Здаўна гісторыя і культура беларускага ды польскага краю крочылі побач. Шмат асобаў яднаюць між сабой гэтыя два народы непарушнай сувяззю. Вялікая колькасць нашых суайчыннікаў знайшла прытулак на абшарах Польшчы, нямала і палякаў абсталявалася ў Беларусі. І каб захаваць свае карані, сваю сувязь з Бацькаўшчынай, яе духоўным скарбам, людзі імкнуцца трымацца адзін аднаго, разам захоўваючы спадчыну продкаў.

Яскравым доказам такой дзейнасці з’яўляецца хор «Чырвоныя макі», вядомы найперш католікам Мінска па ўдзелу ў набажэнствах у Чырвоным і ў Архікатэдральным касцёлах. Але дзейнасць хора распаўсюджваецца і ў іншых гарадах нашай краіны, і за яе межамі. Так, напрыклад, хор выступаў у Кракаве, Роўна. Адным з самых паспяховых можна лічыць яго выступленне ў мінулым годзе на міжнародным фестывалі духоўнай песні «Јapski Te Deum» у польскім горадзе Лапы, дзе калектыў стаў лаўрэатам ды пераможцам у намінацыі «Лепшы замежны калектыў». А ў гэтым годзе гадавіна стварэння хору супала з юбілеем яго заснавальніка, кіраўніка і дырыжора Пархейчук Рэгіны Казіміраўны. З самымі цёплымі віншаваннямі і пажаданнямі Божай ласкі, шчасця і поспехаў я выправілася на рэпетыцыю хора ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску.

— Рэгіна Казіміраўна, раскажыце, калі ласка, як пачынаў стварацца Ваш калектыў?

— Было гэта 8 гадоў таму. Хор ствараўся з аднадумцаў, якія мелі польскія карані і імкнуліся захаваць традыцыі сваіх продкаў. Пачыналася ўсё са святаў, якія мы спраўлялі разам. А якое ж свята без добрых спеваў! Так, спяваючы песні нашых продкаў, паступова вырашылі стварыць хор, а здарылася гэта на Свята Божага Нараджэння. Адно з першых выступленняў адбылося 17 мая 1997 года на фестывалі нацыянальных культур, дзе мы атрымалі цудоўны прыз — ляльку, маленькае дзіця. І гэта было вельмі сімвалічна, бо тады мы толькі станавіліся на ногі і рабілі свае першыя крокі.

— Чаму ж Вы абралі менавіта такую назву — «Чырвоныя макі»?

— Сёлета спаўняецца 60 гадоў з дня бітвы на Монтэ-Касіно. Яна была вельмі жорсткая, і пасля яе поле, дзе адбываліся падзеі, было ўсё чырвонае ад крыві. Існуе легенда, быццам за ноч ад яе на полі зацвілі прыгожыя чырвоныя макі. Потым узнікла і песня, дзе распавядаецца пра гэтую бітву. Спеў быў адным з першых у нашым рэпертуары і вельмі падабаўся ўсім яго выканаўцам, таму і назва для калектыва была абрана адпаведная.

— Які склад Вашага хору на сённяшні дзень?

— Вельмі разнастайны. У ім сабраны людзі розных прафесій і розных узростаў: лекары, настаўнікі, выхавацелі, прадзеды і праўнукі. І гэта — цудоўна. Атрымліваецца, што калектыў — своеасаблівы сродак аб’яднання розных, на першы погляд, людзей, якія маюць аднолькавае захапленне музыкай і спевамі. Хор дапамагае выхоўваць і моладзь у пашане да мовы і звычаяў сваіх продкаў.

— Рэгіна Казіміраўна, раскажыце, калі ласка, трошкі пра рэпертуар Вашага хору.

— Наш калектыў выконвае і рэлігійныя, і народныя спевы, а таксама творы сучасных польскіх кампазітараў. Увогуле ж мы намагаемся захаваць у сваёй дзейнасці большую частку музычнай спадчыны Польшчы. Наш хор — аматарскі, але яго ўдзельнікі спяваюць найперш сэрцам, душою. А тое, што выконваецца з любоўю, з нейкай тугой па роднай мове і песнях сваіх бацькоў, нараджае і адпаведныя пачуцці ў слухачоў. Такім чынам, рэпертуар хору — гэта найперш частка душы кожнага з яго ўдзельнікаў, а таксама музычнай культуры Польшчы на абшарах Беларусі.

— Раскажыце, калі ласка, пра выступленні ў нашай краіне і за яе межамі. Як Вас прымаюць айчынныя і замежныя слухачы?

— Прыём заўсёды вельмі гарачы. Такія песні, як, напрыклад, «Polskie kwiaty» ці «Kraj rodzinny», кранаюць і выканаўцаў, і слухачоў, і вельмі прыемна бачыць, што песня пранікае ў самыя патаемныя глыбіні чалавечага сэрца, прымушаючы яго плакаць ці смяяцца. Увогуле ўсе ставяцца да нашага хору з вялікай павагай, таму што мы імкнемся сваёй дзейнасцю захаваць і перадаць нашчадкам бясцэнны скарб мовы і культуры, які знаходзіць адно з сваіх увасабленняў у спеве.

— Дарэчы, а як Вы спраўляеце ў сваім коле святы: можа, ладзіце нейкія вечарыны, імпрэзы?

— Усе святы мы спрабуем адзначаць разам, але найбольш запамінаюцца заўсёды Каляды. У гэтыя зімовыя дні мы збіраемся за горадам, пераапранаемся ў традыцыйных герояў свята і ладзім розныя сцэнічныя нумары. Мы імкнемся перадаць дух ранейшага часу, калі нашы продкі таксама збіраліся ў такія дні разам, спявалі тыя ж песні і складалі адзін аднаму падобныя да нашых пажаданні шчасця, любові і дабрабыту. Менавіта праз такія звычаі і падтрымліваецца гістарычная сувязь пакаленняў, што не дае народу страціць сваё адметнае аблічча.

— Рэгіна Казіміраўна, а чым для Вас з’яўляецца хор? Якое месца займае ён у Вашым жыцці?

— Для мяне калектыў — гэта другая сям’я. Я адчуваю сябе быццам маці, якая гадуе сваё дзіця, якая павінна дбаць і клапаціцца пра яго, адказваць за яго развіццё. Таму я ніколі не шкадую ўласнага часу і сілаў, каб развіваць і ўдасканальваць дзейнасць хору, ісці далей па творчым шляху, бо ведаю, што гэта мой абавязак, які прыносіць мне, зрэшты, толькі асалоду.

— А якія мары, надзеі Вы ўскладаеце на будучыню?

— Найвялікшая мара — наведаць Монтэ Касіно і праспяваць на той зямлі, адкуль бярэ гісторыю наша назва. Таксама, як заўсёды, збіраемся прыняць удзел у розных музычных фестывалях на Беларусі і ў Польшчы.

— Дзякуй Вам вялікі, Рэгіна Казіміраўна, за цікавую размову і поспехаў Вам у Вашай цудоўнай працы.

Гутарыла
Ларыса Дарашэнка