Звычайна, кажучы пра досвед хрысціянскага (касцёльнага) жыцця, мы маем на ўвазе досвед людзей старэйшага пакалення. А як адчуваюць сябе ў касцёле людзі маладыя? Ці заўжды вера для іх – тое надзейнае апірышча, што спрыяе ў пошуках свайго месца ў жыцці, станаўленню асобы, яе разумоваму і фізічнаму ўзмацненню? Пра гэта – наша інтэрв’ю з верніцай віцебскай парафіі святога Антонія студэнткай V курса гістарычнага факультэта Віцебскага дзярж- універсітэта Інай Аўгуціс.

– Іна, сярод людзей вашага ўзросту нямала такіх, што прыйшлі да Бога зусім нядаўна, нярэдка дзякуючы выпадковаму збегу акалічнасцяў...

– Гэта не пра мяне. Я нарадзілася ў сям’і з трывалымі каталіцкімі традыцыямі, таму казаць пра нейкую выпадковасць не выпадае. У касцёл мяне прывяла ў літаральным сэнсе гэтага слова бабуля Лёня, якая жыве ў вёсцы Вялец на Глыбоччыне. У яе я праводзіла даволі шмат часу, яна і парупілася пра маё рэлігійнае выхаванне: навучыла маліцца, прыахвоціла да набажэнстваў, давяла да Першай Камуніі. Таму, калі ў 1991 годзе ў маёй роднай вёсцы Дрысвяты на Браслаўшчыне пачалі аднаўляць касцёл святых Пятра і Паўла, дарэчы, вельмі прыгожы, я ўжо была сталаю верніцай. Да поўнай рэстаўрацыі касцёла і яго асвячэння кардыналам Казімірам Свёнткам мы два гады маліліся ў капліцы, і ўвесь гэты час узорам служэння Богу і людзям для мяне і маіх равеснікаў быў цудоўны чалавек – айцец салятынец Андрэй Бочар. Ён вельмі шмат даў нам усім у справе мацавання веры.

– А потым вы паступілі вучыцца ва універсітэт. І ці знайшлі тут, у Віцебску, працяг таго, чым жылі на радзіме?

– Дзіва, але тут я зноў трапіла ў парафію, пробашчам якой аказаўся... айцец Андрэй Бочар. Яго перавялі на працу ў абласны цэнтр крыху раней. Наогул, Віцебск стаў тым месцам, дзе для мяне адбылося, так бы мовіць, унутранае адкрыццё веры і яе сутнасці, Касцёла як інстытута, дзе чалавек можа не толькі паспяхова задавальняць свае рэлігійныя патрэбы, але і дзейсна служыць іншым людзям. Штуршком да такога адкрыцця для мяне было ўступленне ў скаўцкую федэрацыю і, адпаведна, праца па арганізацыі скаўцкага руху ў Віцебску.

– У чым заключаецца гэтая праца?

– Найперш – у стварэнні і гуртаванні дружыны, правядзенні сходаў, на якія мы рэгулярна збіраемся ў капліцы пры касцёле святой Барбары. У падрыхтоўцы да пілігрымак. У арганізацыі летнікаў, у тым ліку і па-за межамі Беларусі. Дадайце сюды розныя канферэнцыі, сустрэчы...

– Немалая, сапраўды, нагрузка для студэнткі. Не цяжка спалучаць усё гэта з вучобай?

– Усяляк бывае. Бывае так, што і кінуць усё хочацца, калі пачынаеш разрывацца паміж вучобаю і касцёльнымі абавязкамі.

– І ў чым тады знаходзіце паратунак?

– Звяртаюся ў думках да прыкладу іншых людзей. Такіх, як сястра Часлава з Бешанковічаў, ці ксёндз Алег Будкевіч. Падтрымліваюць маральна айцы дамінікане Міхал Ермашкевіч і Вячаслаў Дашкевіч з катэдральнага касцёла святой Барбары. Вельмі даражу сяброўствам з калектывам хору «Гасанна», дзе ўжо не адзін год спяваю.

– Ці дае вам ваша праца што-небудзь для гарманізацыі ўласнага жыцця?

– Безумоўна. І ў першую чаргу – у плане развіцця навыкаў арганізоўваць сябе, свой час. А яшчэ – у пазнанні псіхалогіі, пашырэння круга-гляду. Асабліва шмат даюць пілігрымкі. Я ўпершыню выправілася ў Будслаў пасля другога курса, і менавіта той момант стаў для мяне пачаткам усвядомленага служэння Касцёлу.

– Вы вывучаеце ва універсітэце музейную справу і мастацтва-знаўства. Напэўна, у спецыяльнасці, якую вы абралі, ёсць кропкі судакранання з жыццём Касцёла?

– Безумоўна, ёсць. Святыні, іх аздабленне, рэлігійная тэматыка ў творах жывапісу... Я праходзіла практыку ў Музеі сучаснага мастацтва, была сведкам арганізацыі пленэра для мастакоў, вынікам якога стала выстава ў катэдральным касцёле, прымеркаваная да Дзён хрысціянскай культуры. А з навуковым супрацоўнікам музея Аленай Егалавічус мы наогул пазнаёміліся падчас пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай. Вось вам і кропкі...

– Як ставяцца да вас як да практыкуючай каталічкі іншыя студэнты?

– Напачатку – крыху насцярожана. Цяпер – добра. З дзяўчатамі, з якімі жыву ў адным пакоі ў інтэрнаце, разам ходзім на Святую Імшу. На маёй палічцы ў пакоі заўсёды стаіць фігурка Маці Божай Фацімскай, і нікому гэта не муляе вачэй, ніхто з гэтага не кпіць.

– А хвілінаў сумневу ў вас не бывае? Калі бываюць, то як вы іх пераадольваеце?

– Скажу так: бывалі. І мне ў такіх сітуацыях вельмі дапамагае ружанцовая малітва. Як правіла, сумнеў з’яўляецца тады, калі пачынаеш атаясамліваць веру з постаццю канкрэтнага чалавека, напрыклад, святара ці законнай сястры. А гэта ж – не што іншае як стварэнне куміра. У веры, наадварот, усё павінна грунтавацца на вобразе Бога. Касцёльным жыццём кіруюць людзі, якія могуць памыляцца, і гэта нармальна. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Кожны чалавек можа памыліцца, але ж на тое і існуе вера, каб вучыцца прабачаць і прасіць прабачэння, калі памыліўся сам. Як бы ні было, што б ні здарылася, я ведаю: касцёл – тое месца, дзе мяне заўжды прымуць. Гэта храм маёй душы, храм, дзе я працую над сабой, і, спадзяюся, так будзе заўсёды.

Гутарыў Ф. Дубраўскі