Ксёндз Юзаф Дзеконьскі нарадзіўся ў 1948 г. у Польшчы.

У 1973 г. закончыў Варшаўскі універсітэт, атрымаў ступень магістра матэматыкі. Займаўся навукаю, працаваў у галіне фармальнай логікі. У 1981 г. паступіў у духоўную семінарыю, якую закончыў ў 1986 г., і ў тым жа годзе атрымаў святарскае пасвячэнне. Працаваў у Балімове і Брвінове, а ў 1990 г. прыехаў на Беларусь. Працуе ў Мазыры пробашчам касцёла св. Міхала Арханёла, аказвае душпастырскую паслугу ў іншых парафіях на Палессі.

Шмат гадоў ксёндз Юзаф піша вершы па-польску і па-беларуску. У 2000 г. выдаў зборнік чарнобыльскіх твораў «Любоў не ведае адступлення».

Вядомы польскі паэт і святар кс. Ян Твардоўскі напісаў у прадмове да гэтага зборніка: «Вершы кс. Дзеконьскага з’яўляюцца не толькі крыніцаю пачуццяў, але й выконваюць таксама вялікую місійную ролю».

Прапануем увазе чытачоў нашага часопіса некаторыя вершы кс. Юзафа ў перакладзе Ірыны Багдановіч.

Рэд.

Любоў

Уваходзіць праз вокны,
Уваходзіць праз дзверы
З залатымі дарамі,
Што на вагах не змераць.
Роспач ёй не сяброўка
І не брат страх лядачы,
Ўсіх умее паслухаць,
Ўсім умее прабачыць.
Самалюбцаў не песціць,
Не бярэ анічога,
Дбае толькі аб вечным
Шляху ў светлы дом Бога.
Ў ёй палае заўсёды
Зніч цярпення і згоды.


Пілігрым

Ані солі, ні хлеба
Ў каліту браць не мушу,
А малітву-ялмужну,
Каб мой шлях не зглуміўся
Між зямлёю і небам.

Падзяка

Прыйшоў крумкач

сягоння па даніну,
Сваяк нібы ў забытую хаціну.
Калі ж узяў з рукі кавалак хлеба,
Убачыў я ў вачах падзяку небу.

Святы Францішак

Святы Францішку,

хворыя сястрыцы
Твае: вада, паветра,
чалавек, зямліца.
І толькі смерць –
сястрыца майго цела –
Найлепшы час
у тым стагоддзі мела.

Да Маці Божай Юравіцкай –
Пані Палесся

Прыйдзі да нас, Пані,

дзетак чарнобыльскіх Маці,
Пабач, як матулям выпала
тут гараваці,
Дай, каб здаровымі
выйшлі ў жыццё нашы дзеці,
Воблік Твой ясны
няхай нашы сэрцы асвеціць.

Люблю
Кс. Яну Твардоўскаму

Люблю, як ластаўка

віе сабе гняздзечка,
І калядоўшчыкаў прыход
люблю сардэчна,
І з ясляў Ірада са штучнай барадою,
І ціхі верасень, і «ліпень над вадою».

Любіў я тое ўсё,
што Бог для нас прызначыў,
Каб услаўлялі Ўсестварыцеля
мы ўдзячна.
Цяпер люблю палі
ўсеўладнай радыяцыі,
Лічы, што я вар’ят,
дый не шукай тут рацыі.

Ласкава

Праз мораў шыр, праз гор снягі,
Праз дождж і тоўшчу льдзін,
Праз ночы змрочнай берагі,
Святло Зары, прыйдзі!

Вярні яскравасць шэрым дням,
І дай нам бляск твой піць,
Цяплом напоўні сэрцы нам,
Каб гнеў у іх спаліць.

Праз бэзу крыжыкі, слязу
Канвалій, церне руж,
Да нас праз дольную расу,
Святая Маці, руш!

Вярні яскравасць шэрым дням,
І дай нам бляск Твой піць,
Цяплом напоўні сэрцы нам,
Каб гнеў ушчэнт спаліць.

Ці можна спальваць лісце?
Аляксандры Іваноўскай

Мне дні, як спеў засохлых лісцяў,
З іх кожны пышным быў калісьці.
Таго ўжо не разгледзець вокам,
Не зведаць сэрцам так глыбока.

Шчаслівы

Калісьці певень кожнаму спявае:
Шчаслівы той, хто слёзы пралівае.

Пераклад з польскай мовы
Ірыны Багдановіч