Тураў – гарадскі пасёлак у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці з насельніцтвам каля 3,5 тысяч чалавек. Сёння Тураў зусім непрыкметны, але ён багаты сваёй гісторыяй, вытокі якой хаваюцца ў далёкім X стагоддзі. Гэты горад на беразе Прыпяці – былы цэнтр княства, духоўная сталіца нашай зямлі.

Існуе паданне, што хрысціянства прыйшло ў Тураў яшчэ раней, чым у Кіеў. Варажскі князь Тур заснаваў тут паселішча, якое сталі называць паводле яго імя. Ён жа, згодна са старажытнай легендай, хрысціў мясцовы люд у Прыпяці.

Па іншым паданні, тураўцаў ахрысціла жонка князя Ігара, вялікая княжна Вольга (Алена), што прыняла хрост у 957 годзе ў Царгорадзе. Пра гэта распавядае мясцовая народная песня «О прыйшла да нас Божа княжна Вольга...». Вольга была хрысціянкаю, магчыма, лацінскага абраду, бо ў 959 годзе звярталася да германскага караля Атона І з просьбаю высвяціць для яе народа біскупа і святароў.

Першы гістарычна вядомы князь Тураўскага княства Святаполк, сын кіеўскага вялікага князя Уладзіміра, заняў тураўскі пасад у 988 годзе. Дзесьці ў 1008–1013 гг. Святаполк Уладзіміравіч ажаніўся з дачкою польскага караля Баляслава Храбрага. Разам з жонкаю Святаполка ў Тураў прыехаў і яе духоўнік, калабжэгскі біскуп Рэйнберн, пры якім у Тураве было створана біскупства заходняй арыентацыі.

ХІ–ХІІІ стагоддзі – час росквіту Турава. Паводле гістарычных хронік, у горадзе існавала 75 хрысціянскіх святыняў.

З асяроддзя заможных адукаваных гараджанаў выйшаў тураўскі асветнік Кірыл, вядомы хрысціянскаму свету як святы Кірыла Тураўскі. Ужо сучаснікі называлі яго Залатасловам.

Вядома, што па дасягненні паўналецця Кірыла паступіў у адзін з тураўскіх кляштараў (святога Мікалая) і неўзабаве стаў яго парафіяльным святаром. Здольны да кніжнай справы, у гэты час ён пісаў малітвы і творы пра манаства. У 1148 г. ён зачыніўся ў кляштарнай вежы («стаўпе») дзеля малітвы ў затворніцтве.

Праз некаторы час тураўскія месцічы і князь Юрый запрасілі Кірылу на біскупскую катэдру. У гэты перыяд ён напісаў шэраг пропаведзяў на святы Велікоднага і Пяцідзесятніцкага цыклаў, а таксама іншыя казанні на хрысціянска-этычныя тэмы, асуджаючы паганства. У канцы 1160-х гадоў Кірыла выступіў супраць арыянства, напісаў прыпавесць «Пра душу і цела» і іншыя творы.

На схіле веку Кірыла пакінуў біскупскую катэдру і пайшоў у Барысаглебскі кляштар, дзе працягваў літаратурную дзейнасць. Памёр ён пасля 1184 года.

Хаця пра тураўскага Залатаслова нам вядома няшмат, але затое да нас дайшла амаль неверагодная для аўтара ХІІ стагоддзя колькасць ягоных твораў – пропаведзяў, прыпавесцяў, малітваў, павучанняў, канонаў, адметных узнёсласцю, багатай паэтычнай вобразнасцю. Творы вялікага гуманіста старажытнасці святога Кірылы Тураўскага сведчаць усяму свету пра глыбіню каранёў хрысціянскае культуры Беларусі.

У тыя часы Тураў даў яшчэ двух святых – Лаўрэна і Марціна. Паданні распавядаюць, што менавіта ў Тураве князь Святаполк Акаянны ў 1015 годзе забіў сваіх братоў Барыса і Глеба. На гэтым месцы сёння знаходзяцца могілкі, якія называюцца Барысаглебскімі.

У XII ст. жонка Святаполка II Ізяслававіча Варвара заснавала першы на Беларусі жаночы (Варварын) кляштар. У той жа час дзейнічаў Барысаглебскі мужчынскі кляштар. На Замкавай гары быў пабудаваны велічны мураваны сабор, побач з якім да 1830 года ўзвышалася вежа (падобная да славутай Камянецкай).

