з’яўляецца самай «жывой», характарнай і ад пачатку прапаведніцкай. Хлопцы адразу вырашылі, што іх музыка будзе прысвечана Пану Богу. Для некаторых гэта стала сапраўды цяжкім выпрабавеннем, таму склад гурта не аднойчы змяняўся, а цяпер яны — сапраўдная хрысціянская сям’я, дзе пануюць еднасць і адзінства ў супольнай малітве, у размове з Богам. А што можа быць больш трывалым, чым вечна жывы Хрыстус, які яднае людзей сваёй любоўю?

Сёння «Тэзаўрус» складаецца з шасці чалавек: Міколы Пташнікава, Віктара Козела, Арцёма Крышчановіча, Паўлюка Сучынскага, Аляксандра Валошчыка і Зміцера Гошкі. Галоўная мэта іх жыцця заключана ў словах Езуса, скіраваных да вучняў: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсялякаму стварэнню». І самае прыемнае, як зазначаюць хлопцы, яны ніколі не заўважалі, каб нехта, пачуўшы, што будзе выступаць хрысціянскі гурт, быў не задаволены. Наадварот, усе з цікаўнасцю слухаюць песні і з задавальненем таньчаць. Здараецца, што, паслухаўшы спевы, людзі пачынаюць больш цікавіцца хрысціянствам, адчыняць свае сэрцы на неспасцігальную Таямніцу Бога. Вернікам жа іх песні дапамагаюць глыбей асэнсаваць ролю веры і Хрыста ў сваім жыцці, упэўніцца ў тым, што побач заўсёды ёсць тыя, хто з гонарам вызнае сваю веру, прыналежнасць да Хрыста. Словы са спеваў «Тэзаўруса» змушаюць і яго ўдзельнікаў кожнага дня зноў і зноў выбірацца на вузкі цярністы шлях Езуса, бо свет штодня імкнецца адвесці нас ад Бога, збочыць з Яго сцежкі.

Вельмі хочацца спадзявацца, што дзейнасць гэтага калектыва з Божай ласкі дапаможа тым заблукалым авечкам, што згубілі свайго пастыра. Для сучаснай моладзі такі шлях, на маю думку, найбошьш прымальны. І, згадзіцеся, кожнаму хрысціяніну, напэўна, прыемна чуць па радыё песні, што абвяшчаюць сусвету Божую любоў, перамогу над грахом і смерцю ў авангарднай форме экстрэмальнай музыкі, якая нагадвае, што вера, рэлігія — гэта не нешта аскетычнае, адарванае ад сённяшняга дня і даўно забытае, а сучаснае, тое, што заўсёды актуальнае, бо яно — вечнае. Хлопцы нясуць тую праўду, што Бог заўсёды жывы і існуе сярод нас, што Ён — гэта Любоў, і толькі ў Ім мы можам знайсці ўсё, чаго прагне сэрца. Таму справа, якую распачаў «Тэзаўрус», вартая нашых малітваў, нашай духоўнай падтрымкі, каб словы палымянага закліку да веры ў Бога і любові да ўсяго, што Ён даў людзям, мелі плён у сэрцах слухачоў.

І сёння, ужо пасля выхаду дэбютнага альбома, можна з упэўненасцю сказаць, што на небасхіле рок-музыкі з’явілася новая зорка, якая падобна да сваёй сяброўкі з Бэтлеема, паказвае людзям шлях да Збаўцы. Няхай жа яна свеціць на хвалу Божую яшчэ доўгі час!

Л. Д.