Роздум пасля аднаго саракагадзіннага набажэнства

Не так ужо і часта яны бываюць у нашых парафіях — саракагадзінныя набажэнствы, вялікія парафіяльныя фэсты. Цяпер мы, на жаль, і ў нашых малітвах імкнемся ісці ў нагу з жыццём. Дакладней, бегчы, бо жыццё ж нашае ўсё спяшаецца ды спяшаецца некуды. Вось і мы таксама: бяжым-спяшаемся, марна спадзеючыся не адстаць, не запазніцца, не састарэць. А таму і старадаўнія прыгожыя традыцыйныя спевы ўжо часта не ўпісваюцца ў нашыя набажэнствы, працяглыя, няспешныя малітвы таксама нібыта не з нашага тэмпу. Бяжым, бяжым, бяжым... Усё жыццё — суцэльны бег. І, здараецца, што забягаем у касцёл ды радуемся, калі ксёндз хутка маліўся, не адабраў у нас зашмат каштоўнага часу. А маладыя, бывае, любяць пакпіць са старэйшых, якія заво-дзяць «Сардэчную Маці», «З той беднай зямлі...» альбо «Salve Regina». Ды толькі аднойчы... Ах, як замрэ, а потым радасна заб’ецца ў грудзях сэрца, калі, забыўшыся раптам на рытм свайго паспешлівага жыцця, нашых похапкавых думак, гаворак, малітваў, мы патрапім ў няспешныя рытмы працяглых модлаў і спеваў, благальных літаній, урачыста спяванага Ружанца, Гадзінак аб Беззаганным Пачацці Найсвяцейшай Панны Марыі...
Гэтым летам мне пашчасціла быць на адным такім саракагадзінным набажэнстве...

Навэнна

Як вядома, навэнна — гэта дзевяцідзённая малітва да нейкага свята, малітоўная падрыхтоўка да яго. Напрыканцы ліпеня ў друйскім касцёле Святой Тройцы трывала навэнна да Маці Божай Анёльскай — вернікі рыхтаваліся да вялікага парафіяльнага фэсту, саракагадзіннага набажэнства. Разам са сваім пробашчам Вячаславам Пялінкам яны давяралі Маці Божай свае просьбы й спадзяванні, дзякавалі за пражыты пасля мінулага такога ж набажэнства год. Дзякаваць ёсць за што. Парафія за апошні час нібы набрала свежага паветра. У ёй з’явіліся новыя людзі, дакладней, яны пачалі вяртацца ў свой касцёл. Многія з іх былі даўно ахрышчаныя, але гады атэізму і асабістай абыякавасці надоўга зачынілі перад імі касцёльныя дзверы. А практыка паказвае, што не так ужо й лёгка бывае іх ізноў адчыніць. А таму ў навэнне да Маці Божай Анёльскай вернікі маліліся за хворых і нямоглых, за раўнадушных і нядобразычліўцаў, за тое, каб узрастала вера тых, для каго існаванне парафіі стала значнай, калі не галоўнай часткай іхняга асабістага жыцця.

Калі я глядзела, як маладыя жанчыны рупліва палолі кветкі на прыкасцельным пляцы ды наводзілі парадак, мне раптам падумалася, што такая праца — гэта таксама навэнна. Своеасаблівую навэнну падрыхтоўкі да свята перажывалі і вернікі з аддаленых вёсак, якія, не могучы быць штодня на набажэнстве, перадавалі, прыносілі ды прывозілі ахвяраванні на правядзенне фэсту.

«Нашыя дары прымі, о Пане...»

Падалося, што вернікі друйскай парафіі па-асабліваму шчодрыя на ахвяраванні для касцёла. Хто — грошы, хто — гародніну ды садавіну, а хто — іншыя нейкія прыпасы нясуць у кляштар. Ну, бо як жа інакш — будзе святочны абед для шаноўных гасцей, а тутэйшыя людзі заўсёды славіліся сваёй гасціннасцю. Зрэшты, тое ж самае пацвярджаў і пробашч, дзякуючы парафіянам на кожнай Імшы за прынесеныя дары. Словы падзякі за ахвяраванні прачытала я і ў парафіяльных аб’явах. І думалася тады пра тое, як гэта важна — умець дзяліцца з іншымі. Не напаказ, не тады, калі іншыя ўбачаць ды належна ацэняць тваю шчодрасць, а проста таму, што інакш немагчыма. Не менш важна і ўмець цаніць людскую шчодрасць.