Прыгожы і велічны горад Тураў зруйнавалі на Божае Нараджэнне ў 1241 годзе мангола-татары, якія забілі ўсіх «ад мала да вяліка», у тым ліку біскупа, святароў і законнікаў, знішчылі ўсе хрысціянскія святыні, кляштары. Тураў заняпаў, біскупства было перанесена ў Пінск.

Пра высокую культуру Тураўскага княства сведчаць археалагічныя даследаванні, многія з якіх пацвяр-джаюць існаванне тураўскай школы мастацтва. У 1865 г. было знойдзена Тураўскае Евангелле – старажытны рукапісны помнік ХІ стагоддзя. Гэта самая ранняя (з тых, што захаваліся) кніга, створаная на беларускіх землях. Багата ілюстраванае Тураўскае Евангелле сёння захоўваецца ў Вільні, там жа знаходзіцца другое Тураўскае Евангелле з сярэдзіны XVI ст., спісак з вельмі старога арыгіналу.

Аб першых часах хрысціянства на Беларусі дагэтуль сведчаць славутыя тураўскія каменныя крыжы. Яны вялізныя, простай формы, даўжынёю больш за 2 метры. Крыжоў было больш за 10. Стаялі яны ў Тураве, навакольных вёсках Верасніца, Пагост, Перароў, Хлупін, Старажоўцы і інш. Паводле легенды, каменныя крыжы прыплылі з Кіева, па Дняпры і Прыпяці, супраць іх цячэння, каб засцерагаць тураўцаў ад бедаў і хваробаў. На свята Узвышэння Крыжа ля тураўскіх крыжоў збіраліся ўсе палешукі, бо крыжы лічыліся ў народзе лекавымі. Сёння тры каменныя крыжы знаходзяцца ў Гомельскім абласным краязнаўчым музеі, а два – у тураўскай праваслаўнай царкве.

Асобна трэба сказаць пра каталіцкія традыцыі тураўскай зямлі. Як ужо згадвалася вышэй, яшчэ ў ХІ ст. пры біскупе Рэйнберну ў Тураве было створана каталіцкае біскупства. Гістарычныя хронікі распавядаюць, што вялікі князь Вітаўт у 1414 г. фундаваў узвядзенне каталіцкага касцёла у Тураве. Папа Пій ІІ у сваёй буле за 1458 год згадваў Тураўскую дыяцэзію як падуладную Рыму.

У 1596–1795 гг. існавала Тураўская уніяцкая (грэка-каталіцкая) дыяцэзія. Вядома, што ў 1772 годзе ў ёй налічвалася 20 дэканатаў.

Па гэтым куточку Палесся хадзіў і прапаведаваў святы Андрэй Баболя, пакутніцкая кроў якога была зернем, кінутым у глебу гэтага краю дзеля захавання праўдзівай веры ў Хрыстовым Касцёле.

Сёння ў Тураве няма рыма-каталіцкай парафіі, але ў Жыткавіцкім раёне жыве шмат католікаў. Вядома, што на пачатку ХХ ст. у Жыткавічах існавала рыма-каталіцкая парафія пад тытулам св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Парафія для набажэнстваў выкарыстоўвала невялікую капліцу. Драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1935 г. у цэнтры мястэчка. Урачыстае асвячэнне святыні правёў біскуп Казімір Букраба 30 чэрвеня 1936 года. Але, на жаль, будынак не захаваўся. Парафія ў Жыткавічах налічвала ў 1939 годзе каля 250 вернікаў.

Рэлігійнае жыццё ў раёне пачало адраджацца ў 1990-я гады, калі сюды сталі прыязджаць святары з суседніх раёнаў. Была створана парафія св. Юзафа Рамесніка. З 2000 г. вядзецца будаўніцтва новага касцёла.

Сапраўды, хрысціянскія традыцыі гэтага краю паходзяць з сівой даўніны Тураўскага княства. Горад па праву можа звацца калыскай хрысціянства на Беларусі. Дзякуй Богу, што сёння на гэтай старажытнай зямлі адраджаецца Хрыстовы Касцёл, духоўныя каштоўнасці Бацькаўшчыны і традыцыі нашых продкаў.

Руслан Гародка