Кожнае лета, выпраўляючыся са студэнтамі на дыялекталагічную практыку ў які-небудзь з рэгіёнаў Віцебскай дыяцэзіі, натраплю на адмысловыя сведчанні каталіцкай веры. Гэтым разам неспадзяванка падчэквала ў Аршанскім раёне, у вёсцы Антовіль. Вярнуўшыся з Антовіля ў інтэрнат, у якім асталяваліся на час практыкі, студэнты паказалі асобнік кніжкі сястры Тэрэзы Матэі Флёрчак «Падвойны вузел» у перакладзе Ірыны Жарнасек (Мінск, выдавецтва «Про Хрысто», 2003 год), прэзентаваную ім адным з жыхароў вёскі. Потым распавялі пра крыж, які там пабачылі, і паказалі яго ў кніжцы — з надпісам: сёстры змёртвыхпаўстанкі каля крыжа ў сучасным Антовілі на месцы дома, у якім нарадзілася іхняя заснавальніца маці Цэліна Бажэнцкая. Вышэй у кнізе — выява дома Хлюдзінскіх, дзе маці Цэліна з’явілася на свет 29 кастрычніка 1833 года. А назаўтра разам з вікарыем аршанскай парафіі а. Міхалам Цвячкоўскім мы выправіліся да памятнага месца, каб праз малітву і шчыры ўспамін аддаць даніну павагі той, якая пачынала на гэтым месцы свой жыццёвы шлях больш як 170 гадоў таму. Тут штогод увосень пад шапаценне адвечных дрэваў згадваюць пра яе чалавечы і каталіцкі подзвіг падчас супольнай Святой Імшы сёстры змёртвыхпаўстанкі з розных краінаў свету. Ля крыжа — сімвала Веры і Духу, аднаго з многіх, рассеяных, ды не ўсюды ўшанаваных яшчэ як след на абшарах маці Беларусі.

Францішак Дубраўскі.
Фота В. Шыёнка