Прыміце ў дом госця

На Беларусі здавён кажуць: «Госць у дом — Бог у дом». Гэтую мудрасць пробашч часта нагадвае сваім парафіянам:«Успомніце, як людна было ў вашых дамах раней, калі ў парафіі быў фэст. Запрасіце і цяпер сваякоў, сяброў, знаёмых. Тады ваша радасць зробіцца паўнейшаю, бо стол эўхарыстычны будзе мець годны працяг у вашых дамах». А таму і парадак напярэдадні фэсту парафіяне наводзілі не толькі ў касцёле, але і ў сваіх дамах, у дварах, дзе напрыканцы ліпеня так прыгожа раскашуюць мальвы, рамонкі, гартэнзіі, петуніі, ружы... Дарэчы, многія вернікі садзяць кветкі пры сваіх дамах не толькі дзеля асабістай радасці ды прыгажосці, але і для касцёла, які яны разам з сёстрамі эўхарысткамі прыбіраюць у квецень з асаблівай любоўю. Вядома, цяпер дзеля гэтага можна і купіць прыгожыя кветкі. Але ці не найпрыгажэйшыя ўсё ж тыя, якія выраслі ў кветніках вернікаў? Іх хараство пры алтары Божым з чым параўнаеш?

Святыня

Было гэта, здаецца, у першы дзень саракагадзіннага набажэнства. Айцец Вячаслаў у ружанцовых разважаннях таямніцы «Ахвяраванне Езуса ў святыні Ерузалемскай» казаў пра месца святыні ў жыцці чалавека, пашану да яе, пра тое, што вернікі здавён ахвяроўваюць у ёй Богу самае дарагое.

Калісьці ў Друі было 7 касцёлаў. Два з іх цалкам зніклі з твару зямлі. На падмурках дамініканскага касцёла Маці Божай Ружанцовай цяпер стаіць школа. Ад касцёла святога Антонія засталіся вартыя жалю парэшткі вежы, а пра касцёл святога Міхала нагадваюць руіны. Ацалелі і паўсталі з руінаў касцёл і кляштар бернардынаў, якія з 1923 года былі аддадзеныя пад апеку марыянам. Святой памяці ксёндз Антоні, аднаўляючы касцёл у 1990-х гадах, пакінуў частку сцяны пры адным бакавым алтары такой, якой яна была пасля часоў ваяўнічага атэізму. Як напамін пра разбуральную сілу зла. А можа, зрабіў ён гэта і дзеля таго, каб вернікі больш цанілі ды любілі сваю адноўленую святыню, каб заўсёды памяталі, у што яна можа ператварыцца, калі пра яе не дбаць, калі яе не любіць, як яна таго заслугоўвае.

Ці бывае малітвы зашмат?

Не раз даводзілася чуць, што саракагадзінныя набажэнствы — гэта справа мінулага і што наш імклівы час патрабуе і адпаведнага да яго падыходу. Магчыма, у нечым такая думка і мае рацыю. Але тут паўстае вельмі простае пытанне:«Ці бывае малітвы зашмат?». Упэўнена сцвердзім: «Не бывае». Вядома, калі гэта не механічная павіннасць. У друйскім касцёле на працягу трох дзён, колькі трывала саракагадзіннае набажэнства, мне чамусьці ні разу не прыйшло ў галаву, што можна было б і абысціся без штодзённага, надзвычай прыгожа спяванага Ружанца, Гадзінак аб Беззаганным Пачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, Ларэтанскай літаніі, Святой Гадзіны альбо гадзінаў ціхай адарацыі Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Вядома, не ва ўсіх набажэнствах маглі браць удзел усе парафіяне. Але, здаецца, такой задачы тут і не ставілася. Галоўнае, што ўвесь гэты час у касцёле трывала малітва, і можна было выбраць больш зручныя для кожнага гадзіны, каб правесці іх перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце. А хтосьці, прыйшоўшы ў касцёл а 10-й гадзіне раніцы, так і не меў сілы выйсці з яго на працягу трох-, чатырох-, пяці-, а то і больш гадзінаў. На свае вушы чула сумны ўздых аднае жанчыны:

— І не заўважыла, як чатыры гадзіны праляцелі. Яшчэ, здаецца, і пабыла б у касцёле, але ж час ужо даіць карову.

