Пахвалёны Езус Хрыстус! Шаноўная рэдакцыя часопіса «Ave Maria», пішуць вам дзеці і моладзь вілейскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Мы хочам распавесці пра нашы летнія канікулы, якія правялі разам з Панам Богам.

Першым этапам быў адпачынак на возеры Нарач. Менавіта там мы маглі праслаўляць Пана Бога разам са сваім пробашчам ксяндзом Аляксандрам Барылам. Кожны дзень мы мелі Святую Імшу, маліліся Ружанец і проста адпачывалі. Але чатыры дні лагера мінулі вельмі хутка. Мы не хацелі пакідаць гэтыя мясціны, ды трэба было набрацца новых сіл, бо наперадзе нас чакала пілігрымка да Маці Божай Будслаўскай.

Гэта была першая незалежная пілігрымка менавіта нашай парафіі. У пілігрымцы прымалі ўдзел каля 60 вернікаў. Мы начавалі ў палатках і гатавалі ежу на вогнішчы. Маршрут нашага шляху пралягаў праз найпрыгажэйшыя мясціны. У глыбокай малітве і рэлігійных спевах мы звярталіся да Апякункі Беларусі. На трэці дзень мы дасягнулі мэты нашай вандроўкі і склалі да ног Марыі свае інтэнцыі.

Адразу праз некалькі дзён пасля пілігрымкі група з 15 чалавек вылецела на адпачынак у Альпійскія горы Італіі. Нам было цяжка ўявіць сябе без ведання мовы ў чужой краіне, але для Бога няма нічога немагчымага, і хутка размовы распачаліся на мове любові. Лагер быў звязаны з Богам: у нядзелю адбывалася агульная з італьянскімі дзецьмі Святая Імша, а кожны дзень яшчэ маліліся ў сваёй групе на беларускай мове. У Італіі дзеці наведвалі святыні, ездзілі на экскурсіі і шмат хадзілі па гарах і каля горных азёр. Найбольш уразіла наведванне Падуі, дзе знаходзіцца святыня Сан-Антонія. Кожны вечар у Італіі мы маліліся да Маці Божай Будслаўскай аб заступніцтве за Беларусь. У гэтым не перашкаджалі сотні кіламетраў, якія аддзялялі нас ад Бацькаўшчыны.

Мы завяршылі свой летні адпачынак з Богам рэкалекцыямі ў Баранавічах, у сясцёр ад Анёлаў. Там праз канферэнцыі, штодзённую Эўхарыстыю, сакрамэнт споведзі мы стараліся наблізіцца да Бога.

За ўсе летнія канікулы, за магчымасць духоўнага развіцця дзякуем Пану Богу, а таксама дзякуем за тое, што даў нам такога святара, як наш ксёндз-пробашч Аляксандр Барыла, і сясцёр ад Анёлаў, якія ахвярна працуюць ужо год у нашай парафіі.

Дзеці і моладзь вілейскай парафіі