Пара даіць кароў

Для многіх у Друі гэта даволі складаны клопат. Я ж, заезджая жыхарка сучаснага горада, убачыла ў ім столькі прыгожага і экзатычнага, што не ўстрымалася, каб не распавесці тут пра тое, як друйскія жанчыны дояць сваіх кароў. А рэч у тым, што статак друйчанаў улетку пасвіцца на прыгожым зялёным востраве сярод Дзвіны. І дзеля таго, каб падаіць карову, трэба на лодцы плысці на востраў, знайсці там сваю Маліну, Ладу, Зорку, падаіць яе, а потым, зноў жа на лодцы, везці малако дахаты. А маліны, зоркі, вішні тым часам няспешна забрыдаюць у Дзвіну ды спакойна сабе прымаюць найлепшыя ў свеце ванны ў плыткай рачной вадзе.

Адбываецца ўсё гэта непадалёк ад касцёла. Калі б тыя, у лодках, раптам пажадалі не вяртацца хутчэй дахаты, а паплысці па Дзвіне да процілеглага берага, то адразу трапілі б у разрад парушальнікаў дзяржаўнай мяжы. Бо на процілеглым беразе — ужо Латвія. Гляджу туды і бачу, як каля бліжэйшай ад ракі хаты сушыцца на вяроўках бялізна, а воддаль пасвяцца дзве каровы. Ну што ж, беларускія каровы пасвяцца ў нейтральных водах, а латышскія тым часам паціху скубуць мурог Еўрасаюзу.

...Сяджу на высокім беразе Дзвіны, не могучы нарадавацца лагоднасцю ды ціхамірнасцю найцудоўнейшага краявіду, назіраю за працэсам даення друйскіх кароў ды раз-пораз адказваю на дабрыдзень тых кабетаў, разам з якімі мы ўжо маліліся ў іхнім высозным касцёле, чый сілуэт узвышаецца над Дзвіной ды, здаецца, паволі плыве над ёю ў нябеснай сінечы.

Начное чуванне

Яно таксама сабрала шмат вернікаў. І не толькі моладзь. І зноў быў урачыста спяваны Ружанец, пасля якога распачалася працэсія са свечкамі на прыкасцельным пляцы. Гукі літаніі да Маці Божай несліся ў начное неба, якое, здалося, затаілася ды паўстрымала вецер, нібы знарок дзеля таго, каб ніводзін язычок свечкі ў руках вернікаў не пагас.

Апоўначы на Святой Імшы касцёл зноў быў запоўнены.

І хрост, і вяселле

Не ведаю, знарок яны былі прымеркаваныя да саракагадзіннага набажэнства альбо не. Зрэшты, гэта не так і важна. Важней тое, што гэтыя два ўдзеленыя сакрамэнты былі вельмі ўрачыстыя і перажываліся ўсёй парафіяльнай супольнасцю. Вельмі гэта істотна, калі такія падзеі адбываюцца прынародна, радасна, малітоўна. Рызыкну зазначыць, што шмат губляюць у тых парафіях, дзе гэтыя сакрамэнты ўдзяляюцца без люду Божага. Бо ў добрай сям’і сапраўдную радасць умеюць перажываць па-святочнаму супольна.

Трэці дзень фэсту

На яго прыехала шмат святароў, сясцёр законніц, вернікаў з аддаленых вёсак. Святую Імшу цэлебраваў генеральны вікары Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Францішак Кісель, а прыгожае казанне сказаў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Касцёл быў перапоўнены вернікамі, якія пасля Імшы ўдзельнічалі яшчэ і ў прыгожай эўхарыстычнай працэсіі.

Дзяўчаты ў белі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, краскі з тутэйшых палёў — Езусу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, шчаслівыя твары вернікаў... Прыгожы спеў узносіцца ўвысь, у сонечнае неба. Усё вельмі прыгожа і ўрачыста. А мне раптам падумалася, што нішто не заменіць мне тых гадзінаў малітвы ў касцёле ў папярэднія два дні, калі было не так людна, можа, і не так урачыста. Але якія ж яны важныя для верніка — гадзіны перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у супольнай малітве, а таксама ў цішы, засяроджанасці, калі тваё сэрца шчасліва размаўляе з самім Богам!


Ірына Жарнасек.
Фота аўтара